Пад Чавусамі прайшлі “Зялёныя святкі"

Пад Чавусамі прайшлі “Зялёныя святкі”

4 чэрвеня на Троіцу ў Чавускім раёне адбылося свята “Зялёныя святкі”, якое з’яўляецца брэндам рэгіёна. Праграма была – ад аўтэнтыкі да беларускіх казакоў. 

“Байкаўскія крыніцы” – дужа атмасфернае месца, якое прыцягвае кожны год шмат творчых калектываў, што працягваюць песенныя традыцыі сваёй мясцовасці, выхоўваюць моладзь на беларускай народнай спадчыне. 

У гэтым годзе ўдзельнікаў конкурса было ажно 17. Кожны калектыў прадстаўляў мясцовыя троіцкія абрады. Гэта і кумленне, і завіванне бярозы, і карагоды, і традыцыйныя стравы.

На свяце можна было пачаставацца беларускімі стравамі, прыгатаванымі па традыцыйных рэцэптах, паназіраць за выступленнямі калектываў, набыць сувеніры, зробленыя майстрамі-рамеснікамі з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны – паведамляе чавуская раённая газета “Іскра”. 

Частка наведвальнікаў прыехалі на “Зялёныя святкі” менавіта для таго, каб набраць вады з крыніц, якія ў гэты дзень, згодна народнай традыцыі, набываць гаючую сілу. Асвячэнне крыніц адбылося падчас свята.

Не абыйшлося і без трэшу, бо на свяце сярод удзельнікаў прысутнічалі прадстаўнікі так званага беларускага казацтва. Яны прыяжджаюць з Магілёва на Байкава на Троіцу штогод, а яшчэ наведваюць магілу героя Вялікай Айчыннай вайны, які загінуў на чавускай зямлі – Георгія Арэхоўскага. 

За захаванне мясцовых траецкіх традыцый ў розных намінацыях было ўзнагароджана некалькі народных калектываў Магілёўшчыны.

Фота: “Іскра”