Выпіваючы дома з двума знаёмымі, 60-гадовы жыхар Магілёва нечакана і нематывавана схапіў сякеру і стаў наносіць удары гасцям па жыццёва важных органах. Аднаму са знаёмых ён ударыў сякерай у шыю і галаву, другому ў твар.
Калі адзін з гасцей адабраў у гаспадара сякеру, магілёвец схапіў нож. Дабіць сваіх ахвяр нажом яму, аднак не ўдалося – нож у яго таксама адабраў той жа госць.
За спробу забойства двух чалавек, мужчына асуджаны на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.
4 чэрвеня на Троіцу ў Чавускім раёне адбылося свята “Зялёныя святкі”, якое з’яўляецца брэндам рэгіёна. Праграма была – ад аўтэнтыкі да беларускіх казакоў.
“Байкаўскія крыніцы” – дужа атмасфернае месца, якое прыцягвае кожны год шмат творчых калектываў, што працягваюць песенныя традыцыі сваёй мясцовасці, выхоўваюць моладзь на беларускай народнай спадчыне.
У гэтым годзе ўдзельнікаў конкурса было ажно 17. Кожны калектыў прадстаўляў мясцовыя троіцкія абрады. Гэта і кумленне, і завіванне бярозы, і карагоды, і традыцыйныя стравы.
На свяце можна было пачаставацца беларускімі стравамі, прыгатаванымі па традыцыйных рэцэптах, паназіраць за выступленнямі калектываў, набыць сувеніры, зробленыя майстрамі-рамеснікамі з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны – паведамляе чавуская раённая газета “Іскра”.
Частка наведвальнікаў прыехалі на “Зялёныя святкі” менавіта для таго, каб набраць вады з крыніц, якія ў гэты дзень, згодна народнай традыцыі, набываць гаючую сілу. Асвячэнне крыніц адбылося падчас свята.
Не абыйшлося і без трэшу, бо на свяце сярод удзельнікаў прысутнічалі прадстаўнікі так званага беларускага казацтва. Яны прыяжджаюць з Магілёва на Байкава на Троіцу штогод, а яшчэ наведваюць магілу героя Вялікай Айчыннай вайны, які загінуў на чавускай зямлі – Георгія Арэхоўскага.
За захаванне мясцовых траецкіх традыцый ў розных намінацыях было ўзнагароджана некалькі народных калектываў Магілёўшчыны.
Выбух боепрыпаса адбыўся ў прыватным доме 41-гадовага жыхара Бабруйска ноччу 1 чэрвеня – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. На гук разрыва прыбегла сужыцельніца мужчыны, якая знайшла яго акрывашленым, са шматлікімі траўмамі галавы.
Высветлілася, што напярэдадні мужчына разам з прыяцелямі па просьбе знаёмай чысціў і перавозіў рэчы з гаража яе памерлага сужыцеля. Падчас гэтага бабруйчанін знайшоў драўляную скрыню з боепрыпасамі, якую забраў сабе. Але адразу разбірацца з яе зместам не стаў, паколькі яму было неабходна ісці на працу.
Вяртаючыся дадому з працы, мужчына разам з калегамі выпіваў, а калі прыйшоў дадому позна ўначы, то ўспомніў пра боепрыпасы з гаража, дастаў са скрыні гранату, і пачаў разбіраць яе па частках. Боепрыпас здэтанаваў – мужчына атрымаў шырокія ірваныя раны рукі, твару а таксама кантузію вока.
Раніцай 5 траўня на трасе Мінск-Гомель у Асіповіцкім раёне кіроўца маршруткі сутыкнуўся з аўтамабілем ГАЗ, што ехаў у тым жа кірунку. У выніку аварыі пацярпела 21-гадовая жыхарка Бабруйска, яна была дастаўлена ў шпіталь з траўмамі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Група з трох чалавек – сямейная пара і іх знаёмы – прыехала для наведвання могілак у вёсцы Навамалінаўка Чэрыкаўскага раёна. Падчас пошукаў могілак двое мужчын і жанчына заблудзіліся ў лесе. Каля 14:00 4 чэрвеня яны падалі сігнал трывогі, і ў 16:35 іх знайшлі ратавальнікі. У пошуках удзельнічалі 11 чалавек на 5 адзінках тэхнікі – паведамляе прэс-служба МНС.
Аналіз стану атмасфернага паветра ў гарадах Беларусі дэманструе стабільна высокія паказчыкі забруджанасці ў Магілёве – паведаляе Белгідрамет. Так, па стане з 30 мая да 2 чэрвеня станцыя фонавага маніторынга паветра, размешчаная на завулку Крупскай у Магілёве, паказвала перавышэнне норм па ўзроўні забруджанасці ў 1,1 – 1,5 разоў.
Горш чым у Магілёве абстаноўка з чысцінёй паветра складалася на працягу мінулага тыдня толькі ў Брэсце.
Да канца першай дэкады чэрвеня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае, цёплае з дажджамі надвор’е.
На працягу чарговага рабочага тыдня будзе адносна цёпла: удзень да +17 +24°С, уноч да +8 +14°С.
Спякоты да +28 +30°С, як у 2019 годзе і дзённых халадоў да +2°С, як у 1977 годзе не будзе. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне 17 гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:29, зойдзе ў 21:29.
Невялікія маразы зараз – гэта нармальна
Даводзіцца часта чуць нараканні ад беларусаў, маўляў – быў прахалодны май з замаразкамі і не такі ўжо і цёплы пачатак чэрвеня. Неабходна адзначыць, што назіраныя тэмпературы ўкладваюцца ў дыяпазон кліматычнай нормы 15-16°C.
Напрыклад, паводле статыстыкі 1881-2022 гадоў, у 40 летніх сезонаў тэмпература чэрвеня была на 1°C ніжэй за норму. Калі браць за сярэднюю норму тэмпературу чэрвеня 16,3°C, то сапраўды жудасна халодным за час інструментальных назіранняў выдаўся чэрвень 1928 года, калі сярэдняя чэрвеньская тэмпература склала толькі 12°C. Так што, усё у межах сярэдніх норм.
Сінаптычны прагноз на панядзелак, 5 чэрвеня.
На працягу сутак будзе воблачна, пройдуць дажджы. Вятры ўноч і ўранні заходніх напрамкаў, днём – паўночныя і паўночна заходнія, хуткасцю да 2-4 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Поўня.
Аўторак, 6 чэрвеня
У аўторак надвор’е абяцае не быць гарачым, воблачна. Днём – кароткатэрміновыя дажджы, дзе-нідзе магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-заходнія і паўночныя вятры хуткасцю да 3-4 м/с.
Уноч і раніцай ад +8°С да +10°С, днём тэмпература падрасце да +19°С, месцамі і да +21°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на рысцы не ніжэй за +18°С. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Поўня..
Серада, 7 чэрвеня
У сярэдзіне рабочага тыдня прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Начныя і ранішнія тэмпературы да +11 +13°С, у другой палове дня да +21°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-заходнія вятры хуткасцю 1-2 м/с. Месяц убывае.
8 чэрвеня, чацвер
У чацвер сіноптыкі прагназуюць воблачнае надвор’е. Вецер паўночна-заходні хуткасцю 1-2 м/с. Ноччу і ўранні да +11°С, у абед і на працягу другой паловы дня тэмпература паветра падвысіцца да +23°С, пройдуць дажджы. Месяц убывае.
Пятніца, 9 чэрвеня
У апошні дзень працоўнага тыдня, 9 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае, з ападкамі ў першай палове дня надвор’е з панаваннем паўночна-заходніх вятроў хуткасцю 1-2 м/с і падвышэннем дзённых тэмператур. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +13°С, удзень і ўвечары да +24°С. Месяц убывае.
Расказваем пра Кіраўск – даволі малады населены пункт, які быў доўгі час вядомы як паселішча Качэрычы. Новаўтвораны за савецкім часам пад назвай Кіраўск горад, на месцы маёнтка Качэрычы і вёскі Старцы, пахаваў пад сабой старадаўнія тапанімічныя рарытэты.
Упершыню паселішча згадваецца ў XVI стагоддзі як вялікакняскае сяло Качэрычы ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. На 1560 год тут было 30 двароў. Пасля ператварыліся ў фальварак, а ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Качэрычы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталіся цэнтрам воласці Бабруйскага павету.
На 1844 год у склад маёнтку Качэрычы ўваходзіла вёска Старцы, дзе ў 1845 годзе заснавалі гуту. Адзначым, што маёнтак і вёска былі рознымі паселішчамі, якія проста недалёка знаходзіліся. З інвентарнага апісання Качэрычаў 1854 года вядома, што да маёнтка адносіліся слабоды: Капусціна, Язаўка, Падлешчанка, Скрыпліца, Негаўля, Камерава, Аляксандраўка, Цейкавічы, Буда, Хамічы, Стараселле і інш.
Выпіска з інвентара, складзенага ў 1844 годзе, сведчыць аб тым, што ў памешчыкаў Качэрычаў налічвалася 17 436 дзесяцін зямлі. З іх 15 243 належалі асабіста ім, астатнія 2 193 дзесяціны былі размеркаваны паміж 1 130 душамі сялян.
Па звестках 1880-х гадоў беларускага гісторыка і публіцыста Аляксандра Ельскага, Качэрычы – сяло, цэнтр Качэрыцкай воласці, паштовая станцыя ў Бабруйскмі павеце, пры шляху з Бабруйска на Магілёў, за 23 вярсты ад Бабруйска, над ракой Алай, спадчына фон Гоера.
Традыцыйная гістарычная назва паселішча Качэрычы хутчэй за ўсё ўтварылася ад мянушкі, або дахрысціянскага беларускага імя Ка́чар.
Паводле Аляксандра Ельскага ў 2-й палове XIX стагоддзя Качэрычы таксама называлі Старасёламі.
Радзіма Тэфі
Маёнтак Качэрычы на мяжы XVIII-XIX стагоддзя належаў Мікалаю Самойлавічу Ланеўскаму-Ваўку – надворнаму саветніку, павятоваму маршалку Рагачова. Дарэчы, Ваўкі-Ланеўскія – старажытны польска-беларускі род герба “Корчак”. Пасля смерці Мікалая Самойлавіча вотчыннае ўладанне перайшло да яго брата Феліцыяна – павятовага маршалка ў земскім судзе г. Быхава. У сваю чаргу пасля смерці Феліцыяна маёнтак перайшоў да яго жонкі Настассі Сямёнаўны Ланеўскай-Воўк і іх дачкі Назеі ў пажыццёвае валоданне.
А вось ужо Надзея Феліцыянаўна Ланеўская-Воўк пабралася шлюбам з карнетам Інгерманландскага палка Адольфам Готфрыдам фон Гоерам (Аляксандрам Мікалаевічам на рускі капыл). Фон Гоер – абруселы нямецкі род ваеннага дваранства. У Надзеі Феліцыянаўны і Адольфа Готфрыда нарадзілася сямёра дзяцей. Якраз самая старшая з іх (дачка Варвара) у будучыні стане маці таленавітых сясцёр Лохвіцкіх (усе сталіся пісьменніцамі).
Найбольш вядомыя з чатырох пісьменніц Надзея Тэфі і яе сястра Марыя Лохвіцкая-Жыбер. Тэфі – руская пісьменніца і паэтка, мемуарыст, перакладчыца, аўтар такіх вядомых апавяданняў, як «Дэманічная жанчына» і «Ке Фер». Марыя Лохвіцкая — руская паэтэса, якая падпісвалася псеўданімам Міра Лохвіцкая. З’яўляецца заснавальніцай жаночай паэзіі “Срэбранага стагоддзя”, уладальніцай трох Пушкінскіх прэмій.
Што ж да маёнтка Качэрычы, то ў далейшым ім валодалі спачатку Віктар Аляксандравіч фон Гоер (сын Адольфа-Аляксандра), а пасля ён перайшоў да яго сыноў Уладзіміра і Льва. Усе яны праявілі сябе на розных дзяржаўных пастах у Расійскай імперыі, кожны дасягнуўшы пэўных кра’ерных поспехаў.
Фон Гоеры на тэрыторыі свайго ўладання адкрывалі невялікія прадпрыемствы, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую і мінеральную сыравіну. Спачатку ў маёнтку была адчынена гута з прыбыткам у 6250 рублёў. З 1872 года пачаў дзейнічаць бровар, на якім у 1895 годзе працавала 8 працоўных. У 1895 годзе быў уведзены паравы рухавік. Даход з яго складаў 4 тыс. рублёў.
Такім чынам, многія з нашчадкаў родаў Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў пакінулі след у гісторыі, праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці: у ваеннай сферы, у фінансах, літаратуры і дзяржаўнай службе. Менавіта гэтых два рода амаль паўтары стагоддзя валодалі маёнткам Качэрычамі, паўплываўшы на гісторыю навакольных земляў.
Непасрэдна сам фальварак меў каля 6,5 гектар зямлі, глеба тут пясчаная, а лясы былі знішчаны. Паводле плана Качэрычаў 1904 года, маёнтак складаўся з жылога дома, флігеля, двух халодных адрынаў і скотнага двара, дома рабочых і двух стайняў, свірана, вядзянога млына, двух хлявоў, саладоўні, склепа, сукнавальні, бровара.
Па ўспамінах старажылаў, сядзіба была маляўнічая. Тут раслі ліпы, каштаны, лістоўніцы, коркавае дрэва. Працякала рэчка Ала, прабіваліся ключы і крынічкі. Былі сад, гароды, ворныя землі, сенакосы. З архіўных крыніц вядома, што мясцовасць была роўная, з правільнымі схіламі, без камянёў. У пачатку ХХ стагоддзя дзве дзесяціны зямлі былі заняты англійскім паркам, які часткова захаваўся да нашых дзён і сёння з’яўляецца помнікам садова-паркавай архітэктуры Кіраўска.
У 2000 годзе яго цалкам рэканструявалі: пабудавалі фантан, зоны адпачынку, невялікі заапарк.
Тэатр тапанімічнага абсурду
Пасля ўсталявання савецкай улады на беларускіх землях, Качэрычы з 1924 года ўваходзяць у склад Старцаўскага сельсавета Бабруйскага раёна.
12 лютага 1935 года ўтвараецца Кіраўскі раён, што названы ў гонар застрэленага камуністычнага дзеяча Сяргея Кірава (які да таго ў сваю чаргу масава расстрэльваў так званых контррэвалюцыянэраў, у тым ліку святароў і вернікаў).
Цэнтр раёна знаходзіцца ў вёсцы Старцы, якая 20 красавіка 1939 года была перайменавана ў вёску Кірава. Пры гэтым Кіраў не мае абсалютна ніякіх адносінаў да дадзенай мясцовасці і наогул да Беларусі. У гэты ж час каля вёскі Старцы-Кірава на месцы фальварака Качэрычы быў пабудаваны пасёлак Кіраўск, куды пазней быў перанесены раённы цэнтр. Вось такі тэатр тапанімічнага абсурду.
Толькі ў 1955 годзе вёска Кірава (былыя Старцы) злілася з пасёлкам Кіраўск, што паўстала на месцы былога маёнтку Качэрычы. Яшчэ пазней 17 лістапада 1959 года раённаму цэнтру Кіраўску быў нададзены статус гарадскога пасёлка. Па перапісе насельніцтва 1959 года ў новаствораным Кіраўску налічвалася 2 980 жыхароў, а ўжо ў 1971 годзе пражывала ўжо 4,7 тыс. чалавек. У 1977 годзе ў склад гарадскога пасёлка была ўключана вёска Селішча.
У 1972 і 1980 гадах былі распрацаваны генеральныя планы пасёлка, у адпаведнасці з імі цэнтральная частка забудоўвалася 2-3-павярховымі дамамі.
Непасрэдна на месцы былога фальварку Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў быў адкрыты санаторый ў гонар ураджэнца гэтых мясцінаў героя Савецкага Саюза і героя сацыялістычнай працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага. Санаторый знаходзіцца якраз у самым цэнтры маляўнічага і велічнага парку былога маёнтка Качэрычы.
Такім чынам, сённяшні раённы цэнтр Кіраўск як адзінае паселішча паўстаў толькі ў пасляваенны час, калі вёска Старцы злілася з былым фальваркам Качэрычы, у выніку чаго ўтварылася мястэчка. Аднак на гэтым не спыніўся працэс зліцця з навакольнымі паселішчамі і пазней у склад Кіраўска ўвайшла яшчэ вёска Селішча.
Адзначым, што найменне райцэнтра абумовіла знаходжанне на цэнтральнай плошчы паселішча помніка Сяргея Кірава, які знаходзіцца каля будынка мясцовага райвыканкама, і замяняе звыклы манумент Леніна.
Па-харошаму, каб аднавіць гістарычную справядлівасць, раённы цэнтр павінен мець іншую назву: Качэрычы – назва маёнтка, на грунце якога ўзнікла сённяшняе паселішча або Старцы – вёскі, што сталася асновай сучаснага раённага цэнтра. Галасы гучаць розныя, аднак вырашаць мясцовым жыхарам, якая назва ім больш даспадобы.
Падрабязнасці справы распавялі прадстаўнікі Следчага камітэта ў эфіры сюжэта “Таямніцы следства”, што выйшаў у эфіры Беларускага тэлебачання.
У маі 2018 года ў вёсцы Паўлавічы Кіраўскага раёна знікла 19-гадовая студэнтка Настасся. Дзяўчына павінна была вярнуцца з вучобы з суседняй вёскі, але дома так і не з’явілася. Апошняй з ёй стэлефаноўвалася маці.
Забітая горам жанчына не пераставала верыць, што яе дзяўчынка вернецца дадому. Калі праз тыдзень у суседняй вёсцы знайшлі цела дзяўчыны, у следчых сумневаў не было – гэта зніклая студэнтка, а смерць носіць крымінальны характар.
Высветлілася, што дзяўчына вярталася ў сваю родную вёску праз суседнюю, і адразу пасля таго, як выйшла з аўтобуса, сутыкнулася са сваім аднагрупнікам Валянцінам. Абодва яны вучыліся ў сельскагаспадарчым коледжы ў Жылічах.
Дзяўчына стала папракаць хлопца за тое, што яго пропускі псуюць агульную паспяховасць усёй групы. Падобныя размовы яна заводзіла з ім і раней. Зараз жа малады чалавек раззлаваўся і ўдарыў дзяўчыну. Потым наступіў чаранком матыкі ёй на горла і душыў, пакуль студэнтка не перастала паказваць прыкметы жыцця.
Цела дзяўчыны ён схаваў у кустах па суседстве, частку асабістых рэчаў забраў сабе – мабільны тэлефон і швэдар, які збіраўся аддаць сваёй маці на анучы.
Суд прыгаварыў маладога чалавека да адзінаццаці гадоў турмы.
Як паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, у дзесяці раёнах Магілёўскай вобласці дазволена наведванне лясоў. У Шклоўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім раёнах працягваюць дзейнічаць абмежаванні – тут нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы і распальваць агонь.
У самых усходніх раёнах рэгіёна – Мсціслаўскім, Крычаўскім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Касцюковіцкім і Краснапольскім усялякія абмежаванні знятыя.