тыповыя здарэнні ў магілёўскай глыбінцы

Аўтамабільныя аварыі і тушы буйной рагатай жывёлы без дакументаў — тыповыя здарэнні ў магілёўскай глыбінцы

У аддзел мсціслаўскай міліцыі паступалі розныя паведамленні — дарожна-транспартныя здарэнні, перавозка мяса-малочных прадуктаў без дакументацыі

У вёсцы Мілейкава Мсціслаўскага раёна інспектарам дарожна-патрульнай службы быў спынены аўтамабіль УАЗ з расійскім нумарам. Вадзіцель гэтага транспартнага сродку перавозіў тры тушы буйной рагатай жывёлы агульнай вагой 500 кг без суправаджальных дакументаў. Матэрыялы накіраваны ў Мсціслаўскую райветстанцыю.

Інспектарамі дзяржаўтаінспекцыі па вуліцы Магілёўскай у Мсціславе таксама быў спынены аўтамабіль “Мэрсэдэс Бенц”, кіроўца якога перавозіў малочную прадукцыю без адпаведных дакументаў. Справа накіравана ў Магілёўскую мытню — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Акрамя таго пагаршэнне надвор’я ўплывае на выпадкі дарожна-транспартных здарэнняў. Так, на вуліцы Савецкай у цэнтры Мсціслава здарылася аварыя з удзелам двух аўтамабіляў. У вёсцы Вялікая Зяціца Мсціслаўскага раёна ў выніку дарожна-транспартнага здарэння быў пашкоджаны бампер у аўтамабілі.

Фота ілюстрацыйнае