У Асіповіцкім раёне ратавальнікі правялі тактыка-спецыяльныя вучэнні на аб’екце «Маяк». Паводле легенды вучэнняў, загарэўся рэзервуар з керасінам, які ўваходзіць у сістэму дзяржаўных матэрыяльных рэзерваў, пасля чаго адбыўся ўмоўны выбух: дах ёмістасці сарвала, стацыянарная сістэма пажаратушэння нібыта выйшла са строю, а агонь мог перакінуцца на суседнія рэзервуары.
Як паведамляе раённае выданне, у вучэннях удзельнічалі тры пажарныя аўтацыстэрны, аўталесвіца і падраздзяленні Асіповіцкага РАНС. Ратавальнікі адпрацоўвалі падачу пены, астуджэнне суседніх ёмістасцяў, працу пераносных лафетных ствалоў і ўстаноўкі «Пурга-30». У сцэнары таксама прадугледжвалася прыцягненне сіл з суседніх раёнаў, Бабруйска і абласнога ўпраўлення МНС.
Само па сабе адпрацоўванне пажару на небяспечным аб’екце — звычайная і неабходная справа. Але цяпер падобныя вучэнні ў Асіповічах успрымаюцца ў іншым кантэксце. У траўні ў раёне праходзілі расійска-беларускія трэніроўкі з удзелам падраздзяленняў, звязаных з ядзерным забеспячэннем.
Акрамя таго, Беларусь усё часцей згадваецца ў сувязі з рызыкай яе глыбейшага ўцягвання ў расійскую вайну супраць Украіны. На гэтым фоне асаблівае значэнне набываюць аб’екты захоўвання паліва і дзяржаўных рэзерваў: Украіна працягвае наносіць паспяховыя ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры, а ў чэрвені паведамлялася, у прыватнасці, пра атакі на Маскоўскі НПЗ.
Пакуль што ў Асіповічах гарэў толькі навучальны рэзервуар, а выбух існаваў выключна ў службовай легендзе. Аднак сама неабходнасць мадэляваць аварыйныя сцэнары на «стратэгічным» аб’екце паказвае: у цяперашняй ваеннай рэальнасці такія трэніроўкі ўжо не выглядаюць абстрактнай прафілактыкай.
Крыніца ілюстрацыі: «Асіповічы Online».
Чытайце таксама: У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні.
