Новы інфекцыйны корпус у Магілёве ніяк не адкрыюць з-за санкцый?

Новы інфекцыйны корпус у Магілёве ніяк не адкрыюць з-за санкцый?

Інфекцыйная лякарня ў Магілёве даўно і цалкам пераехала ў новы корпус. Цяпер гэта адно з падраздзяленняў Магілёўскай бальніцы №1 (больш вядомай як Лаўсанаўская). Новы корпус ужо даўно прымае пацыентаў і працуе ў звычайным рэжыме. 

Аднак урачыстай цырымоніі адкрыцця корпуса так і не адбылося. Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што гэта звязана з санкцыямі. Увесці новы корпус у эксплуатацыю планавалася яшчэ ў 2021 годзе. Аднак з-за абмежаванняў на пастаўкі ў Беларусь сучаснага медыцынскага абсталявання, адкрыццё новага корпуса прыйшлося надоўга адкладаць. Mogilev.media паведамлялі, што яшчэ ў жніўні мінулага года называліся толькі арыенціровачныя тэрміны завяршэння будаўніцтва, а на пашпарце аб’екта адсутнічала інфармацыя пра час завяршэння будаўнічых работ.

Цяпер жа, як паведамляюць крыніцы ў медыцынскай установе, новае медыцынскае абсталяванне удалося набыць праз пасярэднікаў у Казахстане. Гэта дазволіла пачаць прыём пацыентаў. Што праўда, людзі, якія трапілі ў новую лякарню, скардзяцца на тыя самыя праблемы, што былі і ў старой – амаль немагчымая для ўжывання ежа, абыякавасць персанала.

Чакаецца, што новы корпус інфекцыйнай бальніцы неўзабаве афіцыйна адкрыюць, у маі месяцы. Для ўдзелу ў цырымоніі чакаецца прыезд аднаго чыноўніка з Мінска.

Фота: mogilev.media