У Беларусі – новы варыянт «Амікрону» ВА.5. Беражыце сябе.

Гэту навіну паведаміў тэлеграм-канал «Официальный Минздав», спасылаючыся на намесніка міністра аховы здароўя – галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Аляксандра Тарасенкі.

«Штам «Амікрон» матуе, як мы бачым у Заходняй Еўропе, Амерыцы рост захворванняў, нягледзячы на дастатковую колькасць вакцынаваных«, – кажа ён.

Па ягоных словах, «у Беларусі ўздыму захворвання няма, краіна знаходзіцца ў міжэпідэмічным перыядзе».

«Захворванне рэгіструецца менш, чым за ўсе два з невялікім гады пандэміі. Гэта адзінкавыя выпадкі», – адзначае ўрадовец.

___________________________________________________________________________________________

Пра «Амікрон» пакуль няшмат вядома, таму праводзяцца даследаванні па ацэнцы яго перадачы, цяжкасці захворвання і рызыках паўторнага заражэння.

Папярэднія назіранні сведчаць аб тым, што «Амікрон», у адрозненне ад «Дэльты», выклікае менш цяжкае развіццё захворвання. Але для канчатковых высноў неабходна больш звестак.

Паколькі вірус інтэнсіўна распаўсюджваецца і выклікае шматлікія інфекцыі, узрастае верагоднасць яго мутацыі.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе, што «Амікрон», верагодна, ужо ёсць у большасці краін, нават калі ён яшчэ не знойдзены.

З’яўленне новых варыянтаў, такіх як «Амікрон», нагадвае нам аб тым, што канец пандэміі COVID-19 не блізкі. Вось чаму важна, каб людзі вакцынаваліся пры першай жа магчымасці.

Падтып Амікрона BA.5 мае больш высокую хуткасць перадачы, што ў апошні час дазволіла яму пераважаць над іншымі цыркуляванымі падтыпамі, напрыклад, у Партугаліі.

Без масак. Прадстаўнікі Міністэрства абароны не падтрымалі кітайскіх калегаў у нашэнні сродкаў індывідуальнай абароны

На сустрэчы з супрацоўнікамі апарату аташэ ў пытаннях абароны пры Пасольстве Кітаю ў Беларусі беларускія вайскоўцы былі без масак. Кітайцы ж іх не здымалі нават пад час фатаграфавання. Фотазмкі апубліканыя ў тэлеграм-канале “Министерство обороны Республики Беларусь”.

Супрацоўнікі Дэпартаменту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва сустракаліся з кітайскімі вайскоўцамі, бо ў тых скачалася дыпламатычная місія, а таксама з нагоды акрэдытацыі новага аташэ.

Дзяржаўная камісія па ахове здароўя Кітая ў сувязі з улікам рызыкаў распаўсюджвання штаму «дэльта» рэкамендавала сваім грамадзянам насіць маскі для абароны ад COVID-19 не толькі ў закрытых грамадскіх месцах, але на адкрытых пляцоўках падчас канцэртаў, спаборніцтваў, у шматлюдных парках.

Вызначаны тры групы грамадзян, якія абавязаны з асаблівай увагай падыходзіць да нашэння масак. Сярод іх вайскоўцы, якія аднесены да службоўцаў, якія часта знаходзяцца ў месцах павышанай колькасці людзей.

Кармленне дзетак у садках даражэе на 8-10%

Пастанаўленне Савета міністраў краіны зацвердзіла новыя нормы харчавання і грашовыя нарматывы ў дашкольных установах і школах. Цяпер колькасць прыёмаў ежу не абмяжоўваецца чатырма разамі, а ўводзіцца пяціразовае харчаванне. Адначасова вырастае кошт кампенсацыі бацькамі за яго. 


  Раней Цяпер
10,5 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 1-3 гадовых 2,96 3,26
10,5 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 3-7 гадовых 3,78 4,24
12 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 1-3 гадовых 3,85 4,16
12 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 3-7 гадовых   5,14
6-8 гадзін перабывання ў школах для пачатковых класаў 2,52 2,82
6-8 гадзін перабывання ў школах для сярэдніх і старэйшых класаў 2,94 3,26

Пададзеныя кошты ў беларускіх рублях.

Змены таксама закрануць усе іншыя формы навучання – кругласутачнага перабывання, навучання ў школах Алімпійскага рэзерва і г.д.

Фота мае ілюстратыўны характар

Рэйтынгавае агенцтва Moody’s аб’явіла пра дэфолт Беларусі. Горш эканоміцы і насельніцтву

Міністэрства фінансаў Беларусі выплаціла $22,9 мільёнаў долараў па еўрааблігацыях у беларускіх рублях, што ў міжнародным рэйтынгавым агенцтве Moodyʼs ацанілі як нясплату доўгу.

Уладальнікі аблігацый не змаглі атрымаць у беларускіх рублях

Беларусь дапусціла дэфолт па знешніх даўгавых абавязацельствах, гаворыцца ў паведамленні  агенцтва.


Moodyʼs Investors Service – адно з вядучых сусветных рэйтынгавых агенцтваў, якое прысвойвае крэдытныя рэйтынгі, публікую аналітычныя даследаванні і матэрыялы па аналізе рызык.


13 чэрвеня скончыўся льготны перыяд, на працягу якога Беларусь мелася выплаціць 22,9 млн долараў па еўрааблігацыях Беларусь-27. Міністэрства фінансаў Беларусі правяло выплаты ў беларускіх рублях, уладальнікі аблігацый не змаглі іх атрымаць, што ў Moodyʼs расцанілі як дэфолт.

Мінфін: з «недружалюбнымі» краінамі будзем разлічвацца не ў той валюце, у якой бралі крэдыты, а ў беларускіх рублях.

Мінфін яшчэ ў сакавіку паведаміў, што ўлады Беларусі маюць намер разлічвацца па даўгах ураду, беларускіх банкаў і кампаніяў з «недружалюбнымі» краінамі не ў той валюце, у якой бралі крэдыты, а ў беларускіх рублях.

29 чэрвеня ўрад Беларусі пацвердзіў такія намеры. Паводле яго выкананне даўгавых абавязкаў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банку на дату плацяжу.

Такую меру ўрадоўцы называлі вымушанай і абумоўленай немагчымасцю плацежнага агента і іншых удзельнікаў міжнароднай разьлікова-клірынгавай сістэмы гарантаваць паўнату і своечасовасць пералічэння сродкаў усім трымальнікам еўрааблігацыяў.

Урадоўцы сцвярджаюць: ёсць факты неатрымання асобнымі ўладальнікамі купоннага даходу па еўрааблігацыях, пералічанага Міністэрствам фінансаў у лютым.

Выпуск 10-гадовых эўрааблігацый Belarus-27 на $600 млн з прыбытковасцю 7,625% гадавых размешчаны ў чэрвені 2017 году. Агулам у абарачэнні знаходзіцца 5 выпускаў беларускіх эўрабондаў на агульную суму $3,25 млрд. Апошні раз Беларусь выходзіла на рынак эўрааблігацый у чэрвені 2020 году, калі размясціла 5-гадовыя эўрабонды на $500 млн пад 6,125% і 10-гадовыя на $750 млн пад 6,3.


Дэфолт – невыкананне абавязацельстваў па дамовам займу. Не своечасовая выплата працэнтаў або асноўнага доўгу.Тэрмін выкарыстоўваецца ў адносінах да прыватных асобаў, кампаніяў або дзяржаваў. Найчасцей асацыюецца з краінамі, бо наступствы такога падзеі закранаюць шмат людзей.

Дэфолт дзяржавы зніжае яго крэдытныя рэйтынгі. Краіне будзе цяжэй прыцягваць пазыковыя сродкі, што будзе тармазіць развіццё эканомікі. Магчымы рост інфляцыі, паслабленне нацыянальнай валюты, банкаўскі крызіс і гэтак далей. Грамадзяне могуць сутыкнуцца з ростам беспрацоўя, зніжэннем заробкаў, скарачэннем дзяржаўных ільгот.


Услед за Расіяй

Раней аб абслугоўванні свайго знешняга доўгу ў нацыянальнай валюце – расійскіх рублях – таксама аб’явілі ў Маскве.

27 чэрвеня заходнія СМІ паведамілі аб «сімвалічным» дэфолце Расіі па валютных дзяржаблігацыях з-за таго, што напярэдадні, 26 чэрвеня, скончыўся льготны перыяд па аплаце каля 100 млн долараў пратэрмінаваных плацяжоў па каштоўных паперах Масквы.

Згодна з дамовай Расія павінна была заплаціць у замежнай валюце, аднак у Крамлі настойваюць, што ўнеслі суму ў рублях, і на гэтай падставе называюць сцвярджэнні аб яе дэфолце неправамернымі.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

_______________________________________________________________

Юры Ганцарэвіч

Журналісту Intex-press прысудзілі 2,5 года за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Нагодай для выраку стала фатаграфаванне ім расійскай тэхнікі і дасыланне фота ў незалежныя медыі.

Сваю віну журналіст у судзе прызнаў цалкам. Свой учынак патлумачыў тым, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лятаюць не беларускія самалёты, а расійскія; хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».

_______________________________________________________________

Тамара Падымака, Марына Кіявец, Алена Пуцыковіч, Андрэй Беленькі

У Янаве на Брэстчыне сілавікі затрымалі прынамсі чатырох чалавек: Тамару Падымаку, Марына Кіявец і Алену Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Зняволены таксама былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС Андрэй Беленькі.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў горадзе праходзіць «шэраг кропкавых затрыманняў удзельнікаў »плана Перамога« ад польскіх спецслужбаў, актывістаў пратэстных акцый 2020 года і аматараў пісаць гадасці ў Інтэрнэце».

_______________________________________________________________

Ігар Леднік

Палітвязню зрабілі аперацыю ў жодзінскім СІЗА на страўнікава-кішачным тракце.

Сябар партыі БСДП з Барысава ідзе на папраўку і самастойна ходзіць.

Неўзабаве ягоную справу павінны перадаць у суд. Ледніка вінавацяць у «паклёпе на Лукашэнку».

_______________________________________________________________

Ігар Рубеж, Максім Жалязноў

62-гадовы Ігар Рубеж і 19-гадовы Максім Жалязноў памілаваныя.

Двое палітвязняў адбывалі пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 7.

Абодва былі асуджаныя за «абразу прадстаўніка ўлады» да 2,5 і 1,5 гадоў «хіміі» адпаведна.

Суд над Дашкевічамі: Змітру далі 1,5 гадоў калоніі, Насце 3 гады – «хатняй хіміі»

Змітра і Насцю Маскоўскі суд Мінска прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў у 2020 году.

Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў абодвум па 1,5 гады калоніі.

Паводле праваабаронцаў суддзя Таццяна Пірожнікава пагадзілася з пракурорам наконт пакарання Змітру. Насце, якая месяц таму нарадзіла чацвёртае дзіця, прысудзіла тры гады «хатняй хіміі».

Падчас працэсу над Дашкевічамі амбасада ЗША назвала суд «чарговым прыкладам бесчалавечнасці рэжыму і яго жадання знішчаць усё добрае ў Беларусі».

Змітра і Насту Дашкевічаў сілавікі затрымалі сёлета 23 сакавіка. У момант затрымання Наста была цяжарная. Неўзабаве яе адпусцілі да суду дадому, сам Зміцер увесь гэты час заставаўся пад вартай. Працэс у справе сужэнцаў пачаўся ў Маскоўскім судзе Менску 11 ліпеня.

фота: dashkevichy.jpg.webp 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Кацярына Андрэева

Журналістка тэлеканалу «Белсат» паўторна асуджана на закрытым працэсе на 8 гадоў зняволення. Справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Пра гэта стала вядома калегам Кацярыны Андрэевай.

5 верасня 2022 году яна мелася быць вызваленай па сканчэнні папярэдняга прысуду.

7 красавіка 2022 году сям’і палітзняволенай стала вядома, што ёй выстаўленае абвінавачанне ў «Здрадзе дзяржаве». Падставы для крымінальнага пераследу зняволенай застаюцца невядомымі

Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога яны паказалі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. За яго ім прысудзілі па 2 гады зняволення.

Зняволенне Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. 10 лютага яе этапавалі ў гомельскае СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у межах якой справы і ў якім статусе яе трымаюць.

_______________________________________________

Павел Аўчароў

Асуджанаму да пяці гадоў калоніі палітзняволенаму дадалі яшчэ паўтара года.

Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Аўчарова затрымалі 8 кастрычніка 2020 года, а 20 мая 2021 года суд Маскоўскага раёну Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, (арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за супрацьдзеянне супрацоўніку міліцыі.

_______________________________________________

Мікалай Бузько

У Брэсцкай вобласці жыхара райцэнтру Іванава аштрафавалі на 960 рублёў за рэпост у сацыяльных сетках, які ён зрабіў 5 гадоў таму.

Згодна з матэрыяламі справы Бузько 27 сакавіка 2017 году размясціў на сваёй старонцы ў Facebook у адкрытым доступе матэрыял «Радыё Свабода» і захоўваў яе.

У 2021 годзе публікацыя стала забароненай, бо выданне, якое апублікавала яе, трапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Бузько прызналі вінаватым у распаўсюджанні заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, або прапагандаванай такую дзейнасць.

_______________________________________________

Прафсаюзы

Вярхоўны суд Беларусі зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз.

14 і 18 ліпеня суд разгледзець аналагічныя пазовы ў дачыненні да яшчэ трох незалежных прафсаюзаў: Свабоднага прафсаюзу металістаў, Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Лідары двух зліквідаваных прафсаюзаў застаюцца пад вартай, як і прадстаўнікі тых, ліквідацыю якіх яшчэ будуць разглядаць.

Паводле прэс-службы Генпракуратуры дзейнасць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».

Больш у медыкаў кавідных надбавак няма. Скасаваная адпаведная пастанова

Міністэрства аховы здароўя скасавала пастанову аб кавідных надбаўках медыкам. Яна была прынятая 20 красавіка 2020 году, калі пандэмія толькі пачыналася.

Пастанова называлася «Аб устанаўленні пераліку інфекцыяў, за работу ва ўмовах, звязаных з якімі, вызначаецца штомесячная надбаўка»

Згодна з гэтай пастановаю на даплату медыкі маглі разлічваць пры працы з пацыентамі хворымі на каранавірус, халера, чума, гемарагічная ліхаманка, эболу.

На Нацыянальным прававым партале з’явілася рашэнне Міністэрства аховы здароў аб скасаванні пастановы аб надбаўках. Яно датавана 27 чэрвеня 2022 года. У ім напісана, што рашэнне набывае моц па афіцыйным апублікаванні.

21 чэрвеня прэсавай службы Лукашэнкі паведаміла, што медыкам будзе павышаная заработная плата, устанаўленнем стымуляваных выплат.

«Найбольшы яе памер прадугледжаны для дактароў і медычных сясцёр аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, участковай службы, прыёмных аддзяленняў, хуткай дапамогі, аддзяленняў для пацыентаў з інсультамі», – гаварылася пра надбаўкі.

Тады ж паведамлялася, што згодна з распараджэннем Лукашэнкі, скасоўваюцца ковідныя даплаты. Тлумачылася тое «стабілізацыяй у краіне эпідэміялагічнай сітуацыі па інфекцыі COVID-19».

Траіх заблуканых у лесе грамадзян міліцыя не можа адшукаць. Бывае, што знаходзяць парэшткі зніклых людзей

У Беларусі за пяць апошніх гадоў 84 чалавекі міліцыя не змагла адшукаць. Супрацоўнікі кажуць, што бываюць выпадкі калі знаходзяць праз некалькі гадоў парэшткі людзей.

За апошнія два дні сёлетняга ліпеня ў органы ўнутраных справаў было пяць зваротаў аб зніклых у лесе людзях у Па двух усё яшчэ вядзецца актыўны пошук.

Паводле начальніка аддзелу арганізацыі вышуковай працы крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрыя Крукава штогод паступае ад 150 да 400 заяў аб згубах людзей, піша інфармацыйнае агенцтва “Белта”.

«Як правіла, сезон пачынаецца ў ліпені, – апавядае міліцыянт. – У першым паўгоддзі 2022-га нам паступіла 14 заяў. На жаль, трох грамадзян мы так і не знайшлі. Калі браць ліпень гэтага года, то толькі за апошнія два дні было пяць такіх зваротаў у органы ўнутраных справаў. Па двух з іх усё яшчэ вядуцца актыўныя пошукавыя мерапрыемствы».

Па ягоных словах з 2017 года было разгледжана каля 2 тысячы такіх заяў аб знікненні людзей.

«На сённяшні дзень 84 чалавекі застаюцца зніклымі без вестак,  — адзначае ён. — Бывае, мы знаходзім парэшткі людзей праз некалькі гадоў, але ўвесь гэты час сваякі зніклых не ведаюць аб лёсе сваіх блізкіх».

фота з адкрытых крыніц

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Уладзімер Мацкевіч

Паводле паплечнікаў філосафа і метадолага ён па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, адчувае сябе нармальна, упэўнены ў сваёй пазыцы.

Яго асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Ад апеляцыі на вынесены яму прысуд адмовіўся, бо такім чынам гэта будзе сведчыць, лічыць ён, аб прызнанні віны.

Уладзімер Мацкевіч прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і абразу Лукашэнкі.


Анархісты

Асуджаным анархістам Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю, Яўгену Рубашку і яшчэ аднаго Арцёму Салаўю Вярхоўны суд пакінуў тэрміны зняволення без зменаў.

Суддзя Юры Руткоўскі разглядзеў апеляцыйную скаргу анархістаў на закрытым працэсе.

22 красавіка суд прызнаў анархістаў вінаватымі ў групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак і спалучаліся з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, а таксама ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.

Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Салаўю прызначылі па пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму, а яшчэ аднаму Арцёму Салаўю – 4,5 года калоніі агульнага рэжыму.


Наталля Падлеўска

Адбыла тэрмін зняволення. Утрымлівалася ў жодзінскай следчай турмы №8.

Паводле праваабаронцаў, жанчына вызвалілася па заканчэння тэрміну зняволення 4 ліпеня, не дачакаўшыся разгляду апеляцыйнай скаргі.

Яе затрымана 3 лістапада 2021 года ў рамках крымінальнай справы аб абразе Аляксандра Лукашэнкі, памочніка пракурора Аліны Касьянчык і іншых службовых асоб.

Ёй прызначылі пакаранне ў 1 год калоніі агульнага рэжыму і штрафу 100 базавых велічыняў.

Больш за паўгода ўтрымлівалася ў следчым ізалятары. У яе абвастрыліся хранічныя захворванні. Практычна ўвесь судовы працэс, які адбываўся ў закрытым рэжыме, жанчыну трымалі ў кайданках.