Замкавая гара Крычаў

У Крычаве ўпарадкавалі крыніцу каля Замкавай гары

Крыніцу каля старажытнага гарадзішча Замкавая гара ўпарадкавалі ў Крычаве. 

У старой частцы Крычава знаходзіцца некалькі крыніц і дзве малыя рэчкі. Аднак за апошніх некалькі дзесяцігоддзяў гэта літаральна першы водны локус, які пазбавіўся свайго занядбанага выгляду і ператварыўся ва ўзорны прыродны аб’ект каля старажытнага дзядзінца горада. 

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што дэпутаты крычаўскага райвыканкама выйгралі фінансаванне ў памеры 27 тысяч даляраў у межах конкурса малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонда. Менавіта на гэтую суму і былі набыты матэрыялы для добраўпарадкавання крыніцы – паведамляе тэлеграм-канал раённага выдання “Крычаўскае жыццё” 

Прадстаўнікамі крычаўскага райвыканкама быў распрацаваны спецыяльны праект для захавання крыніцы каля гарадзішча Замкавая гара як прыроднага і гістарычнага аб’екта, а таксама на паляпшэнне ўмоў для адпачынку і экалагічнай асветы на прылеглай тэрыторыі.

“Доўгія гады крыніца, абрамленая жалезабетонным кальцом і злучаная з рачулкай Забялышанкай, заставалася папулярным месцам сярод мясцовых жыхароў. Вада з крыніцы вылучалася мяккасцю і чысцінёй. Аднак адсутнасць належнага догляду і некантраляваныя наведванні паставілі пад пагрозу ўнікальную экасістэму” – адзначалася ў конкурсным праекце.

На сённяшні дзень на крыніцы знаходзіцца драўляны зруб, накрыты спецыяльным драўляным купалам, на версе якога размешчана металічная “цыбуліна” з праваслаўным крыжом. Побач з крыніцай зроблены ходнік, пастаўлена альтанка, некалькі лавачак, а таксама пасаджаны дрэвы і кветкі. Тэхнічным ноўхаў сталася спецыяльнае энергазберагальнае асвятленне, якім абсталяваная прылеглая тэрыторыя. 

Фота: krichevlive.by

← Усе навіны Магілёва