Афіцыйны Дзень гораду праігнаравалі еўрапейскія гарады-пабрацімы Магілёва. Акрамя нямецкага Вітэнбергу

Украінскі Мікалаеў скасаваў дамову аб пабрацімстве з Магілёвам праз падтрымку Беларусі расійскай агрэсіі ва Ўкраіне. Аб спыненні партнёрскіх сувязяў з Магілёвам паведамляла літоўская Клайпеда. Там збіраюцца пераназваць вуліцу Магілёўскую.

У кампаніі з расійскімі гарадамі нямецкі Вітэнбэрг 

Раней на ўрачыстасці да Дня гораду мясцовыя ўлады запрашалі прадстаўнікоў усіх магілёўскіх пабрацімаў. На будынку гарвыканкаму вывешваліся дзяржаўныя сцягі краін, у якіх былі параднёныя гарады.

Паводле газеты «Веснік Магілёва», на сёлетнім Дні народзінаў Магілёва сабралася вялікая кампанія прадстаўнікоў расійскіх гарадоў пабрацімаў і партнёраў. Была дэлегацыя з таджыкскай Худжанды. Сярод іх апынуліся прадстаўнікі нямецкага Вітэнбергу.

З ім пабрацімства было замацаванае дамовай у 2019 годзе. Вітэнбэрг стаў тады 20 параднёным горадам Магілёва.

Кітайская Чанша, расійскія Уладзівасток, Хабараўск, Омск – новыя пабрацімы Магілёва

За апошнія два гады партнёрскімі гарадамі Магілёва сталі кітайская Чанша ды расійскія Ўладзівасток з Хабараўскам, а ў межах святкавання сёлетняга Дня гораду і афіцыйнага Дня незалежнасці была падпісаная дамова аб пабрацімскіх сувязяў яшчэ і з Омскам.

На падпісанні старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў заявіў, што Магілёў падтрымлівае гандлёвыя сувязі з 105 краінамі, а прадукцыю пастаўляе ў 82 краіны. Па ягоных словах больш 65 працэнтаў агульнага аб’ёму знешняга гандлю прыпадае на Расію. На гэтую акалічнасць чыноўнік асабліва зрабіў акцэнт.

фота: mogilev.online