медыкі студэнты

Будучыя медыкі ўсур’ёз захапіліся магілёўскімі ліфтамі

Вучняў Магілёўскага медыцынскага каледжа адправілі на ААТ «Магілёўліфтмаш». Выснова – моладзь без розуму ад прамысловага турызму.

Вучняў Магілёўскага медыцынскага каледжа адправілі на завод ліфтавага машынабудавання, правялі па вытворчых участках, азнаёмілі з працэсам зборкі ліфтавых кабін і кабінных сістэм, паказалі працу выпрабавальнага абсталявання.

Ну, а потым арганізатары экскурсіі, першасная арганізацыя прафсаюза вучняў, заявіла, што «прамысловы турызм працягвае прыцягваць усё больш моладзі рэгіёна».

Уласна кажучы, пра тое, што насамрэч прыцягвае моладзь Магілёўшчыны, прафсаюз вучняў мае даволі цьмянае ўяўленне. 

І ўжо дакладна прамысловы турызм займае ў спісе маладзёжных прыярытэтаў далёка не першае месца.

Аднак выдаваць жаданае за сапраўднае – ўлюбёны прыём магілёўскіх чыноўнікаў. Добра яшчэ, што гэтым разам абышлося проста прамысловым турызмам, а не, прабач Госпадзі, прамысловым альпінізмам.

Але вернемся да завода, дзе будучыя медыкі атрымалі «практычнае ўяўленне пра працу прадпрыемства».

Як яны маглі яго атрымаць, калі ўяўлення пра працу прадпрыемства, на думку Мінпрама, не мае нават яго генеральны дырэктар Руслан Страхар?

Мабыць, самая сумная навіна для магілёўскіх вучняў ва ўсёй гэтай бадзяге – тое, што для іх прыгатаваная цэлая серыя такіх выездаў.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва