Махінацыі з наркатычнымі лекамі прывялі траіх жыхароў Асіповіцкага раёна да сур’ёзнага пакарання.
У пачатку жніўня 2025 года супрацоўнікі міліцыі затрымалі 35-гадовага жыхара раёна. Падчас асабістага дагляду ў яго выявілі 148 таблетак, што ўтрымлівалі небяспечныя псіхатропныя рэчывы, дазволеныя да кантраляванага абароту.
Як потым аказалася, гэтыя прэпараты мужчына набыў у двух сваіх знаёмых. Напярэдадні ўсе трое па папярэдняй дамоўленасці выехалі ў Мінск. Там двое з іх звярнуліся ў прыватны наркалагічны цэнтр па платныя медпаслугі нібыта для лячэння стану адмены псіхаактыўных рэчываў. Атрымаўшы рэцэпты, яны набылі ў аптэцы не менш за 150 таблетак з небяспечным псіхатропным кампанентам і пасля прадалі іх знаёмаму за 600 рублёў. Да моманту затрымання ён паспеў ужыць дзве таблеткі.
У судовым пасяджэнні мужчына, які набыў прэпараты, цалкам прызнаў віну. Двое іншых абвінавачаных сваю датычнасць да незаконнага абароту адмаўлялі. Адзін сцвярджаў, што набыў лекі па рэцэпце для асабістага ўжывання і пакінуў іх у аўтамабілі без намеру перадаваць камусьці яшчэ. Другі заяўляў, што таблеткі знаёмаму не перадаваў і выкарыстаў іх самастойна.
Акрамя таго, падчас ператрусу па месцы жыхарства аднаго з абвінавачаных быў знойдзены згортак з парашкападобным рэчывам масай не менш за 0,32 грама. Экспертыза ўстанавіла, што ў ім утрымліваецца асабліва небяспечны наркотык — метадон. Паводле мужчыны, згортак ён нібыта знайшоў у Мінску пад лаўкай.
Фігурантаў судзілі па “наркатычным” 328-ым артыкуле КК. Той, хто набыў купленыя яго знаёмымі псіхатропныя лекі, атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Адзін з прадаўцоў з улікам папярэдняга прысуду атрымаў восем з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у 2100 рублёў (50 базавых велічынь). Другі прадавец наркатычных лекаў правядзе за кратамі 12 гадоў у калоніі асаблівага рэжыму, таксама са штрафам у 50 базавых велічынь.
Акрамя таго, суд пастанавіў прымяніць да двух асуджаных прымусовае лячэнне ад наркаманіі. Апеляцыя на прысуд была адхілена, ён уступіў у законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц