дроны

Расія ўладкоўвае пляцоўкі для запуску баявых дронаў каля Магілёўскай вобласці

У Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі непадалёк ад Магілёўшчыны ўладкоўваюцца новыя расійскія пускавыя комплексы.

Смаленская вобласць

Вайсковы аэрадром Шаталава ў Смаленскай вобласці знаходзіцца за 46 км да мяжы з Беларуссю і за 145 км да Магілёва. Яго пачалі выкарыстоўваць з 2025 года. Гэта найбліжэйшае да краін NATO вядомае месца запуску расійскіх баявых дронаў.

Маштабнае ўладкаванне інфраструктуры на гэтым аб’екце пачалося год таму. Ужо ў першыя месяцы на ўсходняй частцы аэрадрома былі заўважаныя дзве стацыянарныя пускавыя ўстаноўкі для запуску беспілотнікаў тыпу «Шахед». Пазней колькасць такіх пазіцый істотна павялічылася. На спадарожнікавым здымку ад 5 траўня 2026 года, які апынуўся ў распараджэнні Радыё Свабода, можна налічыць каля дзесяці пускавых установак.

Работы на тэрыторыі аэрадрома працягваюцца і цяпер. Акрамя новых стартавых пазіцый, тут былі размешчаныя элементы супрацьпаветранай абароны, а таксама збудаванне, якое па сваіх прыкметах можа выкарыстоўвацца як сховішча для беспілотнікаў.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых рэсурсаў, запускі дронаў з гэтай пляцоўкі адбываюцца рэгулярна і ў асобныя перыяды могуць фіксавацца некалькі разоў на працягу аднаго тыдня.

Спадарожнікавы здымак ад 1 сакавіка 2026 года сведчыць, што аэрадром, верагодна, выкарыстоўваецца не толькі для запуску стандартных «Шахедаў», але і для больш сучасных рэактыўных беспілотнікаў сямейства «Герань». На фотаздымку бачныя цёмныя сляды на снежным покрыве, якія могуць быць вынікам працы рэактыўных рухавікоў падчас стартаў з пускавых установак.

Бранская вобласць

Вайсковы аэрадром Сешча ў Бранскай вобласці знаходзіцца за 45 км да мяжы з Беларуссю і за 190 км да Магілёва. Ён выкарыстоўваўся ў 2022—2023 гадах.

Гэты аэрадром ужо не першы год згадваецца ў кантэксце выкарыстання расійскіх беспілотнікаў у вайне супраць Украіны. Яшчэ ў 2023 годзе прадстаўнікі ўкраінскага вайсковага камандавання заяўлялі, што гэты аб’ект належыць да ліку асноўных пляцовак, з якіх ажыццяўляліся запускі дронаў-камікадзэ. Падобныя высновы агучвала і брытанская разведка, адзначаючы выкарыстанне аэрадрома для атак па ўкраінскай тэрыторыі, у тым ліку на кіеўскім напрамку.

Акрамя выканання баявых задач, Сешча доўгі час захоўвала значэнне аднаго з ключавых лагістычных цэнтраў расійскай арміі. Паводле звестак маніторынгавай супольнасці «Беларускі Гаюн», у перыяд з 2022 па 2024 год праз гэты аэрадром рэгулярна праходзіла перамяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі і розных вайсковых грузаў паміж Расіяй і Беларуссю.

У траўні 2023 года аб’ект трапіў пад удар украінскіх беспілотнікаў. Пасля гэтай атакі згадкі пра Сешчу як пра месца запуску «Шахедаў» сталі з’яўляцца значна радзей. Разам з тым аэрадром не страціў свайго значэння для расійскай ваеннай авіяцыі і працягнуў выкарыстоўвацца для транспартных і дапаможных аперацый.

Свежыя спадарожнікавыя здымкі ад 4 чэрвеня 2026 года сведчаць пра далейшае развіццё інфраструктуры аб’екта. На тэрыторыі аэрадрома зафіксаваныя новыя інжынерныя работы, а ў шэрагу месцаў абсталяваныя спецыяльныя земляныя пазіцыі, якія могуць выкарыстоўвацца для размяшчэння сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Звяртае на сябе ўвагу і размяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі. Транспартныя самалёты знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад аднаго, што можа быць звязана з мерамі бяспекі. Частка паветраных суднаў дадаткова прыкрытая аўтамабільнымі шынамі – такі спосаб абароны расійскія вайскоўцы ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі на іншых аэрадромах для зніжэння рызыкі пашкоджанняў у выніку атак беспілотнікаў.

***

Акрамя гэтых двух аэрадромаў, комплекс для запуску дронаў створаны каля вёскі Цымбулава ў Арлоўскай вобласці, за 200 кіламетраў ад межаў Беларусі, комплекс запуску «Шахедаў» пад Наўляй у Бранскай вобласці за 127 км ад беларускай мяжы і комплекс запуску беспілотнікаў каля Асавіцы ў Бранскай вобласці за 163 км да мяжы з Беларуссю.

Фотаздымак: Радыё Свабода

← Усе навіны Магілёва