У Клімавіцкім раёне затрымалі нелегала, які быў абвешчаны ў міжнародны вышук

Аперацыя “Нелегал Трафік” праводзілася па ўсёй Беларусі і ў краінах АДКБ з 27 чэрвеня па 4 ліпеня. “Нелегал – 2022” – першы этап масштабнай аперацыі спецслужб, якая закліканая зменшыць пагрозы ад нелегальнага трафіку мігрантаў у межах краін Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. 

Магілёў.media паведамляў, што ў межах аперацыі “Нелегал” на Магілёўшчыне выявілі двух грамадзян Расіі і аднаго грамадзяніна Казахстана. І, як стала вядома з нататкі газеты “Родная ніва”, падчас аперацыі таксама быў затрыманы нелегал, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пра яго грамадзянства, абставіны затрымання і прычыны вышуку не паведамляецца.

Важна адзначыць, што на трафік людзей, якія імкнуцца нелегальна перасячы межы суседніх дзяржаваў, уплываюць, акрамя іншага, рэпрэсіўныя метады пераследу іншадумства рэжымамі краін, што ўваходзяць у АДКБ.  

У Беларусі за час аперацыі “Нелегал трафік” было выяўлена каля 1,5 тысяч выпадкаў парушэння міграцыйнага заканадаўства. За грубае парушэнне правілаў перабывання ў краіне з Беларусі выгнаныя 140 замежнікаў, супраць 15 узбуджаныя крымінальныя справы. Усяго па краіне затрыманыя 10 чалавек, якія былі абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Аперацыя “Нелегал трафік” праводзіцца шляхам адпрацоўкі месцаў кампактнага перабывання замежных грамадзян – а гэта вакзалы, рынкі, інтэрнаты, здымныя кватэры – паведаміў сайту МУС Беларусі начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

фота носіць ілюстрацыйны характар

фота: Бераставіцкая газета