Фантан з мінулага стагоддзя ў Крычаве – проста існуе

Фантан з мінулага стагоддзя ў Крычаве – проста існуе, не працуе і не рамантуецца

Фантан у жылым квартале “Цэмзавод” застыў часе – ужо даўно не працуе, нібы з такой задумай і будаваўся. Знаходзіцца ён побач з Домам культуры чыгуначнікаў.

Амаль тры месяцы таму mogilev media пісалі пра тое, як працуе фантан у цэнтры Крычава – струмяні яго б’юць зусім крыва, утвараючы лужыны вакол яго. Падыйсці блізка да фантана не атрымаецца, бо ў такім выпадку вада абавязкова абалье чалавека, а ў ім самім накідана рознае смецце.

І вось чарговы фантан “для людзей” у Крычаве, які ўжо даўным-даўно не працуе і не выконвае сваю непасрэдную функцыю. Каля яго ёсць лавачкі і зялёная зона, але асабліва няма на што глядзець, бо вада з фантана не б’е, а сама малая архітэктурная форма развальваецца пад уздзеяннем часу і зусім не рамантуецца.

Выглядае фантан такім жа застылым у часе савецкім аб’ектам, як і будынак Дома культуры чыгуначнікаў, які не адпавядае часу і ўспрымаецца як нешта не зусім прывабнае. Застыласць гэтага месца адчуваецца і праз тое, што не так далёка ад фантана знаходзіцца паркавая зона, дзе лакалізуецца пляцоўка з помнікам Леніну ў яго сапраўдны рост. Дарэчы, з павольнай дэленіназацыяй у Крычаве, пра якую таксама пісалі mogilev media, гэта адзіны Ленін горада, што застаўся стаяць на сваім месцы.  

Фота з адкрытых крыніц