У католікаў Бабруйска забралі адзіны касцёл

У католікаў Бабруйска забралі адзіны касцёл

Шматпакутны Бабруйскі касцёл, які ў свой час быў урэзаны ў іншы дом – больш не ўласнасць каталіцкай парафіі.

Сёння ксёндз  Андрэй у Бабруйску аб’явіў, што касцёл  Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі больш не з’яўляецца ўласнасцю парафіі – пішуць вернікі на старонцы ў Фэйсбуку. Магчыма, ім прыйдзецца разбіраць арган. 

Пішуць і пра тое, што парафія вымушана будзе наймаць памяшканне для правядзенне імшы ў касцёле.  

На здымках – фота касцёла, як ён выглядае зараз і 100 гадоў назад і таксама 3D рэканструкцыя будынка на 100 гадоў таму.

На вялікія святы касцёл поўны вернікамі. Але звычайна ў нядзелю прыходзіць каля 100 чалавек. Усяго ў  Бабруйску каля 3 000 каталікоў.

Даведка. У рымска-каталіцкай канфесіі ў Бабруйску адзін храм – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай, д. 121.

Старажылы ўспамінаюць, што ў перадваенныя гады, калі даводзілася ехаць у цягніку, пакуль ён праходзіў праз горад па высокім насыпе ад станцыі Бабруйск да станцыі Бярэзіна ці назад, з акна вагона з вачэй не знікалі дзве архітэктурныя дамінанты: праваслаўны сабор і каталіцкі касцёл.

Касцёл быў не толькі самым высокім, але, мабыць, адзіным цагляным будынкам на сённяшняй Кастрычніцкай (раней Касцельнай) вуліцы.

Касцёл пабудаваны ў 1910-я гады на сабраныя вернікамі і падораныя сродкі. Будынак з  чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. На фасадзе ўзносілася чатырохгранная вежа са шпілем. Гатычныя рысы меў і інтэр’ер храма: амбон, алтары. 

Храм быў асвечаны 9 верасня 1912 года. арцыбіскупам Магілёўскім Вінцэнтам Ключынскім.

Касцёл дзейнічаў да 1935 года, у 1941-1946. 

У 1968 годзе храм страціў сваю вежу-ажурную востраканцовую званіцу, якая надавала яму адмысловую прыгажосць. У будынку размяшчаўся Бабруйскі абласны музей (1944-1954)

Пазней храм літаральна ўбудавалі ў сучасны пяціпавярховы адміністрацыйны будынак будтрэста №13. 

У сакавіку 1990 года касцёл вярнулі вернікам, а 13 ліпеня 1990 года біскуп Тадэвуш Кандрусевіч памылкова надаў бабруйскаму касцёлу тытул Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Пасля рэканструкцыі 9 снежня 1996 года, якую правёў мітрапаліт кардынал Казімір Свёнтак, у назву храма і дыяцэзіі вярнулі гістарычнае імя – Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.