Інвестар сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне падаў у суд на Лукашэнку

Канфіскаваная дзяржавай сонечная электрастанцыя была самай буйной у Беларусі, інвестыцыі ў яе склалі сотні мільёнаў даляраў.

Грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабод Тутанян Машад (Kiabod Tutunian Mashad) выканаў сваю пагрозу падаць іск супраць Беларусі, сцвярджаючы, што дзяржава экспрапрыявала праект сонечнай электрастанцыі пасля адмены льгот па аднаўляльных крыніцах энергіі – піша reform.by.

Адказчыкам выступае Рэспубліка Беларусь, а таксама Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр, міністры замежных спраў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыня Дзяржкаммаёмасці. Брытанскага фундатара будзе прадстаўляць Princeton Partners LLC (Dubai, UAE) . У якасці падставы для падачы іску ўказана пагадненне Вялікабрытаніі і Беларусі аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый. 

Чэрыкаўская сонечная электрастанцыя была пабудаваная вясной 2022 года і стала самай буйной на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Інвестыцыйная дамова на яе стварэнне была падпісаная яшчэ ў 2014 годзе. Планавалася, што за год яна будзе выпрацоўваць 137,79 мільёнаў кВт/гадз.

Улетку мінулага года інвестар прапаноўваў ураду Беларусі пачаць мірныя перамовы і даваў тры месяцы на абдумванне. Ён патрабаваў кампенсацыю, роўную поўнаму рынкаваму кошту яго інвестыцый, якая ацэньваюцца ў сотні мільёнаў даляраў ЗША. Беларускія ўлады на перамовы з бізнэсоўцам не пайшлі, канфіскавалі электрастанцыю і выставілі яе на аўкцыён у сакавіку 2024 года са стартавым коштам у 79 751 000 беларускіх рублёў (каля 25 млн даляраў). Аўкцыён не адбыўся, бо ніхто не рашыўся купіць прадпрыемства.

Пазоў накіраваны ў Міжнародны цэнтр па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак – гэта адна з аўтаномных міжнародных устаноў, якая, разам з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй і Шматбаковым агенцтвам па інвестыцыйных гарантыях і самім Сусветным банкам уваходзіць у Групу арганізацый Сусветнага банка, якая з’яўляецца спецыялізаванай установай ААН.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”