Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Максім Стасілевіч, Аляксандр Кухарэнка, Вячаслаў Мішура, Вольга Стаянава, Алена Андрошчык, Кацярына Сасім, Вікторыя Ждановіч, Дзяніс Дорах, Віталь Вайтовіч, Таццяна Гаўрыльчук, Валерый Гаўрыльчук, Алена Паўловіч, Уладзімір Астапчык, Дзіяна Міцкевіч, Аляксей Субцэльны.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі, а справы, паводле якіх асуджаныя, палітычна матываванымі.

Анджэй Пачобут

Зняволенаму журналісту і актывісту Саюзу палякаў у дадатак да «распальвання варажнечы» інкрымінаванае новае – «заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ».

Анджэй Пачобут за кратамі па так званай «польскай справе» з сакавіка 2021 году.

Ігар Аліневіч

Перавялі з калоніі ў турму, тым самым зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання.

Праваабаронцы паведамляюць, што актывіста анархічнага руху этапавалі з Мазырскай калоніі №8 у жодзінскую турму паводле судовага рашэння. Вырак быў абвешчаны 8 жніўня. А этапаванне адбылося 11 жніўня.

Ігар Аліневіч асуджаны да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончай супольнасцю ён прызнаны палітвязнем.

Аляксандр Кудловіч

Асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, пішуць праваабаронцы.

Справу супраць яго разглядала суддзя Інна Паўлоўская з суду Баранавіцкага раёну. 

Паводле яе выраку, у верасні і лістападзе 2020 года Кудловіч размясціў у Telegram-канале і мэсэнджары Viber «абразлівую інфармацыю» пра Лукашэнку, а таксама міністра ўнутраных спраў, якім на той момант быў Юры Караеў.

Аляксандр Кудловіч прызнаны праваабарончай супольнасцю палітзняволеным.

Таццяна Мацяеўская

Асуджаная да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (гэтак званая «хімія»).

Праваабаронцы даведаліся, што згодна з матэрыяламі справы, Мацяеўская двойчы паставіла ў «Аднакласніках» падабаўку пад выявамі Лукашэнкі.

Гродненскі суддзя Ўладзімір Пазняк угледзеў у такіх учынках знявагу Лукашэнкі

Людміла Шрубак

Аштрафаваная на 4950 (155 базавых велічыняў).

Паводле праваабаронцаў, нагодай для пераследу сталі беларускія стужкі. Яны былі кваліфікаваныя Ваўкавыскім судом, як «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».

Маці трох дзетак спачатку хацелі затрымаць у доме, але сілавікам гэта не ўдалося. Тады жанчыну выклікалі ў РАЎС, адкуль завезлі ў ізалятар. Там утрымлівалі да суду.

Андрэй Цалюк

Затрыманы, паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Паводле праваабаронцаў на «пакаяльным відэа» зняволены кажа, што быў затрыманы за “распаўсюд асабістых дадзеных супрацоўнікаў міліцыі, суддзяў” і “заклікаў людзей да гвалтоўных дзеянняў”.

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

_______________________________________________________________

Юры Ганцарэвіч

Журналісту Intex-press прысудзілі 2,5 года за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Нагодай для выраку стала фатаграфаванне ім расійскай тэхнікі і дасыланне фота ў незалежныя медыі.

Сваю віну журналіст у судзе прызнаў цалкам. Свой учынак патлумачыў тым, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лятаюць не беларускія самалёты, а расійскія; хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».

_______________________________________________________________

Тамара Падымака, Марына Кіявец, Алена Пуцыковіч, Андрэй Беленькі

У Янаве на Брэстчыне сілавікі затрымалі прынамсі чатырох чалавек: Тамару Падымаку, Марына Кіявец і Алену Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Зняволены таксама былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС Андрэй Беленькі.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў горадзе праходзіць «шэраг кропкавых затрыманняў удзельнікаў »плана Перамога« ад польскіх спецслужбаў, актывістаў пратэстных акцый 2020 года і аматараў пісаць гадасці ў Інтэрнэце».

_______________________________________________________________

Ігар Леднік

Палітвязню зрабілі аперацыю ў жодзінскім СІЗА на страўнікава-кішачным тракце.

Сябар партыі БСДП з Барысава ідзе на папраўку і самастойна ходзіць.

Неўзабаве ягоную справу павінны перадаць у суд. Ледніка вінавацяць у «паклёпе на Лукашэнку».

_______________________________________________________________

Ігар Рубеж, Максім Жалязноў

62-гадовы Ігар Рубеж і 19-гадовы Максім Жалязноў памілаваныя.

Двое палітвязняў адбывалі пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 7.

Абодва былі асуджаныя за «абразу прадстаўніка ўлады» да 2,5 і 1,5 гадоў «хіміі» адпаведна.