Будаўнікі ўзводзілі тры новыя дамы ў Горках і дашчэнту разбілі двор у чацвёртым

Калі пачнецца рамонт – не ўпэўненыя нават у райвыканкаме.

Пра будаўнічыя калізіі на вуліцы Будаўнікоў у Горках піша мясцовая раённая газета. Жыхарка дома №21 паскардзілася, што будаўнічая тэхніка, занятая на ўзвядзенні трох новых дамоў побач, карысталася іх дваром так актыўна, што разбіла і сам двор і ўсе пад’язныя шляхі да яго.

Уся парковачная тэрыторыя і пешаходная зона ў ямах – піша газета. Любы дождж ператварае двор у бруднае месіва, з-за чаго жыхары дома і асабліва школьнікі вымушаны карыстацца ажыўленай дарогай побач з домам, замест больш бяспечных шляхоў. Пра пачатак рамонта дваравой тэрыторыі выданне звярнулася да намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях ЖКГ Сяргея Котава, але той так і не даў канкрэтнага адказу, туманна абазначыўшы, што “арыенціровачны тэрмін выканання работ – ІІ квартал 2024 года”.

Фота: “Горацкі веснік”