Як Мікалаеў выстаяў і стаў горадам-героем

Як Мікалаеў выстаяў і стаў горадам-героем

Узгадваем храналогію падзей абароны – да гадавіны расійскай агрэсіі

Апошні фарпост, горад непакорных, крэпасць поўдня – менавіта так міжнародная супольнасць, вайсковыя эксперты і палітыкі называлі Мікалаеў у першыя тыдні ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны. Расійцы намагаліся штурмаваць горад 5 разоў: высадкі дэсанту, спробы прарыву з розных бакоў ды нават частковая блакада не дапамаглі акупантам адолець абарону Мікалаева – піша suspilne.media. 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

24 лютага 2022 года. Першы дзень агрэсіі. Першыя выбухі ў Мікалаеве прагучалі а 5.00. Расійская авіяцыя нанесла ўдары па вайсковай інфраструктуры.

25 лютага байцамі тэрытарыяльнай абароны, праваахоўнікамі і грамадзянамі ў горадзе абясшкоджаны першыя расійскія дыверсійна-выведачныя групы. Мікалаеў быў тройчы абстраляны. Мікалаеўцы пачынаюць выязджаць у больш бяспечныя месцы.

26 лютага – Мікалаеў рыхтуецца да кругавой абароны горада: на горад ідуць 12 танкаў, калона тэхнікі акупантаў.

27 лютага расійскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па міжнародным аэрапорце.

28 лютага Сілы абароны Украіны пад Мікалаевым знішчылі калону ваеннай тэхнікі расіян. Звычайныя мікалаеўцы рыхтуюцца сустракаць ворага: да перакрыжавання сцягваюць аўтамабільныя шыны, гатуюць “кактэйлі Молатава”, ставяць супрацьтанкавыя “вожыкі”, будуюць умацаванні.

2 сакавіка адбылася першая сур’ёзная спроба расійскіх войск узяць штурмам Мікалаеў. Атака адбіта. Захоплены расійскія палонныя.

Палонныя рускія дэсантнікі
Палонныя рускія дэсантнікі

4 сакавіка а 10:30 акупанты прарваліся на тэрыторыю аэрадрома ў мікрараёне Кульбакіна. Ваенныя і апалчэнцы кідаліся ў бой са словамі: “Гэта наш горад, мы яго не здадзім, зараз ім насыпем!” і адкінулі ворага. Паўторная атака расійцаў захлынулася  ў крыві.

У гэты дзень расійцы мелі магчымасць узяць Мікалаеў, але мікалаеўцы адстаялі свой горад, перахапілі ініцыятыву ў баі.

5-6 сакавіка былі адбіты чарговыя атакі на горад. Частку расійскай тэхнікі знішчылі, другую – «затрафеілі». Увогуле, па дадзеных мэра А. Сянкевіча, каля Мікалаева расійцы сканцэнтравалі 1200 адзінак тэхнікі: танкі, бронемашыны, артылерыю.

7 сакавіка рускія здзяйснялі масавы артылерыйскі абстрэл горада, пачаўся тэрор грамадзянскага насельніцтва. Былі разбураны, пашкоджаны жылыя дамы, крамы, аптэкі, грамадзянская інфраструктура. Вораг замацаваўся на тэрыторыі Мікалаеўскага міжнароднага аэрапорта, але падчас страшэннага боя быў адтуль выбіты.

Пасля адбіцця аэрапорту, артылерысты Сіл абароны вымусілі акупантаў адступіць ад Мікалаева з усіх бакоў. Гэта была апошняя спроба расійцаў узяць Мікалаеў штурмам. Горад выстаяў.

24 сакавіка за гераічны супраціў акупацыйным войскам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі прысвоіў Мікалаеву званне Горада-героя.

Увесь апошні год мікалаеўцаў чакалі выпрабаванні: масаваныя артылерыйскія абстрэлы, адсутнасць рэгулярнага вода-, цепла-, электразабеспячэння, разбурэнні інфраструктуры, чалавечыя ахвяры.

Пры ўсіх спробах расійскіх акупантаў, Мікалаеў застаецца няскораным.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 км ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Фота з адкрытых крыніц