У Чэрыкаве ўхіліста пакаралі 200 гадзінамі грамадскай працы. Адна з гісторыяў нежадання служыць у беларускім войску

18-гадовы хлопец не з’явіўся ў ваенкамат па атрыманні позвы, а паехаў на заробкі.

У ваенкамат ён мусіў прыйсці неўзабаве, як адзначыў паўналецце. У прызначаны для праходжання медычнага агляду дзень хлопец кінуўся ў заробкі. Па вяртанні ў ваенкамат таксама не пайшоў, піша рэсурс Cherikovnews.

Хлопца адшукалі і ў суд. Выданне піша, што ён раскаяўся ў сваім учынку, поўнасцю прызнаў сваю віну.

«Улічваючы гэта, суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе грамадскіх прац тэрмінам на 200 гадзінаў», адзначае Cherikovnews, спасылаючыся на звесткі раённай пракуратуры.

Гісторыя 18-гадовага прызыўніка з Чэрыкаўскага раёну адна з шматлікіх. Магілёў.media пісаў, як адбываецца прызыўная кампанія і, наколькі служба ў беларускім войску папулярная ў моладзі. Многія маладзёны шукаюць нагоды, каб пазбегчы яе.

У кожным беларускім рэгіёне знаходзіцца да 100 і болей маладых людзей, якія не прыходзяць на прызыўныя пункты. Летась за першыя паўгода ад ваенных камісараў у органы ўнутраных спраў паступіла блізу 5 тысяч зваротаў па ўхіленні і 3 тысяч – аб прыцягненні прызыўнікоў да адміністрацыйнай адказнасці. Сёлетнюю статыстыку па ўхілістам адшукаць не ўдалося.

Прымус і запалохванне становяцца памагатымі ў справе развязання праблемы з прызыўнікамі.