Фабрыкай катаванняў назваў калонію №17 у Шклове дэпартаваны ў Літву палітвязень Аляксандр Ярашук.
“Шклоўская калонія – гэта фабрыка катаванняў, якую ўзначальвае спадар Карніенка, які, напэўна, вельмі імкнецца быць генералам. Пакуль ён палкоўнік, і хутчэй за ўсё, яго ацэняць па заслугах” – сказаў на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільні былы старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БДКП) Аляксандр Ярашук.
“Я яшчэ не адбыў каранціна, а ўжо трапіў у ШЫЗА (штрафны ізалятар). А самае жудаснае ШЫЗА ў Беларусі – гэта ў Шклове. І калі першую ноч я думаў, што яе і не перажыву, але я перажыў у свае 72 гады. Зараз мне 74 гады. Калі я перажыў, то я ўжо ведаў, што больш ніхто, ніяк і ніколі не зможа нада мной ўзяць верх. І ў той жа дзень, калі ўжо развіднела, калі я не мог спаць насамрэч, бо праз кожныя 15 хвілін ты вымушаны падымацца, каб прысядаць і адціскацца ад падлогі, таму што інакш ад холаду замерзнеш, я выйшаў і сам сабе сказаў: “Пайшлі вы далёка-далёка” і пачаў спяваць”.
Ён распавёў, што назіраў, якая будзе рэакцыя, але ніякай рэакцыі не было, поўная цішыня. “І я зразумеў, што яны насамрэч баяцца” – сказаў Ярашук.
Паводле дэпартаванага, падчас зняволення і падчас дэпартацыі ён бачыў у асноўным людзей у масках: “Дык хто гаспадары ў краіне? Калі яны, то чаго так баяцца? Яны ведаюць, што раней ці пазней за ўсё давядзецца адказваць. У тым ліку і за тыя пашпарты, якія ў нас скралі”. Як стала вядома, частку дэпартаваных выдварылі ў Літву без пашпартоў.
У разуменні Ярашука гэта фактычна пазбаўленне грамадзянства.
Пры гэтым ён паабяцаў абавязкова вярнуцца ў Беларусь: “Мы справядлівыя гаспадары нашай краіны, нашай любай Беларусі”.
Сілу вытрымаць у “тых нечалавечых умовах” палітвязням “даў беларускі народ”, заявіў экс-кіраўнік БКДП.
Ярашук таксама падзякаваў за падтрымку сваёй сям’і, прэзідэнту ЗША, Еўразвязу, Літве, Польшчы.
11 верасня 2025 года з Беларусі ў Літву былі прымусова вывезены 52 палітычныя вязні. Сярод іх было 14 замежных грамадзян і 38 грамадзян Беларусі.
Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай