меліяраваныя землі

На Магілёўшчыне знайшлі амаль 3 000 гектар занядбаных меліараваных земляў

Звыш 2,8 тыс.га невыкарыстоўваемых меліараваных земляў выявілі пракуроры ў Магілёўскай вобласці.

Паводле Генеральнай пракуратуры, такія занядбаныя пасля меліярацыі землі ёсць практычна ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны. Там расце пустазельная і драўняна-хмызняковай расліннасць і расліны інвазіўных відаў.

Зямельныя ўчасткі плошчай 593 га, якія больш двух гадоў не ўключаліся ў сельскагаспадарчы абарот, пракуроры знайшлі ў Горацкім, Глускім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім раёнах.

Да прыкладу, пры праверцы ворных зямель ААТ “Агракамбінат “Усход” Магілёўскага раёна, аказалася, што на 96,8 га расце пустазелле, пры тым што ў 2022 годзе на гэтай плошчы за кошт звыш 143 тыс.рублёў бюджэтных сродкаў была праведзена меліярацыя.

Пракуроры таксама абвінавацілі кіраўніцтва шэрагу раёнаў у неналежным кантролі за выкарыстаннем і аховай меліяраваных зямель. Напрыклад, у Глускім, Кіраўскім і Слаўгарадскім райвыканкамы не абследавалі меліяраваныя зямлі. А ў Горацкім, Дрыбінскім і Касцюковіцкім раёнах пракуроры знайшлі невыкарыстоўваемыя землі пасля праведзенай на іх меліярацыі.

Па выніках праверкі ўнесена 12 прадстаўленняў у райвыканкамы і Магілёўскі аблвыканкам, вынесена сем прадпісанняў кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання. 

Фотаздымак: novgazeta.by

← Усе навіны Магілёва