Качанава

У Бабруйску знайшлі месца, каб пагаварыць пра занятасць – прыязджала сама Качанава

Пасяджэнне савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры “парламенце” правялі на базе ААТ «Белшына». Сустрэчу ўзначаліла Наталля Качанава. Тэма была сур’ёзная: занятасць насельніцтва і роля мясцовых дэпутатаў у яе падтрымцы. 

Высветлілася: сітуацыя на рынку працы ў цэлым добрая. Колькасць занятых расце, беспрацоўе падае, эканоміка развіваецца. У доказ прагучалі нейкія самазаспакаяльныя лічбы з нейкіх “асноўных індыкатараў”.

Галоўны “дэпутат” Магілёўскай вобласці Гарошкін заявіў, што работа добра наладжана і выказаў жаданне супрацоўнічаць з калегамі з іншых рэгіёнаў, дзеля “прырастання эканомікі”.

Вось тут ёсць нюансы. Каля 15 тысяч прадпрыемстваў краіны адчуваюць недахоп работнікаў, а колькасць вакансій па рабочых прафесіях перавышае 160 тысяч. Пры гэтым забяспечанасць кадрамі ў краіне ацэньваюць у 96 працэнтаў.

На месцах з «незанятымі ў эканоміцы» працуюць спецыяльныя камісіі. Як вядома, толк ад іх нулявы – народ аддае перавагу раз на месяц чысціць снег, абы не працаўладкоўвацца ў галоўныя кузні працвітання – калгасы.

Пасля пасяджэння Качанава агледзела вытворчыя магутнасці «Белшыны». Гэта дазволіла ёй самой пераканацца, што занятасць высокая, беспрацоўе нізкае, эканоміка расце – хаця вакансій усё больш, кадраў усё менш, а абмяркоўваць дабрабыт даводзіцца ўсё часцей.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва