У Касцюковічах праходзіць свята паэзіі “Пісьмянкоў луг”

Сёння ў Касцюковічах адбудуцца ўрачыстасці VII рэгіянальнага свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, прысвечаны творчасці знакамітага земляка Алеся Пісьмянкова. 

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестываля і паказу канцэртных праграм на сцэне гарадскога амфітэатра, свята працягнецца на беразе ракі Бесядзь дэкламацыяй вершаў і песнямі – паведамляе газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

На час правядзення фестываля, з 10.30 да 21.30 па вуліцы Ленінскай – ад гасцініцы «Касцюковічы» да будынка РВПС – і па вуліцы Камсамольскай, ад будынка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама да будынка РВПС бузе перакрыты рух транспарту.

Фота архіўнае, з адкрытых крыніц

Мужчына ў Быхаве памёр ад перадазіроўкі метадонам

У Быхаўскую цэнтральную раённую бальніцу брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі быў дастаўлены 35-гадовы мясцовы жыхар горада. Праз дзве гадзіны ён памёр.

Хуткую дапамогу па месцы пражывання выклікала яго маці, якая ўбачыла, што сыну дрэнна. Ужо ў бальніцы пацыенту быў пастаўлены дыягназ “кома невядомага паходжання”. 

Па выніках судова-медыцынскай экспертызы ўстаноўлена, што смерць быхаўчаніна наступіла ад вострага атручэння асабліва небяспечным наркатычным сродкам метадонам, што пацвярджаецца яго наяўнасцю ў крыві і печані. У ходзе правядзення праверкі высветлена, што мужчына пакутаваў на наркаманію і раней некалькі гадоў стаяў на наркалагічным уліку – паведамляе дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.  

Гэта першае за апошнія два гады смяротнае атручэнне метадонам у Магілёўскай вобласці, хоць летась судовымі экспертамі двойчы фіксавалася смерць ад псіхатропных рэчываў — альфа-PVP у сумесі з мефедронам.

Фота ілюстрацыйнае

Крычаўлянін хацеў купіць вадзіцельскія правы і думаў, што гэта законна

У адным з месенджараў мужчына натыкнуўся на аб’яву пра нібыта легальны выраб вадзіцельскіх правоў. Пры гэтым сам ён не меў ніякай катэгорыі на кіраванне аўтамабілем.

Падчас перапісак невядомая асоба пераканала хлопца, што дадзеная працэдура абсалютна легальная і права на кіраванне транспартным сродкам ён атрымае ў хуткім часе ў адпаведнасці з заканадаўствам, а сам дакумент забярэ у дзяржаўтаінспекцыі Крычаўскага раённага аддела ўнутраных спраў. 

За пасведчанне кіроўцы невядомая асоба папрасіла перавесці на банкаўскую картку грошы. Крычаўлянін даверыўся і перавёў ды не адзін раз: са сваёй карты і з карты жонкі на агульную суму 1150 рублёў.

Спачатку ён сапраўды думаў, што ўсё законна, але пасля да мужчыны дайшло, што яго падманулі і звярнуўся ў міліцыю. У працэсе разбіральніцтва высветлілася, што крычаўлянін ніколі не праходзіў навучанне ў аўташколе і не меў ніякай катэгорыі на права кіравання транспартным сродкам.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскія могілкі – прадстаўляем лепшае, бадай, месца для альтэрнатыўнай “Ночы музеяў”

Сёння ў Магілёве праходзіць “Ноч музеяў”. Mogilev.media публікавалі праграму мерапрыемстваў, падрыхтаваных магілёўскімі музеямі. А яшчэ мы хочам прапанаваць альтэрнатыўны маршрут на “Ноч музеяў”. Для тых, хто па нейкіх прычынах не хоча альбо не можа наведаць самі музеі, але з задавальненнем прысвяціў бы вечар і ноч дакрананню да гісторыі. Ці для тых, хто пасля наведвання музея хацеў бы працягнуць яскравыя пачуцці, паказытаць сабе нервы.

Магілёўскія могілкі – гэта адразу некалькі насычаных і арыгінальных лакацый, раскіданых па розных кутках горада. Яны цікавыя ўнікальнымі і арыгінальнымі помнікамі, некаторыя з якіх выдзяляюцца нават у агульнабеларускім маштабе.

Каталіцкія могілкі на вуліцы Лазарэнкі, Яўрэйскія і Машэкаўскія ў мікрараёне Юбілейны (за запраўкай “Беларуснафты”) – багатыя, велічныя комплексы помнікаў, што здольныя часам здзівіць вытанчанасцю манументальных кампазіцый, архітэктурным хараством. Але перш за ўсё, уражвае спалучэнне эстэтычнай асалоды з непазбежным суперажываннем чалавечым лёсам, з думкамі пра вечнасць.

Але пачынаць сваё знаёмства з магілёўскімі могілкамі, даруйце за тафталогію, лепш за ўсё з Успенскіх. Яны знаходзяцца на вуліцы Чалюскінцаў, насупраць офіса “Белдзяржстраха”. Чаму лепш з іх? Таму што тут захаваўся самы старажытны і загадкавы помнік, так званая “пліта Валовічаў”.

Спецыялісты адзначаюць, што выяўлены на пліце герб адпавядае асабістаму гербу канцлера ВКЛ Астафея Валовіча, які ў 1550-х гадах быў магілёўскім старастай. Але сам Валовіч быў пахаваны ў склепе пад рэфармацыйным зборам у Сідры пад Гародняй. Пагэтаму гісторыкі называюць помнік абцякальна “плітой роду Валовічаў”, паколькі невядома, хто дакладна можа быць пад ёй пахаваны. Нягледзячы на гэта, пліта цікавая ўжо тым, што гэта самы старажытны з усіх вядомых артэфактаў, што маюцца ў гарадской прасторы Магілёва.

Але – не толькі знакамітыя і велічныя асобы прыцягваюць увагу на старажытных могілках. Часам уражваюць простыя, ажурныя карункі крыжоў на безыменных магілах.

Альбо шчырыя, вусцішныя словы тых, хто моваю гранітных эпітафій імкнецца праз стагоддзі звяртацца да жывых.

Самы маштабны некропаль у Магілёве, бадай што – Яўрэйскія могілкі. Дзясяткі, нават сотні старажытных надмагільных пліт захоўваюць памяць пра людзей, цесна знітаваных з гісторыяй горада. Імёны многіх пахаваных тут людзей насілі дамы па вуліцы Ленінскай, Першамайскай, Пажарным завулку.

Многія пліты былі рабітыя, іх знішчалі дрэвы, хмызняк, непагадзь. Зараз, аднак, ідзе грунтоўнае аднаўленне некропаля. 

На суседніх Машэкаўскіх могілках старажытныя помнікі размешчаныя не так кампактна, але тут таксама ёсць на што паглядзець. Самае прыгожае радавое пахаванне тут, напэўна, належыць роду Саковічаў.

“Приидите ко Мне, вси труждающиися и обремененнии, и Аз упокою вы. Боже, Заступник мой еси Ты, и милость Твоя предварит мя” – можна прачытаць на пліце калежскага саветніка Івана Саковіча, што памёр у 1904 годзе. Што цікава – як мінімум на трох пахаваннях стаяла скульптура Ісуса Хрыста. Дзве ўпалі, адна захавалася дагэтуль.

Адзін з самых старажытных тут помнікаў – гіганцкае, складанае надмагілле калежскага асэсара Фёдара Галынскага 1842 года. З масонскім знакам на вяршыне. Уся стэла складаецца з пяці розных пліт.

Цікавостка на адной з дарожак Машэкаўскіх могілак – сямейнае пахаванне 1825 і 1845 гадоў бацькі і сына Круцілавых, у якое уварваўся нехта з ХХ стагоддзя.

Васіль Круцілаў, бацька, як паведамляе эпітафія, быў колішнім ратманам Магілёўскага магістрата. Гэта значыць, ён заспеў апошнія часы, калі горад Магілёў заставаўся вольным і кіраваўся магдэбургскім правам.

Гэта было толькі беглае і вельмі павярхоўнае знаёмства з магілёўскімі могілкамі. Глыбока раскрыць гэтую тэму не здольная будзе, бадай, нават навуковая манаграфія. Але і мэтай нашага матэрыяла было менавіта – зацікавіць. Памятайце, што могілкі – гэта такая ж важная частка культурнай памяці, як і архітэктурныя помнікі.

Фота: mogilev.media

Падпаленыя калодкі, смецце і бутэлькі – як выглядае гарадскі гай у Клімавічах, фота

У Клімавіцкім гаі звычайна адбываюцца спартыўныя мерапрыемствы, якія ладзяць розныя ўстановы і арганізацы горада. Тут жа ёсць і месцы адпачынку, дзе нядаўна ўстанавілі спецыяльныя калодачкі для сядзення.

І ўжо каля дваццаці бутэлек ад моцных спіртных напояў валяецца пад дрэвам каля зоны адпачынку. Больш за тое, калодачкі, на якіх выпівала кампанія, яшчэ і падпалілі – піша клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.  

Азмрочвае выгляд месца для адпачынку і яшчэ адна куча бытавога смецця разам з піўной пластыкавай бутэлькай. 

Фота: “Родная ніва”

У Чавусах з’явілася алея са спірэі

Прыгожая алея са спірэі вясновай з’явілася ў Чавусах – паведамляе газета “Іскра”. Яна цягнецца ад крамы “Міла” да мікрараёна Цэнтральны. 

Тут супрацоўнікамі мясцовага жылкамгаса высаджана 200 раслін спірэі вясновай. Калі расліна набірае сілу, яна выдатна глядзіцца “жывой загараддзю”.

У планах жылкамгаса працягнуць працы па вуліцы Азарава, будуць высаджаны петуніі ў дэкаратыўныя бочкі, а на ўездзе ў горад каля помніка СУ-100 на кветніках з’явяцца бягоніі.

Фота chausynews

Да +25, малавоблачна – прагноз надвор’я на уікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць ноччу ад +5°С да +10°С, днём ад +19°С да +24°С.

Будзе пераважаць пераменна воблачнае з праясненнямі надвор’е, месцамі з ападкамі. Працягласць дня вырасце да 16 гадзін 17 хвілін 21 мая. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 5:48, зойдзе а 21:05.

Сінаптычны прагноз надвор’я на найбліжэйшыя выходныя наступны.

Перадвыходны дзень, 19 мая, пятніца

Надвор’е абяцае быць воблачным с праясненнямі, з кароткатэрміновымі дажджамі па большай частцы тэрыторыі ўноч і пераважна без ападкаў удзень. Уноч да +5 +10°С, раніцой і ўвечар да +12°С, днём тэмпература падрасце да +19°С, месцамі да +24°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, хуткасць вятроў 5-10 м/с. Маладзік. Магнітнае поле спакойнае.

У суботу, 20 мая

Ноччу ясна, днём пераменна воблачна, пераважна без ападка. Ноччу +4 +9°С, раніцой і ўвечары да +14°С, днём малавоблачна і з тэмпературай да +19°С, месцамі да +25°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, хуткасць вятроў 4-9 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 21 мая

Ноччу +4 +7°С, раніцай да +7 +9°С. Днём паветра прагрэецца да +19 +25°С, у вечары тэрмометры пакажуць +17 +19°С. Малавоблачна, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна ўсходнія, усходнія вятры хуткасцю 3-4, месцамі да 9 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

Ранак панядзелка 22 мая пачнецца з воблачнага надвор’я, пераважна без ападкаў, з паўночнымі вятрамі хуткасцю 2-4 м/с, тэмпературай каля 8°С. Днём паветра прагрэецца да +20°С.

Фота: mogilev.media. 

У Магілёве мужчына рухнуў з высоткі

У магілёўскіх пабліках паявілася відэа відавочцаў, якія распавядаюць пра трагедыю на вуліцы Астроўскага ў Магілёве. З верхняга паверха высоткі насупраць гіпермаркета “Green” выпаў мужчына і на месцы памёр. “Проста рухнуў як мяшок” – каментуюць падзею відавочцы. Гэта быў суіцыд альбо няшчасны выпадак – пакуль не паведамляецца.

З этычных меркаванняў выява заблюраная.

Сквер Герцэна ў Магілёве можа стаць Тэатральным

Магілёўскі гарвыканкам вывучае грамадскую думку магілёўцаў аб перайменаванні ў горадзе сквера імя А. Герцэна ў Тэатральны сквер – паведамляе magilev.by.

Сквер імя А. Герцэна знаходзіцца адразу за Магілёўскім драмтэатрам. Гэта найстарэйшы гарадскі сквер Магілёва. Закладваўся ў 1829 годзе, як сад. 

У 1888 годзе падчас будаўніцтва драматычнага тэатра частка насаджэнняў была высечана. Астатняя частка сквер займела назву Тэатральнага. 

У 1917-1919 гадах ён называўся Дняпроўскім, бо прымыкаў да Дняпроўскага праспекта, з 1919 года стаў сквер стаў насіць імя А. Герцэна. 

Пытанне перайменавання сквера ў Тэатральны ўздымалася на тапанімічнай камісіі не раз, але не знаходзіла шырокай падтрымкі. Магчыма, па выніках сёлетняга галасавання магілёўцаў, сквер стане Тэатральным ужо і афіцыйна. Да таго ж, знешне яго ўжо абнавілі падчас правядзення капітальнага рамонту Камсамольскай вуліцы.

Фота: mogilev.media

“Венера” і “Афрадыта” – пад Магілёвам выбралі двух кароў для конкурсу прыгажосці

Цяпер іх будуць мыць, брыць і адправяць на нацыянальны кастынг у Мінску. Фінал конкурса прыгажосці сярод кароў пройдзе 7 чэрвеня.

Дзве самыя прыгожыя каровы ў Магілёўскай вобласці былі знойдзены на агракамбінаце “Зара” Магілёўскага раёна. Цяпер яны будуць прадстаўляць Магілёўскую вобласць на выставе “Белагра” ў Мінску, дзе пройдзе фінал конкурса прыгажосці сярод беларускіх кароў – паведамляе тэлеканал СТВ.

Магілёўскіх прыгажунь назвалі “Венера” і “Афрадыта”. Выбар каровы на конкурс – задача складаная, расказалі тэлеканалу ў агракамбінаце “Зара”. Каб выбраць лепшых, спецыялісты прадпрыемства толькі на адной гаспадарцы правялі кастынг сярод шасці сотняў кароў. Адбор быў жорсткі – то ногі кароткія, то вымя не той формы.

– Пярэднія смочкі прыгожыя, а заднія не. – каментаваў працэдуру выбару спецыяліст прадпрыемства – Заднія збліжаныя, не пойдзе на выставу, давайце наступную.

У Мінску ацэньваць кароў будуць па 18 паказчыках. Больш за палова паказчыкаў – ад глыбіні грудной клеткі да формы вымя – так ці інакш ўплываюць на малочную прадуктыўнасць жывёлы.

Фота: СТВ