Магілёвец Сяргей Шаўчэнка лічыць, што мясцовыя чыноўнікі не звяртаюць увагі на паведамленні аб карупцыйных злоўжываннях.
Сваю гісторыю мужчына паведаміў тэлеграм-каналу “Вячэрні Магілёў”. “Некалькі гадоў таму асабіста накіроўваў інфармацыю ў мясцовую адміністрацыю аб тым, што ў нашым таварыстве створаныя ўмовы для крадзяжу, і які вынік урэшце? Старшыня здзяйсняе крадзёж сродкаў капрамонту не толькі нашага дома, але і яшчэ сямі такіх жа на агульную суму 360 тыс. рублёў”, – сцвярджае Сяргей Шаўчэнка.
Ён задаецца пытаннем, аб якой прафілактыцы фактаў карупцыі можна весці гаворку, “калі прамым тэкстам напісаў, папярэдзіў і пакуль грамадскія грошы ён не выкраў, ніхто і пальцам не павёў”.
“Так што пытанні прафілактыкі ў галіне барацьбы з карупцыяй пакуль працуюць у нас слаба, ад таго і вынік такі ж”, – падсумоўвае магілёвец.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
