Тэракт у Crocus City Hall – тэрарысты маглі прыехаць на мікрааўтобусе з магілёўскімі нумарамі

Першапачаткова расійскія прапагандысты выдавалі яго за ўкраінскі. 

На момант падрыхтоўкі матэрыяла вядома, што атака тэрарыстаў у канцэртна-забаўляльнай зале Crocus City Hall у горадзе Краснагорску Маскоўскай вобласці прывяла больш чым да 60 ахвяр і іх колькасць можа павялічыцца. Гэта самы буйны тэракт на тэрыторыі Расіі за апошнія 10 гадоў – піша Meduza. На раніцу 23 сакавіка дакладна невядома, хто стаіць за атакай. Адказнасць на сябе ўзяла арганізацыя ІДІЛ, мачымую сувязь з ісламскімі фундаменталістамі пацвярджаюць супрацоўнікі выведкі ЗША. На расійскім інфармацыйным полі, аднак, прадстаўнікі праўладных медыя і некаторыя чыноўнікі імкнуцца выкарыстаць трагедыю ў ідэалагічным супрацьстаянні з украінскай дзяржавай. 

Так, у цэнтры ўвагі расійскіх СМІ апынуўся белы мікрааўтобус, выяўлены на паркоўцы каля Crocus City Hall у першыя гадзіны пасля тэракта. Журналісты падкрэслівалі, што “Злачынцы маглі ўцячы з «Крокус-Сіці» на падазроным мікрааўтобусе з украінскімі нумарамі”. Магчыма, машына замініравана і на ёй прыехалі тэрарысты – паведамлялася ў СМІ з тлумачэннем, што на меркаваным мікрааўтобусе тэрарыстаў маюцца ўкраінскія аўтамабільныя нумары старога ўзору. 

Як можна пабачыць на відэа з рэгістратара аднаго з аўтамабіляў, што праяжджалі міма цэнтральнага ўваходу ў Crocus City Hall у самым пачатку тэрарыстычнай атакі, людзі са зброяй сапраўды выходзяць з белага мікрааўтобуса, прыпаркаванага на самым уваходзе, пасля чаго пачынаецца страляніна. Фота з часткова размытым нумарным знакам гэтага (меркавана) мікрааўтобуса апублікаваў тэлеграм-канал Shot – на загалоўным фота. Выглядае, што заблюранымі аказаліся першыя лічбы нумару і дзяржаўны сцяг Беларусі, які звычайна размяшчаецца ў левым баку. Астатнія літары і лічба “6” у канцы нумара дэманструюць рэгістрацыю аўто ў Магілёўскім рэгіёне. Для параўнання – вось як выглядаюць украінскія нумары старога ўзору.

А вось як выглядаюць беларускія нумары з “шостага” рэгіёна (фота выпадковае, з соцсетак).

З гэтага вынікае, што падчас здзяйснення тэракта злачынцы маглі выкарыстоўваць аўтамабіль, зарэгістраваны ў Магілёўскай вобласці і, тэарэтычна, самі маглі некаторы час знаходзіцца на тэрыторыі нашага рэгіёна. Адначасова, некаторыя СМІ заяўляюць, што ўласнікі аўтамабіля, на якім, магчыма, прыехалі тэрарысты, ужо знойдзеныя, і імі апынуліся жыхары Цвярской вобласці.

Фота: Shot