Жыхарка Глускага раёна ўзяла тры крэдыты для кібермахляроў

Жыхарка Глускага раёна ўзяла тры крэдыты для кібермахляроў – развялі на сумленнасць і ганарлівасць

Пачатак 2023 года адзначыўся на Глушчыне рэзкім ростам кібермахлярстваў – паведамляе газета “Радзіма”. У раёне толькі ў студзені 6 чалавек сталі ахвярамі падобных махлярстваў. 

Самая характэрная гісторыя адбылася ў адным з сельскіх населеных пунктаў Глускага раёна. На прыкладзе гэтай гісторыі добра бачна, як дзейнічаюць махляры. 

Тэхналогія махлярства аказалася класічная, і яе першы этап – уваходжанне ў давер. 

На гэтым этапе вядуцца размовы і тонкая псіхалагічная гульня. Злачынцы спекулююць як на самых лепшых чалавечых якасцях – сумленнасці, спачувальнасці, так  і на некаторых пароках, напрыклад на ганарлівасці. 

У снежні 2022 года нашай гераіне патэлефанавалі з Telegram. Хтосьці назваў сябе прадстаўніком асацыяцыі беларускіх банкаў і пераканаў суразмоўцу стаць удзельнікам спецыяльнай аперацыі па выяўленні ашуканцаў сярод банкаўскіх работнікаў. Жанчына засумнявалася, але суразмоўцам удалося ўвайсці ў давер. Пра аперацыю ніхто не павінен быў ведаць, у тым ліку блізкія сваякі. 

Як бачна, у глускім выпадку ашуканцы абапіраліся на сумленнасць і жаданне справядлівасці вясковай жанчыны. Але важную ролю сыграла і акцэнт на тым, што ёй даверылі выкананне важнай ролі выкрывальніцы злачынцаў. Такая роля дазваляе чалавеку лічыць сябе абраным, выключным, далучаным да сакрэтнай аперацыі, робіць ягонае жыццё напоўненым нейкім важным сэнсам. 

Другі этап – афармленне крэдытаў. 

Жанчыне патлумачылі, што для выкрыцця банкаўскіх ашуканцаў, неабходна падаць заяўку на крэдыты. Выконваючы загады ілжывых супрацоўнікаў асацыяцыі, яна ўзяла крэдыт на 6400 рублёў у банку, а потым у іншым банку яшчэ на 3000. 

Трэці этап – усталяванне ілжэпрылажэння.

Жанчыну пераканалі ўсталяваць прылажэнне з функцыяй аддаленага доступу (пра што яна не ведала). З дапамогай яго злачынцы змаглі перавесці ўсе 9400 рублёў на ўласны рахунак. Сваёй добраахвотнай памочніцы яны патлумачылі, што ён бяспечны. 

Чацвёрты этап – паўтор махлярства.

Калі ахвяра аказалася занадта даверлівай, і ўсё для ашуканцаў прайшло па іх злачыннай схеме, то яны спрабуюць паўторна развесці сваю ахвяру на грошы. 

Вось і наша глуская жанчына праз некалькі тыдняў, па ўказанні “спецыялістаў па асацыяцыі”, ізноў узяла крэдыт, ужо ў трэцім банку на 4000 рублёў, якія сама перавяла сваім суразмоўцам. 

Увесь гэты час жанчына нікому не расказала пра “спецыяльную аперацыю”, нават супрацоўнікам рэальнага банка, якія былі заклапочаны тым, што грамадзянка афармляе трэці крэдыт за месяц. 

Пяты самы кароткі этап – развітанне. 

Натуральна, што пасля пераводу ўсіх грошай жанчыны на свае рахункі махляры зніклі і на званкі не адказвалі. Яна засталася сам насам са сваімі крэдытамі, а потым звярнулася ў міліцыю. 

Кіраўнік аддзелу ўнутраных спраў Глускага раёна Сяргей Красавін пацвердзіў, што новы год сапраўды адзначаны рэзкім павелічэннем кіберзлачынстваў. Калі ў 2022 годзе іх у раёне было зарэгістравана 13, то толькі за 1 месяц гэтага года – 7 (па 5 з іх ужо распачаты крымінальныя справы, а па двух праводзіцца расследаванне). 

Адных ахвяр ашуканцы ўгаварылі ўзяць крэдыты а потым авалодалі гэтымі грошамі, кагосьці пераканалі ўсталяваць прылажэнне і “спісалі” сабе грошы, хтосьці стаў удзельнікам “рэкламнай гульні” і таксама страціў свае зберажэнні на карце. 

Фота з адкрытых крыніц.