пнеўманія

У Магілёве больш няма ковідных пнеўманій, кажуць чыноўнікі ад медыцыны

Чыноўнікі сцвярджаюць, што такіх ковідных пнеўманій, якія былі ў 2020-2021 гадах, зараз няма ў Магілёве.

У Магілёве пацыентаў з ковідам працягваюць шпіталізаваць, але іх колькасць невялікая. Пра гэта распавяла БелТА намесніца галоўнага ўрача па інфекцыйных захворваннях Магілёўскай бальніцы №1, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Ірына Бас.

Паводле яе, ужо каля года ў асноўным шпіталізуюць людзей з хранічнымі праблемамі здароўя, такімі як сардэчна-сасудзістыя захворванні, дыябет, анкалагічныя паталогіі. Сярод пацыентаў таксама сустракаюцца дзеці ва ўзросце да аднаго года.

Яна адзначае, што цяпер ковід працякае лёгка, і ў рэанімацыі з ім няма ніводнага пацыента. Людзі ляжаць у звычайных інфекцыйных аддзяленнях. “Тых ковідных пнеўманій, якія былі ў 2020–2021 гадах, цяпер няма» – адзначыла Бас.

Паводле яе, зараз хвароба праяўляецца як звычайная вірусная інфекцыя верхніх дыхальных шляхоў – боль у горле, асіпласць голасу, насмарк, сухі кашаль. Пнеўманіі здараюцца рэдка і пераважна ў людзей з спадарожнымі захворваннямі. «Як правіла, пнеўманія ўзнікае, калі зверху накладваецца бактэрыяльная інфекцыя, гэта значыць фармуецца змяшаная інфекцыя» – дадала інфекцыяністка.

Не адмаўляючы слоў праўладнага медыка, варта памятаць, што пяць гадоў таму чыноўнікі хавалі ад людзей праўду аб захворваемасці ковідам і смяротнасці ад яго ў Беларусі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва