«Чарговы расійскі ракетны ўдар спрыяе развіццю сусветнага харчовага крызісу». Кіраўнік дыпламатыі Еўрапейскага Саюзу пра знішчэнне збожжавага тэрміналу ва Ўкраіне

Расійскія войскі знішчылі буйны збожжавы тэрмінал у Мікалаеве. Пра гэта паведамляюць украінскія медыі, спасылаючыся на допіс у твітары Вярхоўнага старшыні Еўрапейскага Саюзу Жузепа Барэля.

«Чарговы расійскі ракетны ўдар спрыяе развіццю сусветнага харчовага крызісу, – адзначае ён. – Расійскія войскі знішчылі другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне ў Мікалаеве.

У святле такіх паведамленняў дэзынфармацыя, якая распаўсюджваецца Пуціным, каб адхіліць ад сябе віну, становіцца ўсё больш цынічнай».

Пра пажар, які адбыўся 4 чэрвеня пасля атакі расейскіх войск, на складах з зерневым шротам, пісаў у сваім тэлеграм канале мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

Ён адзначаў тады, што полымем ахоплена 10 тысяч квадратных метраў плошчы. Для ліквідацыі пажару задзейнічаныя 11 адзінак тэхнікі і 50 пажарных. Акрамя таго, на месцы працуюць пажарныя каманды мясцовых прадпрыемстваў.

Паводле Сянкевіча пажарам былі знішчаныя два склады. Пацярпелых не было.

За дзень да з’яўлення допісу Жузепа Барэля, 6 чэрвеня кіраўнік Еўрапейскага Саюзу Шарль Мішель на пасяджэнні савету бяспекі ААН усклаў адказнасць за харчовы крызіс на Расію.

Па ягоных словах тоны зерня ў кантэйнерах не могуць вывесці са складоў у Адэсе, бо гэтаму перашкаджаюць расійскія караблі. Вайскоўцы атакуюць транспартную інфраструктуры і не даюць Украіне сеяць і збіраць збожжа. Крэмль таксама атакуе зернясховішчы і крадзе ўкраінскае зерне, ускладаючы віну на іншых.

Пастаянны прадстаўнік Расіі ў ААН Васілій Небензя дэманстратыўна сышоў з таго пасяджэння. На ім гаварылі пра ваенные злачынствы Расіі ва Украіне.