Пакралі бульбу з агарода, сабака загрыз курэй – дайджэст здарэнняў у магілеўскай глыбінцы

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: крадзеж бульбы з агарода, няпрошаны нецвярозы госць і забіццё амаль двух дзясяткаў курэй чужой сабакай. 

У сезон паспявання гародніны і садавіны традыцыйна актывізуюцца злодзеі. Жыхар Мсціслава паведаміў у  міліцыю, што з яго агарода зламыснікі за ноч выкапалі шэсць кустоў бульбы.

Праваахоўнікам таксама трэба будзе пастарацца знайсці і ўладальніка сабакі, які ў жыхаркі Мсціслава задушыў 19 курэй.

Але самы цікавы выпадак здарыўся ў аграгарадку Мушына. Мужчына 1980 года нараджэння, у стане алкагольнага ап’янення не жадаў сыходзіць з дома незнаёмай жанчыны, так што яна выклікала міліцыю. У выніку праваахоўнікі не толькі прымусілі п’янага мужчыну сыйсці але і склалі адміністрацыйны пратакол. Цяпер яго чакае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 8 базавых велічыняў, а гэта значыць мужчына можа заплаціць да 300 рублёў – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстратыўнае

Абвешчана праграма “Рыцарскага фэста” ў Мсціславе – бугурты, фаер-шоў, канцэрты

Асноўным фестывальным днём будзе 5 жніўня. У 10:00 раніцы на плошчы Пятра Мсціслаўца пройдзе ўрачыстае адкрыццё фестываля, а потым асноўныя мерапрыемствы перамесцяцца на Замкавую гару. 

З 11.30 да 13.10 тут пройдуць тэатралізаваны паказ “Аднойчы на Дзікім полі”, бугурты, баі пешых рыцараў. З 14.00 да 15.40 выступіць фолк-гурт «Хмяльны вір» (г. Мінск), а таксама пройдзе майстар-клас па сярэднявечных танцах.

З 16.30 да 18.10 пройдуць тактычныя бугурты “Захоп сцяга”, “Ахова караля”, масавыя бітвы, турнір лучнікаў.

З 19.00 да 20.40 пройдуць рыцарскія забавы (на ХV ст.) конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”. Працягнецца праграма прадстаўленнем «Ваяры ранняга Сярэднявечча», турнірам «Кола Адзіна», тэатралізаваным штурмам замка, манеўрамі рыцараў. Завершыцца гэты блок праграмы ўзнагароджваннем пераможцаў турніраў.

З 21.30 да 23.10 арганізатары свята запрашаюць усіх на фаер-шоу ад клубаў «Атама» (г. Віцебск), «Маоры» (г. Магілёў) і канцэрты гуртоў «Адамант» (г. Мсціслаў), «Стокс» ( г. Мінск). 

У 23.50 на Замкавай гары зноў стане горача. У гэты час тут сваю вогненную праграму прадставіць клуб “Рэй” (г. Брэст). Працягнецца праграма выступам Мінскага музычнага гурта “КаS” і канцэртам ВІА “RedFox Band” – паведамляе “Святло Кастрычніка”.

У праграме магчымыя змены.

Фота з адкрытых крыніц

Вясковец у Чэрыкаўскім раёне падстрэліў сябра з паляўнічай пнеўматыкі

Двое сяброў у аграгарадку Верамейкі Чэрыкаўскага раёна ў траўні гэтага года зладзілі страляніну па бутэльках. Перад гэтым яны выпілі – паведамляе прэс-служба судовых экспертыз. Стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі «Hatsan» мадэлі «Dominator 200C», пазычанай у знаёмага – такая вінтоўка мае высокую дульную энэргію (больш за 13 Джоўль) і адносіцца да катэгорыі паляўнічай зброі.

Падчас стральбы па бутэльках адзін сябар перастаўляў мішэні, а другі выпадкова націснуў на спускавы кручок. Куля патрапіла роўна ў галёнку першаму мужчыне, засеўшы ў ране. Яму прыйшлося звяртацца да медыкаў, якія паведамілі праваахоўнікам пра раненне.

Высветлілася, што карыстанне вінтоўкай падобнай моцы дазваляецца толькі людзям, якія маюць пасведчанне на права палявання. На 35-гадовага жыхара Верамеек, што падстрэліў сябра, заведзена адміністрацыйная справа за незаконнае нашэнне паляўнічай зброі.

Фота ілюстрацыйнае

Уцёкі хлопчыка з гувернанткай – пра што пісаў дарэвалюцыйны “Магілёўскі веснік” у гэты дзень

Выпуск газеты “Магілёўскі веснік” за 12 ліпеня 1913 года пазнаёміў магілёўцаў з рамантычнай гісторыяй кахання 13-гадовага Пеці і яго аўстрыйскай гувернанткі. Mogilev.media працягвае гартаць старыя падшыўкі.

Дактароў няма на месцы, медкамісію праходзяць тыднямі – што з медыцынай у Крычаве

На працягу чатырох месяцаў у Крычаўскім раёне ідзе маніторынг медыцынскай сферы. Ён паказаў розныя праблемы: адсутнасць лекараў на працоўных месцах, недастатковы кантроль над працоўным часам спецыялістаў з боку адміністрацыі медыцынскай установы, дагэтуль маюць месца хамства і абыякавасць.

Члены маніторынгавай групы ў Крычаве зафіксавалі шэраг сур’ёзных надахопаў у працы ўстановы аховы здароўя, а менавіта – адсутнасць адразу некалькіх урачоў на сваіх рабочых месцах у працоўны дзень, графік работы дактароў установы не адпавядаў таму графіку, што адміністрацыя бальніцы прадаставіла райвыканкаму. Таксама адзначана была сітуацыя, калі на адным з кабінетаў вісіць аб’ява, што трэба звяртацца ў іншы кабінет, а на дзвярах таго самага другога кабінета таксама аб’ява – “Доктар у адпачынку”.   

Кіраўнік Крычаўскага раёна Андрэй Седукоў на спецыяльным пасяджэнні прызнаў – кідаеццца ў вочы поўная і сістэмная неарганізаванасць рэгістратуры, а таксама складанасць праходжання медыцынскіх камісій. Па яго словах, медыцынскую камісію не назавеш іначай як хаджэнне па пакутах, бо людзі ходзяць тыднямі, па некалькі гадзін стаяць у чэргах і не могуць дачакацца прыёму. 

Седукоў адзначыў, што рэгістратура не працуе сістэматычна. Больш за тое, ёсць факты, калі людзей не абслугоўваюць, пацыенты знаходзяцца ў чарзе гадзінамі, а таксама не могуць датэлефанавацца на стацыянарны тэлефон бальніцы. У сваю чаргу пракурор і кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў адзначылі, што адсутнасць дактароў на працоўным месцы можна кваліфікаваць як раскраданне дзяржаўных бюджэтных сродкаў – паведамляе раённая газета “Крычаўкае жыццё”. 

Разынкай на торце паседжання сталіся пагрозы Седукова звольніць кіраўніка адміністрацыі бальніцы Аляксандра Плятнёва, калі той не разбярэцца з праблемамі, каб палепшыць якасць медыцынскіх паслуг жыхарам Крычаўскага раёна. 

Ад рэдакцыі. Шмат якія заявы правільныя, але праблемы паднятыя існуюць ўжо не першы год. Прамовы з высокіх трыбунаў пахнуць звычайным папулізмам, бо шмат якія праблемныя моманты, якія хвалююць людзей, у папярэнія месяцы і гады не вырашаліся. Затое лёгка звальнялі медсясцёр і дактароў па палітычных матывах. 

Фота ілюстрацыйнае

Не разгубіўся, калі шыбанула маланка – школьнік дапамог выратаваць лес пад Дрыбінам

Трынаццацігадовы магілёвец Цімафей Марковіч атрымаў падзяку ад ратавальнікаў і супрацоўнікаў лясгасу Дрыбінскага раёна за своечасовы сігнал пра лясны пажар. Школьнік, адпачываючы на канікулах у прабабулі ў вёсцы Шастакі, аднойчы трапіў пад непагадзь, гуляючы з сябрамі. Калі пачаўся дождж, малыя разбегліся па хатах. Падыходзячы да дому сваёй прабабулі Цімафей пачуў, як нешта моцна ўдарыла побач у лесе, а з гушчару паваліў моцны дым. Адразу сцяміўшы, што гэта была маланка, школьнік падняў на ногі родных і тыя выклікалі ратавальнікаў. Дзякуючы гэтаму лясны пажар быў хутка ліквідаваны – расказваецца ў матэрыяле газеты “Савецкая вёска”.

Фота: “Савецкая вёска”

Работнікі крычаўскага цэнтра культуры танцавалі ў полі для камбайнёраў

Культработнікі ў псеўданародных касцюмах прыехалі ў поле таньчыць і пець песні, каб павесяліць камбайнёраў.

Прыезд у поле артыстаў дома культуры быў арганізаваны нібыта для таго, каб крыху павесяліць і даць адпачыць камбайнёрам, якія ва ўсю працуюць на жніве. Забаўляць іх работнікі крычаўскага раённага цэнтра культуры прыехалі з народным і вясёлым рэпертуарам.

Прычым для гэтага “мерапрыемства” культработнікі апрануліся ў псеўданародныя касцюмы. Выглядае гэта, канешне, прыніжальна – у першую чаргу, для саміх супрацоўнікаў раённага цэнтра культуры. 

Між іншым, у крычаўскім цэнтр культуры адзначылі, што падобныя палявыя выступленні будуць праходзіць ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна падчас усёй уборачнай кампаніі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Фота “Крычаўскае жыццё”

У Магілёўскім раёне патруляваць вадаёмы пачалі настаўнікі

Пачаліся рэйды настаўнікаў па пляжах Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”. На фота – педагогі Усходаўскай сярэдняй школы падчас работы з школьнікамі на адным з вадаёмаў раёна.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”

Пад Чавусамі сёння пройдуць “Пятроўскія радасці”

Раённае свята, прысвечанае дню святых Пятра і Паўла пачнецца ў аграгарадку Каменка “Чавускага раёна сёння ў 12:00. У праграме – заплятанне традыцыйнага вянка з дванаццаці траў, дзіцячы квест, конкурс “Пятроўскія дранікі”. Пачнецца мерапрыемства з хроснага хода і асвячэння крынічкі – перадае газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”

Да канца восені перакрыюць адзін з мастоў праз Лахву

З-за рэканструкцыі маста на трасе паміж Дашкаўкай, Боўшына і Досавай Сялібай Магілёўскага раёна, рух па мосце праз Лахву пачынаючы з 19 ліпеня і да 30 лістапада 2023 года будзе перакрыты – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”. 

Фота ілюстрацыйнае