За першы тыдзень красавіка 2023 года санітарнай службай Магілёўскай вобласці былі абследаваны 32 гандлёвыя аб’екты – “Еўраопт”, “Тройка”, “Ноеў каўчэг” і іншыя. І на ўсіх выяўлены парушэнні – інфармуе абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У 28 выпадках рэалізоўвалася прадукцыя ўласнай вытворчасці з пратэрміноўкай, з недакладнасцямі маркіроўкі, без адпаведных дакументаў.
Выяўлены факты рэалізацыі больш як 50 найменняў прадукцыі з маркіроўкай, якая ўводзіць пакупнікоў у зман – кулінарныя мясныя, рыбныя, агароднінныя, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы.
Устаноўлена, што нярэдка ў свежапрыгатаваную прадукцыю дадаецца старая, заляжалая сыравіна, старая прадукцыя маркіруецца як свежая. Напрыклад, падчас адной з праверак, што праходзіла ў 13.00, была выяўлена «курачка-грыль» з часам вырабу 18.00 гэтага ж дня – такая сабе курачка «з будучыні».
Ёсць і парушэнні тэмпературных рэжымаў захоўвання прадукцыі – у выніку ў адным з магазінаў аднамомантна была забаронена рэалізацыя 14 найменняў розных кандытарскіх вырабаў.
Толькі за першы тыдзень красавіка спецыялістамі санітарнай службы забаронена рэалізацыя больш як 270 кг прадукцыі ўласнай вытворчасці гандлёвых сетак.
Фота з адкрытых крыніц.