«Здаралася, мы спрачаліся». Станіслава Шушкевіча згадвае магілёвец Міхась Булавацкі

Жыццё і дзейнасць гэтага чалавека яшчэ знойдуць сваіх даследчыкаў, піша пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі ягоны аднапартыец, руплівец беларушчыны з Магілёва Міхаль Булавацкі. Ён упэўнены, што «мы будзем помніць тыя чатыры вірлівыя гады вольнай (сапраўды вольнай), хаця й галоднай Беларусі, калі краіну ў свеце прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч».

 


Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня. Развітанне з ім пачнецца 6 траўня а 20:00 і працягнецца да 14:30 7 траўня ў Менску ў Архікафедральным касцёле Панны Марыі.

Старшыня Шушкевіч – грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі. Старшыня Вярхоўнага савету 12-га склікання (1991–1994), адзін з падпісантаў Белавежскага пагаднення, якое паставіла кропку ў існаванні СССР, член-карэспандэнт Акадэміі навук.


І Беларусь выскачыла з клеткі пад назвай СССР

Адышоў у лепшы свет чалавек, чыім аўтографам распачалася новая гісторыя Беларусі. Дзве постаці будуць успамінаць людзі, аглядваючыся на той пачатак: Зянона Пазняка, які з паплечнікамі падрыхтаваў магчымасць таго аўтографа, і Станіслава Шушкевіча, які той аўтограф паставіў. «Ды ў яго рукі трэсліся», – іранізуюць скептыкі, якіх хапае. Хай сабе і трэсліся. У каго б не задрыжэла сэрца, не сцялася душа, не памутнела ў галаве ад важкасці той падзеі? Але аўтограф стаіць. І Беларусь выскачыла з клеткі пад назвай СССР.

GETTY IMAGES

«Невозможно понять, как это великая страна исчезла с карты мира», – бядуе нехта В.Багамазаў у «Весніку Магілёва» (30.11.2016). А вось так і знікла, бо і павінна была знікнуць дзяржава, дзе правадыры здзекаваліся з уласнага народу, знішчалі яго. Развалілі яе не Ельцын-Краўчук-Шушкевіч, развальвалі яе ўсе разумныя яе насельнікі – А.Сахараў, В.Быкаў, А.Разанаў, А.Салжаніцын, У.Высоцкі і шмат іншых менш вядомых асоб. А тыя, хто бядуе пра развал вялікай краіны, чамусьці не паўсталі ў 1991 годзе на яе абарону.

Але Бог з імі. Сёння ж не пра іх.

Аб’явіў Беларусь безьядзернай зонай

Станіслаў Шушкевіч, будучы старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі, фактычна не меў улады ў сваіх руках. Усе яго функцыі зводзіліся да таго, каб сабраць Вярхоўны Савет і кіраваць яго паседжаннем. Але ўсё ж яму ўдалося паспрыяць некалькім важным крокам для краіны, напрыклад, пазбавіцца ад ядзернай зброі і аб’явіць Беларусь безьядзернай зонай. Некаторым дзіўным палітыкам сёння гэта падаецца памылкай. Але такіх памылак паболей бы.

golosameriki.com

І па сканчэнні свайго старшынства ў ВС, Станіслаў Шушкевіч не знізіў грамадскай і палітычнай актыўнасці, доўгі час узначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, выступаў з публікацыямі ў беларускай і не толькі беларускай прэсе, з лекцыямі ў розных краінах. Гэта ў тым ліку прыносіла яму і невялікі даход, бо жыць на пенсію, якую яму выдзеліў абраны ў 1994 годзе кіраўнік дзяржавы, не было магчымасці.

Калісьці, сустрэўшыся з адным сваім сваяком, падпалкоўнікам у адстаўцы, які пачаў нешта плявузгаць на Шушкевіча, я сказаў, што Шушкевіч жыве на пенсію ў два даляры. «Не пі…дзі», – абурыўся той. Я пазней прынёс яму нумар «Народнай волі», дзе была табліца з памерам пенсіі, якую атрымліваў Шушкевіч за некалькі год, і далей спыніў кантакты з гэтым сваяком. Дзяржаўную пенсію Шушкевіч так і не атрымаў, а пазней, калі здароўе патрабавала ўсё большай увагі і ездзіць па замежжах стала праблемна, быў вымушаны аформіць пенсію як прафесар універсітэту.

Спрачаліся па пытанні аб рэферэндуме пра роспуск Вярхоўнага Савета

Пісаў і выдаваў кнігі. Аднойчы, калі пачуў пра маё беларускамоўнае рэпетытарства, прапанаваў напісаць тэкст пад назвай «Як я абараняю родную мову пры панаванні іншамоўя» у зборнік, які ён рыхтаваў. Зборнік «Ненасілле і Беларусь» выйшаў у Варшаве ў 1999 годзе.

Потым даслаў мне друкапіс кнігі «Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы». Але рабіць нейкія заўвагі па тэксце я не насмеліўся. Тэматыка не майго мыслення.

Здаралася, мы спрачаліся. Найбольш па пытанні аб рэферэндуме пра роспуск Вярхоўнага Савету, які не адбыўся. Мне так і не ўдалося пераканаць яго, што гэта была памылка. Але тое не перашкодзіла мне паважліва ставіцца да яго. І калі Грамада распадалася на некалькі новых партый, я застаўся з Шушкевічам.

Загадваў набыць скрыню малдаўскага «Кабернэ»…

Пра Шушкевіча ранейшага, яшчэ савецкага прафесара цікава ўспамінае яго былая студэнтка Тамара Мацкевіч:

«Пасля аварыі на ЧАЭС Шушык (так мы яго любоўна называлі на фізфаку) адмяніў усе лабы на кафедры ядзернай фізікі, якой ён тады загадваў, разагнаў студэнтаў па дамах, загадаў памыць абутак, набыць скрыню малдаўскага «Кабернэ», пачак антыструміну і не выходзіць на вуліцу да абароны дыплому (мы былі на 5-м курсе).

Праўда, мы выканалі толькі тую частку, якая пра кабернэ. Сам жа арганізаваў у лабараторыі пункт прыёму насельніцтва, каб людзі маглі праверыць на радыяцыю прадукты, асабліва прывезеныя з забруджаных раёнаў. Даў пра гэта абвестку ў «Вячэрні Мінск». З-за гэтага ў яго пачаліся праблемы з кіраўніцтвам краіны, якія (хутчэй за ўсё) і прывялі яго ў палітыку».

Жыццё і дзейнасць гэтага чалавека яшчэ знойдуць сваіх даследчыкаў. А мы будзем помніць тыя чатыры вірлівыя гады вольнай (сапраўды вольнай), хаця й галоднай Беларусі, калі краіну ў свеце прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.

фота: VIKTOR DRACHEV/TASS