Экс-міністра асудзілі на 7,5 гадоў

Экс-міністра асудзілі на 7,5 гадоў, ён раней узначальваў Бабруйскі лясгас

Віталь Дрожжа быў асуджаны сёння за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.

Як паведамляе БелТА, былы міністр лясной гаспадаркі Беларусі Віталь Дрожжа прыгавораны да 7 гадоў 6 месяцаў калоніі за атрыманне хабару. Адначасова да яго прымянілі амністыю, скараціўшы тэрмін перабывання ў калоніі на адзін год.

Грошы ў якасці хабару на той момант міністру перадаваў заснавальнік і дырэктар замежнай камерцыйнай арганізацыі за “спрыяльнае вырашэнне пытанняў”. Суму хабару хабарадаўца вызначыў самастойна, а Дрожжа, як вынікае з абвінавачання, з іх памерам пагадзіўся. Хабары перадаваліся з кастрычніка 2020-га па красавік 2022 года.

Як адзначаецца ў абвінавачанні, Дрожжа даваў указанне падпарадкаваным работнікам міністэрства – лясгасам – закупаць сушыльныя комплексы для сушкі пілапрадукцыі выключна на ўмовах растэрміноўкі. Пры гэтым ён ведаў, што адзінай арганізацыяй на тэрыторыі Беларусі, якая іх пастаўляла на такіх умовах, была замежная кампанія хабарадаўцы.

Міністрам лясной гаспадаркі Дрожжа стаў у 2018 годзе. Да гэтага з 2013 года ён кіраваў Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры”. А яшчэ раней – з 2008 года працаваў дырэктарам Бабруйскага лясгаса. У 2014-2018 гадах быў дэпутатам Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання.

Фота: БелТА