мост Краснаполле

У Краснаполлі зноў «стаў рубам» мост на вуліцы Антонава – ён робіць гэта рэгулярна

Пешаходны мост на вуліцы Антонава ў Краснаполлі зноў часткова выйшаў з ладу: адна з пліт пераходу стаіць пад вуглом. Пра гэта піша раённая газета «Чырвоны сцяг».

Галоўны інжынер УКВПП «Жылкамунгас» Аляксандр Дарашэнка прызнаў праблему, паабяцаў ліквідаваць яе найбліжэйшым часам. Брыгаду вывелі аператыўна, пліту ўмацавалі і выраўнялі.

Яшчэ ў лістападзе 2025 года вакол таго ж моста бушавалі жарсці паводле іншага сцэнару. Пешаходную частку вясной рэканструявалі, пасля чаго невядомыя вандалы сталі рэгулярна вырываць новыя пліты і скідваць іх у раку. Адна пліта засталася ляжаць паверх ліўнёўкі, заблакавала адток вады і парушыла цэласнасць пераходу. Міліцыю прасілі далучыцца, асобна – грамадзян, «паважаць чужую працу».

Цяпер, праз восем месяцаў, версія абнавілася: вінаватыя дажджы. Вада вымывае грунт з-пад пліты, канструкцыя зноў становіцца рубам.

Адкуль пасля вясновай рэканструкцыі 2025 года бярэцца гэтая хранічная нестабільнасць, жылкамунгас не тлумачыць. Рамонт раз за разам застаецца касметычным – пліту паправілі, дачакаліся наступнага размыву.

Паўнавартасная праца з грунтам, водаадвядзеннем і мацаваннем пліт запатрабавала б капітальнага каштарысу, які ў план раённага жылкамунгаса ніхто ўключаць не збіраецца. Некалькі касметычных выездаў брыгады з самазвалам абыходзяцца танней, чым адзін нармальны рамонт.

Вынік: пліта стаіць рубам, жылкамунгас абяцае, «Чырвоны сцяг» падбірае наступнага вінаватага.

Зрэшты, такая падача праблемы для Краснаполля яшчэ даволі мяккая. Добра яшчэ, што вінавацяць толькі дажджы. А маглі ж абвінаваціць і палякаў.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва