Лічба дня. У Клімавічах на кірмаш вакансіяў прыйшло 10 чалавек

Дваіх працадаўца запрасіў на сумоўе, яшчэ двое пагадзіліся паехаць на навучальныя курсы.

Апошні кірмаш вакансіяў, пра які напісала мясцовая газета «Родная ніва» праходзіў 9 чэрвеня на прадпрыемстве «Камунальнік». Паводле выдання па працаўладкаванне звярнуліся 10 чалавек.

Клімавічы, райцэнтр на ўсходзе Магілёўшчыны. Да Магілёва 140 кіламетраў. Да беларуска-расійскай мяжы напрасткі пад тры дзясяткі.

Да пандэміі шмат мясцовых жыхароў выязджала ў суседнюю краіны ў заробкі. У прыватных гутарках жыхары раёну адзначалі: каб не Расія не ведалі б, што рабіць. Па іхных словах і наведваюцца туды дагэтуль, але зарабіць, як раней не ўдаецца.

Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці ў 2020 годзе (свяжэйшых звестак адшукаць не ўдалося) узровень беспрацоўя ў раёне 0,3 працэнты ад колькасці працаздольнага насельніцтва. Ад 2007-га колькасць беспрацоўных на Клімавіччыне няўхільна змяншалася. Пятнаццаць гадоў таму яна складала 1,4 працэнты.

Насельніцтва раёну ў 2019 годзе складае амаль 24 тысячы чалавек. Годам раней колькасць працаздольнага насельніцтва сягала 54,9 працэнты.

Адшукаць больш менш дакладныя дадзеныя па існуючых у раёне вакансіях не ўдалося. На сайце, які падаецца, як электронны цэнтр насельніцтва Клімавічаў нямала прадпрыемстваў, арганізацыяў і прадпрымальнікаў, якія чакаюць работнікаў. Беглы аналіз заробкаў паказаў, што іхны памер ад 300 рублёў да 1300 і вышэй.