У абстаноўцы строгай сакрэтнасці – ў Магілёве адкрылі памятную дошку разведчыку Маневічу

Чытачы mogilev.media заўважылі таямнічую цырымонію адкрыцця мемарыяльнай дошкі чэкісту і разведчыку Льву Маневічу, якога лічаць праобразам Шцірліца. Дошка ўсталяваная на будынку ліцэя БРУ па вуліцы Ленінскай. Ліцэй, як высвятляецца, носіць імя Маневіча.

Папярэдне ў афіцыйных крыніцах пра адкрыццё дошкі не паведамлялася, а на месцы мерапрыемства былі заўважаныя людзі ў штатскім, якія перашкаджалі некаторым мінакам фатаграфаваць цырымонію і нават выклікалі міліцыю.

Леў Маневіч нарадзіўся ў Чавусах у яўрэйскай сям’і. З маленства ён жыў у Еўропе, але пасля 1917 года вярнуўся на радзіму і стаў служыць у Чырвонай арміі. Як чалавек, які мае добры жыццёвы вопыт у Еўропе і вольна валодае некалькімі мовамі, ён быў завербаваны ў разведку і адпраўлены для шпіёнскай дзейнасці ў Заходнюю Еўропу. Там Маневіч стварыў разгалінаваную сетку інфарматараў, але быў арыштаваны і на працягу ўсёй Другой Сусветнай вайны утрымліваўся ў зняволенні.

Аднак нават з канцлагераў у яго атрымлівалася перадаваць разведдадзеныя ў Цэнтр. У 1945 годзе Маневіч быў вызвалены амерыканцамі, але амаль адразу ён памёр ад туберкулёза. Некаторыя мяркуюць, што яго асоба стала адным з правобразаў героя раманаў Юліяна Сямёнава – Шцірліца.

“Магілёўскія ведамасці” паведамляюць, што ініцыятарам усталявання памятнай дошкі Льву Маневічу выступіла Магілёўскае абласное упраўленне КДБ.