Крыцкі

Колішні глава праблемнага “Купалаўскага” цяпер будзе кіраваць Шклоўскім раёнам

Міхаіл Крыцкі, да апошняга часу старшыня Бабруйскага райвыканкама, цяпер узначаліў Шклоўскі раён.

Бязлікі зменшчык

На пасадзе старшыні Бабруйскага райвыканкама Крыцкі правёў зусім няшмат часу – туды яго скіравалі напрыканцы сакавіка 2025 года. Чымсьці значным для раёна ён наўрадці запомніцца. Калі судзіць выключна па адкрытых дадзеных, Міхаіл Крыцкі праявіў сябе хутчэй як “гаспадарнік-аграрый”, чым як ініцыятар буйных пераўтварэнняў. 

Яго публічная дзейнасць была сканцэнтравана на бягучым кіраванні раёнам, сельскай гаспадарцы, працы з насельніцтвам і выкананні даручэнняў абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва. За кароткі перыяд кіраўніцтва не праглядаецца ні буйных прарыўных праектаў, ні прыкметных публічных канфліктаў або скандалаў. 

Толькі сувязь Крыцкага з аграхолдынгам “Купалаўскае”, якое знаходзіцца ў Шклоўскім раёне, выклікае некаторы інтарэс. Справа ў тым, што з 2023 года па 2025-ы ён як раз працаваў генеральным дырэктарам ААТ «Купалаўскае». То бок кіраваў ім каля двух гадоў.

Крыцкі ўвогуле даволі хутка мяняў за апошнія 5-6 гадоў месца працы. У 2020 годзе ён паступіў на дзяржаўную службу ў Шклоўскі райвыканкам, дзе па 2021 год працаваў на пасадзе першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні. З 2021 года кіраваў сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Шклоўскага раёна: спачатку – ААТ «Амкадор-Шклоў», пазней – ААТ «Любінічы-Агра». То бок да “Купалаўскага” паспеў за два гады пакіраваць дзвюма сельгасарганізацыямі.

Чым добрым адзначыўся Крыцкі для “Купалаўскага”, таксама цяжка сказаць. Але ён стаў адным з тых, хто кіраваў прадпрыемствам, якое аказалася папросту бессэнсоўнай тратай дзяржаўных сродкаў.

Канец “Купалаўскаму” эксперыменту

Пасля прайшоўшай у беларускага дыктатара нарады 7 ліпеня 2026 года стала вядома, што замест аграхолдынга “Купалаўскае”, які будзе ліквідаваны, з’явяцца некалькі самастойных сельгаспрадпрыемстваў – “Новагарадзішчанскае”,  “Любінічы-Агра” і “Вялікія Славені”. Сярод праблем “Купалаўскага” Лукашэнка назваў і кадравы памылкі.

Ранейшае рашэнне аб аб’яднанні ў аграхолдынг прымалася, каб забяспечыць сыравінную базу для новага малакаперапрацоўчага завода ў Шклове, будаўніцтва якога павінна быць завершана да 7 лістапада 2026 года.

Летась стала вядома, што «Купалаўскае» атрымае да 3,5 млн рублёў у якасці бязвыплатнай дапамогі ад дзяржавы на закупку тэхнікі і абсталявання.

Фотаздымак: bobrlife.by

← Усе навіны Магілёва