Жыхар Круглага, які спрабаваў падарваць інфраструктуру украінскай АЭС, атрымаў 15 гадоў турмы

Грамадзянін Беларусі Іван Яравы быў затрыманы ў студзені 2024 года ў выніку “правакацыі злачынства”.

Радыё “Свабода” даведалася імя грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў здзейсніць падрыў аднаго з элементаў Ровенскай АЭС ва Украіне. Ім аказаўся жыхар Круглага Іван Яравы, дагэтуль ужо шырока вядомы – у 2015 годзе яго затрымлівалі за ўдзел у баявых дзеяннях на баку самаабвешчанай ЛНР падчас вайны на Данбасе.

Іван Яравы нарадзіўся ў Растоўскай вобласці Расіі. Пасля разводу з мужам-расіянінам, яго маці-беларуска вярнулася ў роднае Круглае, дзе хлопец і вырас. «Вярнуся, калі ў Беларусі пачнецца майдан – расказваў ён у адным з інтэрв’ю, калі быў на фронце –  буду разганяць. Я супраць усіх вось гэтых… хто па-беларуску размаўляе. Нічога добрага з імі ня будзе».

Як стала вядома з матэрыялаў суда, у студзені 2024 года Яравы выехаў у Пінск, адкуль быў перапраўлены праз беларуска-украінскую мяжу. Чалавек, які аказваў яму дапамогу на беларускім баку названы ў матэрыялах справы «прадстаўніком спецслужбы краіны-агрэсаркі» і «кадравым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расіі». 

На тэрыторыі Украіны яго сустрэў грамадзянін Украіны, які раней быў завербаваны Службай бяспекі гэтай дзяржавы. Ён перадаў Яравому заплечнік, у якім знаходзіліся ліхтарык, маскавальны халат, компас, тэрмабялізна і шэсць GPS-трэкераў. Усё гэта праходзіла пад пільным кантролем з боку СБУ, а сама аперацыя ажыццяўлялася як “правакацыя злачынства”. Пры затрыманні Яравы адразу прызнаўся, што знаходзіўся на месцы затрымання для выканання «пастаўленага яму прадстаўніком іншаземнай арганізацыі задання» – для ўсталявання GPS-трэкераў «на аб’екце энэргазабеспячэння для далейшага яго руйнавання або пашкоджання Ўзброенымі сіламі Расіі пры дапамозе беспілотных лятальных апаратаў».

20 траўня суд ухваліў рашэнне аб максімальным магчымым пакаранні для Івана Яравога — 15 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: Радыё “Свабода”

Рассельгаснагляд выявіў у шклоўскай ражанцы дрожджы

Стафілакок, антыбіётыкі і нават кішэчную палачку знайшлі ў прадукцыі чатырох беларускіх вытворцаў.

Расійская служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду заявіла, што ў чатырох відах беларускай прадукцыі выяўленыя праблемы з якасцю. Так, у ражанцы ад «Шклоўскага масларобнага завода» знайшлі дрожджы, у сухім малацэ ад Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната – дрожджы і залацісты стафілакок, у курынай каўбасе ад «Брэсцкіх традыцый» – дынітракарбанілід (гэта прэпарат для лячэння паразітарных захворванняў у жывёл) і даксіцыклін, а ў ялавічыне з каўбаснага цэха Баранавіцкага райспажыўтаварыства – бактэрыі групы кішачнай палачкі.

Усе гэтыя віды прадукцыі будуць цяпер падвяргацца ўзмоцненаму лабараторнаму кантролю ў Расіі.

Фота з адкрытых крыніц

На стадыёне ў Бялынічах пакладуць штучнае пакрыццё

Але спачатку футбольнае поле збіраюцца зрабіць роўным.

Гарадскі стадыён у Бялынічах трапіў у інвестыцыйную праграму Беларускай федэрацыі футбола. БФФ фінансуе новае, штучнае пакрыццё на полі і новыя вароты. Падрыхтоўка асновы пад гэтае пакрыццё, а таксама работы па павелічэнні трыбун і абсталяванні скамеек для запасных гульцоў будуць аплачвацца з абласнога бюджэта – на гэта выдаткавана 680 тысяч рублёў, паведамляе “Зара над Друццю”. Зараз з поля здымаецца натуральнае пакрыццё, а таксама яго плануецца зрабіць роўным. Працы павінны завяршыцца, як заўсёды, да нейкай “даты”. Гэтым разам – 3 ліпеня.

Фота: “Зара над Друццю”.

У Магілёве пройдзе забег па лесвіцы ў Падміколлі – у баявой вопратцы і ў апаратах па 18 кілаграмаў

Магілёўскі гарадскі аддзел МНС абвясціў турнір “Падмікольскі каскад” з забегам для ўсіх ахвотных у баявой вопратцы.

Спаборніцтвы пройдуць 31 траўня ў 9.00. У забегу прымуць удзел некалькі груп спартсменаў. Першыя дзве групы складуць супрацоўнікі МНС, мужчыны. У трэцяй групе змогуць спаборнічаць усе жыхары Магілёва старэйшыя за 18 гадоў, таксама мужчыны. Жанчыны – як супрацоўніцы МНС, так і грамадзянскія асобы, змогуць прыняць удзел у чацвёртым забегу.

Спартсмены будуць спаборнічаць у хуткасным пад’ёме на лесвіцу Падмікольскага парка. Усе ўдзельнікі-мужчыны пойдуць на забег у баявой вопратцы ратавальніка і ў апаратах на сціснутым паветры, вага якога 18 кілаграмаў. Жанчыны будуць бегаць без апаратаў, але ў баявой вопратцы. Перад пачаткам спаборніцтваў усе спартсмены пройдуць медыцынскае асведчанне.

Фота: mogilev.media

Тысячы чалавечых костак знайшлі на тэрыторыі магілёўскай горбальніцы

Камітэт судовых экспертыз апублікаваў інфармацыю пра абследаванне некалькіх тысяч чалавечых костак у катлаване падчас будаўніцтва новых карпусоў гарадской бальніцы ў Магілёве. 

Пры закапванні катлавана на скрыжаванні вуліцы Карпінскага і завулка Медыцынскага (побач з гарадской бальніцай) рабочыя знайшлі ў ім касцяныя астанкі, гаворыцца ў паведамленні. У рамках судовай медыка-крыміналістычнай экспертызы касцяных парэшткаў было даследавана больш за 3 600 аб’ектаў гэта рэбры, чарапы, трубчастыя косці, пазванкі, ніжнія сківіцы і інш. У Камітэце судовых экспертыз адзначаюць, што яны з’яўляюцца чалавечымі і належылі 124 розным людзям. Характар змянення гэтых касцяных астанкаў указвае на тое, што даўнасць пахавання складае звыш 70 гадоў. На некаторых парэштках судовымі экспертамі былі выяўлены сляды, якія могуць сведчыць аб перанесенай хірургічнай аперацыі (ампутацыі канечнасці).

Фота: Камітэт судовых экспертыз

Незвычайнае ДТЗ у Бабруйску – відэа

Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.

 

Бабруйскі маршрутчык пратараніў BMW на пешаходным пераходзе, чатырох чалавек шпіталізавалі

ДТЗ з удзелам запоўненай людзьмі маршруткі адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бабруйску надвячоркам 18 траўня. 

28-гадовы кіроўца маршруткі не паспеў адрэагаваць на дзеянні 26-гадовага вадзіцеля BMW – той рэзка затармазіў на светлафоры. Сутыкненне двух транспартных сродкаў трапіла на камеры відэаназірання. Ад удару маршруткі BMW адкінула на некалькі метраў на пешаходны пераход, на якім, на шчасце, нікога не аказалася. Чатырох чалавек, што знаходзіліся ў аўтамабілях, даставілі ў лякарню – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”. 

 

 

Пад Бабруйскам зноў будуць шукаць метэарыт – самы яркі за гісторыю назіранняў

Першая экспедыцыя супрацоўнікаў Мінскага планетарыя завяршылася няўдала. Навукоўцы прайшлі 45 кіламетраў, пошукі працягваліся пяць дзён, але метэарыт так і не знайшлі.

Цяпер жа запланаваная новая экспедыцыя, да якой супрацоўнікі Мінскага планетарыя запрашаюць далучыцца валанцёраў. Наступны выезд на мясцовасць адбудзецца 26 траўня, даследаванні будуць праходзіць па лініі вёсак Вярбкі, Раксалянка, Ізюмава, Пад’ясенка і Токары. Астраномы мяркуюць, што падчас палёту ў атмесферы Зямлі метэарыт раскалоўся на некалькі кавалкаў, і каля ўсіх пералічаных вёсак існуе верагоднасць знайсці яго частку. Самы вялікі фрагмент, па падліках навукоўцаў, мог выпасці ў раёне вёскі Токары – каля 4-5 кілаграмаў.

Метэарыт, які быў зафіксаваны супрацоўнікамі планетарыя 1 траўня 2024 года аказаўся самым яркім за гісторыю шасцігадовых назіранняў падобнага кшталту. Зялёная ўспышка працягвалася восем секунд. 

Астраномы просяць жыхароў Бабруйскага раёна дапамагчы ў пошуках метэарыта. Хутчэй за ўсё гэта будзе незвычайны камень – піша bobr.by. Метэарыт можа мець чорную абвугленную корку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або карычневы іржава-буры колер. Ён павінен прыцягваць магніт і мець шчыльную структуру.

Калі атрымаецца знайсці метэарыт, то ўнікальная знаходка можа стаць шостым вядомым беларускім метэарытам. Супрацоўнікі планетарыя спадзяюцца ў далейшым яго даследаваць і экспанаваць у фае мінскага планетарыя ў навуковых і адукацыйных мэтах. Дарэчы, касмічнаму каменю прысвойваецца назва найбліжэйшага населенага пункта ад месца першых знаходак.

Фота: bobr.by

На Магілёўшчыне шукаюць родных Паўла Усава

Касцюковіцкая раённая газета абвясціла пошук родных старшага лейтэнанта Паўла Андрэевіча Усава, што нарадзіўся ў вёсцы Зелянковічы Саматэвіцкага сельсавета ў 1918 альбо ў 1919 годзе. Лётчык Павел Усаў быў збіты падчас Другой Сусветнай вайны ў небе над Махачкалой. Яго блізкіх просяць звярнуцца ў рэдакцыю газеты па гэтых кантактах. 

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве пабудуюць падземны пераход на Пушкінскай. Схема руху транспарту будзе мудрагелістая

На ўсё лета і пачатак восені закрываецца Пушкінскі праспект у Магілёве – насупраць гандлёвага цэнтра “Арбат” пабудуюць новы падземны пераход.

Даўно неабходны падземны пераход будзе пракладвацца на перасячэнні вуліц Пушкінскай і Астроўскага. Працы пачнуцца 29 траўня і разлічаныя да канца верасня. На ўвесь час правядзення работ гэтае перагружанае скрыжаванне цалкам закрываецца для руху транспарту, таму аўтамабілістам прыйдзецца шукаць альтэрнатыўныя шляхі праезду. Асноўню нагрузку на сябе прымуць праспект Шмідта і бульвар Непакораных, таму на гэтых вуліцах і дробных завулках уздоўж Пушкінскай варта чакаць сур’ёзных пробак.

Грамадскі транспарт будзе хадзіць па новым раскладзе. Цалкам яго можна знайсці тут, а асноўныя змены такія. На час будаўнічых работ цалкам адмяняюцца тралейбусныя маршруты №3 і №4. Замест іх будзе хадзіць №10д, які з Любужа будзе ехаць праз Габраўскую, Шмідта і Чалюскінцаў да Арджанікідзэ. У зваротным кірунку №10д будзе з плошчы Арджанікідзэ ехаць чамусьці на Зялёны луг, а потым вяртацца ў бок Любужа праз Чалюскінцаў, Шмідта і Габраўскую.

Аўтобус №8 у цэнтр будзе ехаць праз бульвар Непакораных і Гагарына, а назад праз Гагарына і Шмідта, зусім як у даўнія часы. Астатнія, менш рэгулярныя аўтобусныя маршруты таксама пойдуць праз Непакораных і Шмідта, што дабавіць напружанасці на гэтых ціхіх вуліцах. Ну, а нумар 26 наогул памяняе траекторыю і будзе курсіраваць паміж Чыгуначным вакзалам і Малой Бароўкай праз Юбілейны – па праспекце Міра і вуліцы Каралёва.

Фота ілюстрацыйнае