Дзень у гісторыі. 16 красавіка

Дзень у гісторыі. 16 красавіка. “Халодная вайна”. Пашырэнне ЕС. Званне Герой СССР. Нарадзіліся дзеяч БНР Я. Варонка, аўтар “Буквара” А. Клышка, тэнісістка Н. Зверава.

1113 год. У Вышгарадзе памёр Святаполк ІІ (1050–1113) з роду Рурыкавічаў.

Князь полацкі (1069–1071), наўгародскі (1078–1088), тураўскі (1088–1093), вялікі князь кіеўскі (1093–1113), у хрышчэнні Міхаіл. Сын Ізяслава Яраславіча.

Пасля выгнання з Полацка Усяславам II Чарадзеем, стаў лютым ворагам Полацка.

У Кіеве Святаполк трымаў пры сабе дружыну з дрыгавічоў.

Пасля яго смерці ў Кіеве пачаўся бунт, у выніку чаго сталіца Русі была лёгка захоплена Уладзімірам Манамахам.

1891 год. Нарадзіўся Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Быў супрацоўнікам пецярбургскіх газет «Воскресная вечерняя газета», «Столичные вести», часопісаў «Зритель», «Театральное обозрение».

Член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, Часовага савета Расійскай рэспублікі, узначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, быў камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918–1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. 

Памёр 4 ліпеня 1952 года.

Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918 г. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

1924 год. Нарадзіўся Алег Луцэвіч.

Беларускі мастак-графік, педагог. Брат Эмануіла Луцэвіча, беларускага вучонага, доктара медыцынскіх навук.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, партызанам.

З ліпеня 1944 года стаў адным з першых супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выкладаў малюнак у Мінскім мастацкім вучылішчы.

Аўтар шматлікіх графічных прац.

Памёр 18 ліпеня 2015 года.

1928 год. Нарадзіўся Алег Сурскі.

Беларускі дызайнер, мастак, арт-крытык і мастацтвазнаўца

Стаяў ля вытокаў школы беларускай мастацкай крытыкі.

З яго імем у значнай ступені звязаны пад’ём беларускага мастацтвазнаўства і выхад беларускай мастацкай крытыкі на міжнародную арэну. Аднім з першых у Беларусі займаўся пытаннямі тэхнічнай эстэтыкі і дызайна, публікаваўся ў буйных савецкіх і замежных выданнях. З’яўляўся аўтарам шматлікіх артыкулаў і публіцыстычных нарысаў ва ўсесаюзным і рэспубліканскім друку. Манаграфіі, альбомы і каталогі былі прысвечаны дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, а таксама вядомым беларускім мастакам: Б. Забораву, В. Сумараву, М. Данцыгу, В. Грамыку і іншым.

Выканаў унікальныя аб’ёмна-прасторавыя светлавыя кампазіцыі ў санаторыях «Беларусь» (Сочы, Місхор), пансіянаце «Сосны» (Нарач), Магілёўскім мастацкім музеі імя. П. Масленікава, Заслаўскім гісторыка-культурным музеі-запаведніку і іншых

Памёр 28 лістапада 2012 года ў Мінску.

1931 год. Зафіксаваны самы позні пачатак вясновага разводдзя на Дняпры ў Магілёве за ўвесь час гідралагічных назіранняў.

1934 год. У СССР уведзена ганаровае званне Герой Савецкага Саюза.

Героямі сталі 494 беларусы. Першымі беларускімі Героямі сталі 31 снежня 1936 года васкоўцы-удзельнікі грамадзянскай вайны ў Іспаніі мінчук М. Сяліцкі і палачанін П. Купрыянаў. Першым Двойчы Героем у СССР стаў лётчык-беларус С. Грыцавец.

Першымі ў Магілёўскай вобласці Героямі Савецкага Саюза сталі магілёўцы-палярнікі О. Шмідт (1937), І. Нядзвецкі (1940). Двойчы Героямі сталі ўраджэнцы Крычаўскага раёна І. Гусакоўскі, Глускага – С. Шутаў, Горацкага – І. Якубоўскі.

Іосіф Гусакоўскі

1935 год. Нарадзіўся Анатоль Клышка.

Беларускі пісьменнік і педагог, аўтар “Буквара” (1969, перапрацоўка 1997), які выкарыстоўваўся ў школах да 2021/2022 навучальнага года.

Скончыў Навагрудскае педвучылішча, БДУ.

Працаваў у перыядычных выданнях, ЦК ЛКСМБ, на кінастудыі «Беларусьфільм», у Інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР. Адзін з арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.

Аўтар вершаў, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, «Буквара» (23 выданні), “Пропісаў да «Буквара», «Пропісаў для 1 класа», дапаможніка для 1 класа «Верасок», «Чабарок» (чытанка для 4 класа), «Беларуска-польскага размоўніка», шматлікіх кніг для дзяцей, у тым ліку  «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга».

Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет», раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою», творы з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў.

Даследчык праблем развіцця беларускай паэзіі, вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Памёр 14 красавіка 2021 года.

1940 год. У Яраслаўлі памёр Адам Багдановіч (1862–1940).

Беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнаўца, бацька паэта Максіма Багдановіча.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Загадваў гарадскім пачатковым вучылішчам у Мінску, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і дырэктарам публічнай бібліятэкі ў Гродна, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага музея, выкладаў у мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 годзе арыштаваны ДПУ, але вызвалены па хадайніцтве К. Пешкавай – жонкі М. Горкага.

Збіральнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аўтар прац па этнаграфіі, мовазнаўству, успамінаў пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна. Яго рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук.

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў у яго гонар устаноўлены помнік.

1947 год. Амерыканец Бэрнард Барух увёў паняцце “Халодная вайна” для азначэння дачыненняў паміж СССР і ЗША.

Халодная вайна – глабальнае геапалітычнае, ваеннае, эканамічнае і ідэалагічнае супрацьстаянне сусветнага маштабу пасля Другой Сусветнай вайны і да распаду СССР паміж двума блокамі дзяржаў з рознымі сацыяльнымі і эканамічнымі сістэмамі.

Высілкі ЗША і СССР накіроўваліся, першым чынам, на дамінаванне ў палітычнай сферы.

Адказнасць за развязванне халоднай вайны ляжыць і на СССР, і на краінах Захаду.

Халодная вайна суправаджалася гонкай звычайных і ядзерных узбраенняў, якая часам пагражала прывесці да трэцяй сусветнай вайны. Найбольш вядомым з такіх выпадкаў, калі свет аказваўся на мяжы катастрофы, стаў Карыбскі крызіс 1962 года.

У сувязі з гэтым у 1970-я гады з боку ЗША былі зроблены намаганні па «разрадцы» міжнароднай напружанасці і абмежаванні ўзбраенняў, якія падтрымаў і СССР.

У снежні 1989 года на саміце на Мальце М. Гарбачоў і Дж. Буш афіцыйна абвясцілі аб заканчэнні халоднай вайны. Афіцыйнае дакументальнае замацаванне яе заканчэння было ажыццёўлена з прыняццем 21 лістапада 1990 года на нарадзе кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін «Парыжскай хартыі для новай Еўропы».

1967 год. Загінуў ад няшчаснага выпадку Алесь Рылько (1923–1967).

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў партызанскім разведчыкам, мінёрам.

Працаваў у беларускіх перыядычных выданнях.

Аўтар апавяданняў, кніг апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, – успамінаў ён потым, у пяцідзясятых – а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1971 год. Нарадзілася Наталля Зверава.

Самая паспяховая беларуская тэнісістка часоў СССР.

Заслужаны майстар спорту СССР. Уладальніца найбольшай колькасці тытулаў (20) на турнірах Вялікага шлема ва ўсіх разрадах сярод тэнісістаў з экс-СССР.

У парным разрадзе на працягу кар’еры 35 разоў выступала ў фінальнай стадыі турніраў Вялікага шлема – у жаночым парным (31 раз) і змяшаным парным (4 разы) разрадах.

У 2010 годзе ўключана ў спіс Міжнароднай залы тэніснай славы.

Здабыла прызавых на 7,8 мільёна долараў.

1985 год. Памёр Андрэй Мядзведзеў (1897–1985).

Беларускі савецкі глебазнавец, член-карэспандэнт АН БССР, акадэмік акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР.

Працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры, дэканам у Горацкай акадэміі, якую скончыў. Быў намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства, прафесарам і загадчыкам кафедры глебазнаўства і геалогіі БДУ.

Адзін з найбуйнейшых даследчыкаў-глебазнаўцаў Беларусі.

У 1930-я гады быў сумяшчальнікам на кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

2003 год. Падпісанне Афінскага трактату па далучэнні да ЕС новых членаў.

Паводле яго да ЕС у 2004 годзе далучыліся Латвія, Літва, Польшча, Чэхія, Венгрыя, Славакія, Славенія, Эстонія, Кіпр, Мальта.

Члены ЕС (сінім) і кандыдаты на ўступленне (блакітным).