Аранжавы ўзровень небяспекі захоўваецца – прагноз надвор’я

На 18 снежня, нядзелю, Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве (аранжавы ўзровень небяспекі).

Па прагнозах  сіноптыкаў, днём у нядзелю воблачна з праясненнямі. Часам снег, верагоднасць ападкаў больш за 90%, слабая мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўноч да -13°С, удзень -5..-7°C. 

Вецер паўночна-заходні хуткасцю да 5-10 м/с, пры парывах да 14 м/с. 

З 18 па 24 снежня ў Магілёве самыя кароткія дні – 7 гадзін і 24 хвіліны.

У панядзелак, на  Міколу Зімовага, прагназуецца рэзкае паніжэнне слупка тэрмометраў, асабліва ў начны час. 19 снежня ўдзень да -9°С пры ясным надвор’і, ападкаў не прагназуецца. Уноч да -14°С, месцамі да 17 -19°С, хуткасць ветра да 3-5 м/с, месцамі да 13-14 м/с.

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». 

Не трэба пужацца такіх нізкіх начных тэмператур на Міколу, бо ў народзе кажуць: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі». Не трэба думаць, што пойдзе чарада марозных начэй. Ад сілы яшчэ адна.

Аўторак, 20 снежня, па ўсіх прагнозах, захаваецца халоднае надвор’е ўночы з марозамі да -16°С, а вось удзень тэмпература падымецца ўжо крыху вышэй за 0°, да +1°С, будзе снег. Узмацніцца вецер, да 8-10 м/с, месцамі да 18-19 м/с.  У гэты дзень і ў наступныя на асобных участках дарог галалёдзіца. 

У сераду 21 снежня і днем і ўноч чакаюцца станоўчыя тэмпературы – да +1°С пры воблачным надвор’і. Снег. Хуткасць ветру да 4 м/с.

У чацвер, 22 снежня, чакаем ноччу тэмпературу каля 0°, днём да +1°С. Снег. Вецер да 5-6 м/с.  

У пятніцу, 23 снежня, прагназуецца воблачнае надвор’е, уноч каля 0°С, днём, магчыма, слупок тэрмометра падымецца да +2°С. Вялікая верагоднасць выпадзення снегу.

Свята Ганны і Зімовае сонцастаянне. «Ганкі — сядайце на санкі». Нягледзячы на станоўчыя тэмпературы, снег не растане. Даўжыня дня найкарацейшая ў годзе – каля 7 гадзінаў, у Магілёве дзень складае 7 гадзін і 24 хвіліны (такая даўжыня з 18 па 24 снежня), даўжыня ночы – 16 гадзін і 36 хвілін.

Прыкладна такое ж надвор’е чакае нас і на выходныя, 24-25 снежня, са снегам. У нядзелю магчыма праясненне неба.

Фота: planetabelarus.by 

Прыродныя катаклізмы ў свеце і надвор’е ў Магілёўскай вобласці

У Аймяконе -60ºС: дзіцячыя садкі працуюць штатна. Град пабіў людзей у Балівіі. Паводкі у Афрыцы, цыклон ў Індыі.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці захаваецца галаледзіца. У чацвер-суботу, 15-17 снежня, дзённыя тэмпературы будуць у дыяпазоне 0 -2º, у начы ад -5º да -12…-14 º С. Чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе снега. У чацвер, 15 снежня магчымы вятры хуткасцю да 10 м/с, месцамі да 17 м/с.

А вось, ужо ў нядзелю, 18 снежня, перад Зімовым Міколам, уночы нас чакае рэзкае паніжэнне тэмператур да -22…-24ºС, – папярэджваюць сіноптыкі.  

Полюс холаду

Нашы прагназуемыя начныя тэмпературы ў -22 º, гэта у 3 разы цяплей, чым удзень у якуціі Аймяконе – 12 снежня тут зафіксавалі 60 градусаў марозу, паведамляецца на сайце Якуцкага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. А ў  райцэнтры Аймяконскага раёна пасёлку Усць-Нера ў гэты ж час тэмпература склала -54ºС. Школьнікаў адправілі на дыстанцыйнае навучанне, а дзіцячыя садкі працуюць штатна: «1010 дзяцей сёння [застаюцца] дома».  

Аймякон –  адзін з вядомых полюсаў холаду ў Якуціі.

На права называцца самай халоднай кропкай паўночнага паўшар’я Зямлі прэтэндуюць два населеныя пункты Якуціі – Верхаянск і Аймякон, дзе фіксаваліся тэмпературы ніжэйшыя за -67 ºС.

Тэмпературу ў −67,8°C у 1885 годзе зафіксаваў ссыльны рэвалюцыянер-народнік, ураджэнец Магілёўшчыны Сяргей Кавалік (1846-1926).

Паводкі ў сталіцы Конга Кіншасе забралі жыцці 50 чалавек.

Моцныя дажджы выклікалі смяротныя паводкі і апоўзні, паведамляе Reuters. Цэлыя раёны былі затоплены бруднай вадой, а на асфальце ўтварыліся варонкі. Па сведчанні паліцыі, колькасць загінуўшых можа ўзрасці.

Кіншаса – сталіца Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, найбуйнейшы мегаполіс Афрыкі з насельніцтвам каля 15 млн чалавек – утварылася на месцы рыбацкіх вёсак на беразе ракі Конга. Урбанізацыя зрабіла горад неабароненым для раптоўных паводак пасля інтэнсіўных дажджоў, якія сталі частымі з-за змены клімату.

 

Град забіў 7 чалавек на выпускным вечары ў Балівіі

У выніку абвальвання даху школы падчас моцнага граду ў вёсцы на высакагорных раўнінах Балівіі загінулі 7 чалавек, якія прысутнічалі на выпускной цырымоніі, паведамляе Terrace Standard. 

Трагедыя адбылася ў вёсцы Сант’яга-дэ-Пачарыя за 100 км ад Ла-Паса. У мінулыя выходныя большая частка Балівіі перажыла праліўны дождж, які часта выпадае ў выглядзе граду ў горных раёнах.

 

На поўдні Індыі цыклон “Мандус” забіў 4 чалавекі і разбурыў 185 дамоў

На паўднёвы індыйскі штат Тамілнад на мінулым тыдні абрынуўся цыклон “Мандус”, – паведамляе Reuters. 

Ураган вырваў з коранем 400 дрэў у сталіцы штата Чэнаі, цэнтры аўтамабільных і тэхналагічных кампаній. Моцны дождж і ўраганны вецер нанеслі ўрон маёмасці і выклікалі перабоі ў падачы электраэнергіі. Ужо вядома аб 4 ахвярах і разбурэнні 185 дамоў.

Звыш 9 000 чалавек былі эвакуіраваны і размешчаны ў 201 лагеры дапамогі.

Надвор’е на заўтра і бліжэйшыя дні. Будзе галалёдзіца

13 снежня на тэрыторыі Магілёўскай вобласці будзе воблачна з праясненнямі і без істотных ападкаў, паведамляе  Белгідрамет. Верагоднасць ападкаў невялікая – 10-15%. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра -1…-3°C. Вецер паўднёва-заходні, 5-10 м/с, парывамі да 14 м/с.

Да канца тыдня дзённыя тэмпературы прагназуюцца ў дыяпазоне -4…-8°C, у чацвер, 15 снежня каля 0°C і мокры снег з дажджом, а ў ноч да -14…-15°C і з вятрамі хуткасцю да 17 м/с.

Начныя тэмпературы на выходныя 17 і 18 снежня могуць апусціцца да -15…-20°C, а ў дзённыя часы слупок тэрмометра не падымецца вышэй за -5…-8°C. Хуткасць вятроў можа дасягнуць да 15 м/с, перадасцярагаюць сіноптыкі.

Надвор’е на выходныя 10-11 снежня ў Магілёўскай вобласці. Аранжавы ўзровень небяспекі

Шквалы, маразы, снегапады, завеі. Папярэджанне аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве (аранжавы ўзровень небяспекі)

Раніцай і днём 10 снежня (субота) у многіх раёнах па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца моцныя ападкі – снег, мокры снег, з дажджом.

У суботу, 10 снежня па Магілёўскай вобласці прагназуецца ў ноч да -6ºС, раніцай да -2ºС, днём  да 0º С. 

У нядзелю, 11 снежня, чакаецца   ў ноч да -4ºС, раніцай  -4º С, днём да -1º С. Вецер паўночны, паўночна-усходні, хуткасцю да 4-8 м/с

Аранжавы ўзровень небяспекі: начныя снегапады з панядзелка на аўторак

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей у ноч з панядзелка 21 лістапада на аўторак 22 лістапада з прычыны снегападаў, папярэджвае Белгідрамет.

У ноч з 21 на 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е, са снегападамі. Слупок тэрмометра апусціцца да -3 -5°С, месцамі да -6°С .  На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна паўночны з хуткасцю да 5-10 м/с. 

У аўторак, 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Месцамі выпадзе снег, да 12 мм ападкаў. На дарогах – галалёдзіца, снегавыя заносы. Вецер заходні, паўночна-заходні, хуткасцю да  4-9 м/с. Прагназуецца дзённая тэмпература да -1 -3°С.

 

Аранжавы ўзровень небяспекі: снегапады ў суботу і ў ноч на нядзелю, марозы да -15°С

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены ў Магілёўскай вобласці і па ўсёй Усходняй Беларусі на суботу з-за снегападаў – паведамілі ў Белгідрамеце.

У суботу 19 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Раніцай і днём чакаеца снег, часам моцны. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна ўсходні, паўночна-ўсходні хуткасцю 4-9 м/с. Тэмпература паветра ўранні да -5°С, днём да  -2 -4°С.

У нядзелю 20 лістапада прагназуецца воблачнае з праясненнямі і паніжэннем тэмператур надвор’е. Уначы ў асобных раёнах вобласці пройдзе снег. Днём пераважна без ападкаў. У асобных мясцінах чакаецца слабы туман, намаразь, на дарогах – галалёдзіца. Вецер няўстойлівы, хуткасцю да  2-7 м/с. Слупок тэрмометра ўпадзе  ноччу да  -7 -12°С, пры праясненнях, месцамі і да -15°С. Максімальная дзённая тэмпература  -1 -6°С.

 

Дрэва ўпала на машыны ў Магілёве з-за непагадзі

Пашкоджаны два аўтамабілі Volkswagen, адзін з іх значна.

Моцны вецер абрынуў старую вярбу на тры аўтамашыны, прыпаркаваныя ў двары дома нумар 48 па вуліцы Астроўскага. 

Пра здарэнне паведамілі ў папулярным магілёўскім Тэлеграм -канале

Дрэва моцна пашкодзіла Volkswagen Polo, выбіўшы яму задняе шкло. Таксама яно нязначна закранула яшчэ адзін Volkswagen – Passat b3. На ім засталася толькі памятаць на правым пярэднім крыле. 

Ужо раніцай вярба была прыбраная камунальнікамі.

Надвор’е. У Магілёве цягам дня дождж і дужыя парывы ветру

Тэмпература паветра да +12°C.

Паводле Белгідрамету, у Магілёве цягам дня хмарна. Дождж, часам дужы (верагоднасць ападкаў больш за 90%). Вецер заходні, 7-12 м/с з парывамі да 17-22 м/с.

Белгідрамет папярэджвае «аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах! (аранжавы ўзровень небяспекі)».

19 верасня на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, у асобных раёнах па ўсходзе 21-24 м/с, па паўночным усходзе – моцныя дажджы.

У Мінску, прагназуюць сіноптыкі, узмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с.

Магілёў у чаканні навальніцы. Неба зацягнула хмарамі. Зважайце на сябе

На ўсходзе Беларусі сіноптыкі прагназуюць навальніцы. Абвешчаны аранжавы (!) узровень небяспекі. 

«Пры навальніцах месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, у асобных раёнах па паўднёвым усходзе – град», напісана  на сайце Белгідрамету.

У Магілёве, кажуць сіноптыкі, воблачна з праясненнямі.

«Кароткачасовы дождж, навальніца (верагоднасць ападкаў 80-90%). Тэмпература паветра +19, +21°C. Вецер паўночна-заходні, 4-9 м/с. Парывы да 14 м/с», – папярэджваюць спецыялісты па надвор’і.

Надвор’е 24 ліпеня. Навальніцы з дужымі парывамі ветру і залевай

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.

Паводле Белгідрамету на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы з грымотамі, залевай, градам, шквалістым узмацненнем ветру з парывамі да 15-20 мэтраў за секунду.

Сіноптыкі абяцаюць, што 24 ліпеня ў Магілёве надвор’е будзе з грымотамі і залевай. Тэмпература паветра ад 14-ці ўначы і да 28-мі ўдзень. Месцамі па вобласці слупок тэрмометру сягне – 30 градусаў.