Бабруйск далучыўся да ратавання планеты ад забруджвання – тут адкрылі другі пункт збору пратэрмінаваных лекаў. У Магілёве няма ніводнага

На Магілёўшчыне Бабруйск – адзіны горад, дзе трымаюцца новых стандартаў утылізацыі лекавых сродкаў. У двух мясцовых паліклініках паставілі спецыяльныя кантэйнеры для пратэрмінаваных медычных прэпаратаў.

У Бабруйску два пункты для збірання пратэрмінаваных лекаў

Першы ў Бабруйску такі кантэйнер з’явіўся летась у паліклініцы № 6, а другі днямі паставілі ў паліклініцы № 7, якая абслугоўвае некалькі мікрараёнаў, піша выданне «Бобруйский курьер».

У кантэйнеры выкідваюцца таблеткі, аэразолі, мазі, кроплі. Ад прэпаратаў расліннага паходжання ды сродкаў індывідуальнай абароны пазбаўляюцца іншым спосабам.

У гарадах Магілёўскай вобласці, акрамя Бабруйску, пункты збірання пратэрмінаваных лекаў адсутнічаюць. На гарачай лініі паліклінік абласнога цэнтру, як высветлілася, нічога не ведаюць пра новыя стандарты і неабходнасць утылізацыі старых лекаў. Мясцовыя фармацэўтычныя ўстановы пакуль не займаюцца вырашэннем такога пытання.

Чаму сталі зьбіраць пратэрмінваныя лекі?

Пункты збірання лекаў сталі разгортваць, каб пазбегнуць забруджвання навакольнага асяроддзя медыкаментамі. У пробах вады і глею, узятых на ачышчальных станцыях некалькіх буйных беларускіх гарадоў, была выяўленая прысутнасць цыпрафлаксацыну, левафлаксацыну, дратаверыну, дыклафенаку, эстрадыёлу.

bobrlife.by


Забруджванне навакольнага асяроддзя фармацэўтычнымі рэчывамі – новая глабальная экалагічная пагроза. Па ўсім свеце ў вадаёмах і нават у пітной вадзе праяўляецца прысутнасць лекаў. Антыбіётыкі, нейралептыкі, гарманальныя і іншыя прэпараты трапляюць у арганізмы жывёлаў і людзей ды выклікаюць хваробы, анамальныя паводзіны, прыводзяць да бясплоддзя.


Паменшыць некантраляванае фармацэўтычнае забруджванне дапамагае асобнае збіранне пратэрмінаваных лекавых сродкаў з утылізацыяй. Такая практыка ўкаранёная ў большасці краінаў Еўропы. Сабраныя лекі спальваюць пры высокай тэмпературы, або адбываецца іх мяккая хімічная ўтылізацыя.

Хто дапамог уладзе ўбачыць праблему?

У Беларусі першы кантэйнер для збору пратэрмінаваных лекаў устанавіла грамадская арганізацыя «Цэнтр экалагічных рашэнняў» у 2018 у Мінскай гарадской паліклініцы № 40. У снежні 2019 года эколагі з дапамогай баранавіцкіх грамадскіх актывістаў запусцілі праект «Прырода без фармацэўтычных адыходаў». Намаганнямі грамадскасці за год у 18 гарадах Беларусі было ўстаноўлена больш за 30 кантэйнераў і сабрана за год больш за 400 кілаграмаў пратэрмінаваных лекаў.

encrypted-tbn0.gstatic.com

На сусветную практыку абароны прыроды і актыўнасць грамадскасці звярнула ўвагу ўлада.

З 1 верасня 2020 года набыў моц новы Тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі». Пратэрмінаваныя лекавыя сродкі выдзелены ў асобную групу камунальных адходаў і падлягаюць асобнаму збору. Распрацоўка формы спецыяльных кантэйнераў, выдзяленне месцаў для збору і вырашэнне іншых арганізацыйных задач ускладзена на мясцовыя выканаўчыя органы ўлады і работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.