Былыя студэнты скардзяцца, што без адмысловага дазволу не могуць адведаць універсітэт Куляшова. Пра ўведзеныя абмежаванні інфармацыі няма

Былыя студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту на сустрэчах выпускнікоў не могуць зайсці на свае факультэты. Яны цвердзяць, што наведванне аўдыторый і спатканні з выкладчыкамі абкладзена мноствам бюракратычных працэдур, што робіць такія візіты ў родную альма-матар амаль немагчымымі.

Паведамленні ў сацыяльных сетках пра колькасць неабходных дакументаў на тое, каб наведаць аўдыторыі выглядаюць непраўдападобнымі. Выпускнікі ж настойваюць на сваім.

«Мы пасля кавіду вырашылі адзначыць 50 гадоў нашага выпуску. – адна з былых студэнтак. – Радасныя пайшлі ў будынак, але нас банальна не пусцілі. Патрэбны, нібыта, быў дазвол самаго рэктара! У ранейшыя нашы сустрэчы падобных праблемаў не было. Мы, вядома ж, пасядзелі, пагаварылі, але па-за сценамі ўніверсітэту. У ім нас цяпер прымаюць за чужынцаў».

Студэнты іншага факультэту вырашылі загадзя паклапаціцца і атрымаць дазвол. Ім прапанавалі напісаць на імя рэктара заяву, у якой указаць:

 – усе пашпартныя дадзеныя выпускнікоў,

 – напісаць нумары аўдыторый, у якія ім трэба зайсці, і аргументаваць іх,

 – напісаць спіс выкладчыкаў, з якімі яны будуць сустракацца і прычыны выбару менавіта гэтых выкладчыкаў,

 – прадставіць план правядзення мерапрыемства…

«Там былі яшчэ нейкія паперкі, але мы слухаць далей не сталі. Не ўнівер, а рэжымная ўстанова. Нібы ў турме. Пастаім каля ўнівера, пройдземся па горадзе, потым дзе-небудзь пасядзім. А кіраўніцтву МДУ перакажыце наша палымянае прывітанне», – іранічна выказваецца выпускнік 1992 года.

Пра падобныя патрабаванні да выпускнікоў у іншых магілёўскіх універсітэтаў чуць не даводзілася. У іх усё праходзіць без лішніх бюракратычных працэдур.

Спраўдзіць нараканні былых студэнтаў у адміністрацыі ўніверсітэту не ўдалося. На сайце навучальнай установы адшукаць дакументы, якія рэгламентуюць парадак яе наведвання таксама.