У чавускай ячэйцы ЛДБП налічваецца семдзесят два чалавекі. Сярод іх – першы намеснік старшыні райвыканкама.
Чавускую раённую арганізацыю Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі ўзначальвае ідэолаг Чавускага лясгаса Надзея Падалякіна, якая набывала карысны досвед, працуючы ў сферы культуры рэгіёна.
Падалякіна ганарыцца тым, што ў яе партыю ўваходзіць першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Пухоўскі, створаны ТГ-канал «ЛДПБ Чавусы Надзея Падалякіна», партыйныя ўнёскі плаціць не трэба, а свой адміністрацыйны рэсурс для вярбоўкі новых адэптаў Алега Гайдукевіча яна не выкарыстоўвае.
Ліберальныя дэмакраты Чавус жывуць поўным жыццём – удзельнічаюць у акцыях «Збяром школьны партфель», «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы».
Калі ж глядзець на рэчы цвярозым позіркам, то сярод чатырох беларускіх партый, беззаветна адданых Лукашэнку, ЛДБП заслужыла імідж партыі злодзеяў і махляроў.
Не без падстаў. Многія вядомыя дзеячы гэтай структуры былі асуджаныя зусім не за прыхільнасць ліберальна-дэмакратычным каштоўнасцям:
- у 2018 годзе за махлярства і карупцыю асудзілі намесніка старшыні партыі Уладзіміра Карунаса;
- у 2019 годзе судзілі кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргея Ермыкіна – за махлярства;
- у 2021 годзе ў «зону» адправіўся бліжэйшы паплечнік Гайдукевіча Аляксандр Косач – за хабарніцтва і махлярства.
Пра тое, як ідуць партыйныя справы ў спецыялісткі па культурных і лясных угоддзях Надзеі Падалякінай, відаць па яе знакамітым тэлеграм-канале – на яго падпісаныя 40 актывістаў, гэта значыць нават не ўсе мясцовыя члены партыі.
Тым не менш, асабістыя заслугі ў Падалякінай усё ж маюцца. Яна прыйшла ў лясгас у лістападзе 2023 года, а ўжо ў сакавіку 2025-га атрымала дыплом за лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы.
Дарэчы, у сферу культуры настаўніца хіміі Падалякіна перайшла з пасады першага сакратара раённай арганізацыі ГА «БРСМ».
Такім чынам, у шэрагі ліберальных дэмакратаў актывістка ўпіса́лася вельмі гарманічна.
Цяпер для Надзеі галоўнае – не перахімічыць з «лібералізмам», бо сёння за яго ў Беларусі даюць да васьмі гадоў.
Фота раённай газеты.