Вайна ва Ўкраіне. У Харкаве Расія зноў забіла людзей (абноўлена)

За прамінулыя содні ў Харкаўскай вобласці ад расійскіх абстрэлаў загінула 4 чалавекі. Адна жанчына сканала ў шпіталі. З раненнямі ў мясцовыя больніцы даставілі 10 чалавек.

Пазней колькасць пацярпелых узрасла да 14 чалавек. З іх трое дзяцей: 3, 11 і 15 гадоў.

«Дзеці шпіталізаваныя. Медыкі ацэньваюць іх стан як сярэдні. Пагрозы іх жыццю няма. 4 дарослых атрымалі лёгкія траўмы, шпіталізацыя не спатрэбілася, ім аказалі медычную дапамогу на месцы. Стан астатніх пацярпелых – сярэдні», – адзначае кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паводле яго, ноччу, 9 верасня, расійскія войскі інтэнсіўна абстрэльвалі ракетамі абласны цэнтр і паселішчы рэгіёну.

«Пашкоджаныя прыватныя дамы, вучэбна-спартыўны цэнтр, гаспадарчыя будынкі», – паведамляў ён.

Па яго словах, за прамінулыя содні медыкі шпіталізавалі 10 чалавек: 8 – у Харкаве і дваіх у вобласці. Загінулі 4 чалавекі: 2 у Харкаве і два ў паселішчах рэгіёну. У Харкаве шпіталізаваная 53-гадовая жанчына памерла.

Алег Сінягубаў звязвае абстрэлы гораду «з поспехамі Узброеных Сіл, якія цяпер вызваляюць тэрыторыю вобласці».

«Нашы салдаты вельмі матываваныя і не пакінуць ворагу ніводнага шанцу. Вораг дэмаралізаваны і ўцякае з нашай зямлі. Мы сур’ёзна прасоўваемся і на Балаклійскім напрамку, і на іншых кірунках, але пакуль пра гэта казаць зарана», – піша ён у сваім тэлеграм канале.

Інфармацыйнае агенцтва «УНІАН» нагадвае, што 8 верасня ў выніку ўдару расійскіх войск у Харкаву пашкоджаны адміністрацыйны будынак. Загінулі двое мужчын, раненні атрымалі 5 чалавек. Двое з іх – 49-гадовы мужчына і жанчына 21 года – у цяжкім стане.