Цягам амаль трох гадоў магіляўчанка, працуючы галоўным бухгалтарам прыватнай фірмы, скрала больш за чвэрць мільёна рублёў.
Сямігадовы тэрмін калоніі прызначыў суд Кіраўскага раёна 42-гадовай жыхарцы Магілёва. Жанчына выкарыстоўвала службовае становішча для таго, каб рэгулярна пералічваць на свой рахунак грошы прадпрыемства.
Гісторыя цягнулася з пачатку 2023 года да канца 2025-га. За гэты час бухгалтарка здолела вывесці з рахункаў арганізацыі больш за 268 тысяч рублёў.
На сваёй пасадзе яна фактычна кантралявала ўсе фінансавыя патокі кампаніі. У яе распараджэнні былі доступ да інтэрнэт-банкінгу, электронны ключ для правядзення плацяжоў і права афармляць плацёжныя дакументы. Іншыя супрацоўнікі прадпрыемства такіх паўнамоцтваў не мелі.
Менавіта гэта, як высветлілася ў судзе, і дазволіла ёй гадамі заставацца па-за падазрэннямі. Жанчына ўносіла ў бухгалтарскія дакументы недакладныя звесткі і афармляла плацяжы на сваю карысць. На паперы гэта выглядала як выплата заробку, адпускных, матэрыяльнай дапамогі або кампенсацыя гаспадарчых выдаткаў. Пасля падпісаныя ёю ж дакументы адпраўляліся ў банк, а грошы – на асабісты рахунак.
Сума незаконна атрыманага даходу склала больш за чвэрць мільёна рублёў. Частку гэтых сродкаў магіляўчанка траціла не толькі на штодзённыя патрэбы. Паводле матэрыялаў справы, грошы ішлі таксама на стаўкі ў азартных гульнях на інтэрнэт-пляцоўках.
Падчас судовага разгляду абвінавачаная не адмаўляла сваёй віны і цалкам прызнала абвінавачанне. Суд улічыў, што жанчына раскаялася ў зробленым, часткова пакрыла шкоду і выхоўвае непаўналетняе дзіця.
Тым не менш, памер нанесенай шкоды аказаўся настолькі вялікім, што пазбегнуць рэальнага пазбаўлення волі не ўдалося.
Суд прызнаў магіляўчанку вінаватай у прысваенні маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Акрамя тэрміну зняволення, ёй прызначылі штраф у памеры 4,5 тыс. рублёў і забарону цягам пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з фінансамі і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.
Таксама былую галоўную бухгалтарку абавязалі вярнуць прадпрыемству больш за 183 тыс. рублёў у кошт пакрыцця маёмаснай шкоды, нанесенай злачынствам. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
