Тры гады таму мы ўжо пісалі пра тое, як быхаўская «раёнка» дадумалася двойчы ў адным артыкуле напісаць «сОкральный» замест «сакральный». Тады пажартавалі, што праверачным словам аўтары, відаць, палічылі імя старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата.
Прайшло тры гады. Нічога не змянілася. Больш пісьменнымі быхаўскія журналісты не сталі.
2 ліпеня 2026 года bykhov.by публікуе матэрыял пра нарыхтоўку кармоў у дзвюх мясцовых гаспадарках. Аўтар «tania» распавядае чытачам пра важны этап на палях – «волкование».
Паводле правілаў рускага словаўтварэння «волкование» – гэта або «паводзіны як у ваўка», або «прывабліванне ваўкоў», або нешта па аналогіі з «токованием» у цецерукоў. Для Быхаўскага раёна з яго лясамі, адселенымі чарнобыльскімі вёскамі і зграямі, якія зрэдку выходзяць да людзей, – амаль фальклорны сюжэт: механізатары днямі і начамі прывабліваюць ваўкоў да сянажных траншэй.
Насамрэч мелася на ўвазе «валкование», ад слова «валок» – падоўжаны валок сена. Тэхналагічны этап нарыхтоўкі, пры якім скошаная і падвяленая трава зграбаецца граблямі-валкаўнікамі ў валкі для далейшага падбору прэс-падборшчыкам. Так гэта называецца ва ўсіх галіновых даведніках, у метадычках БДСГА, у ДАСТ. Толькі не ў “Маяку Прыдняпроўя”.
У дадатак да «ваўкавання» ў тым жа матэрыяле нарыхтоўку сянажу і нарыхтоўку сена звялі ў адзін бесперапынны працэс, дзве розныя гаспадаркі («Абідавічы» і «Вароніна») запіхнулі ў адну публікацыю, не прывялі ніводнай лічбы, а закончылі воклічам «пагалоўе будзе забяспечана кармамі найвышэйшага класа!». Сумнеўна – у быхаўскай практыцы яшчэ не было года, каб каровы не дохлі з голаду.
За тры гады быхаўская «раёнка» прайшла шлях ад сОкральных абрадаў да ваўкавання на палях. Напрамак зразумелы: ад філасофіі – да заалогіі. Да юбілейнага 2029 года, калі так пойдзе і далей, чакаем рэпартаж пра тое, як у быхаўскім АПК ідзе актыўнае бабраванне, зайцаванне і іншая бязлітасная праца над мовай.
Фота “Маяк Прыдняпроўя”.
