Горацкі трактарыст папаўся на зліве 210 літраў саляркі

У Горках суд прысудзіў год «хатняй хіміі» трактарысту, які зліваў салярку з трактара для свайго аўтамабіля і продажу знаёмым.

Суд над трактарыстам адной з арганізацый горада чамусьці правялі выязны. Праўда, ехалі недалёка – ад будынка райсуда да мясцовага РАУС.

Як паведамляе Горацкі суд, з красавіка па 16 траўня 2025 года падсудны сістэматычна прысвойваў даверанае яму дызельнае паліва, працуючы на замацаванай за ім тэхніцы – трактары і траншэйным экскаватары. Метад быў просты: частку саляркі ён не даліваў у бак або непасрэдна зліваў, пасля чаго выкарыстоўваў для запраўкі ўласнага аўтамабіля або прадаваў знаёмым.

Агульны аб’ём скрадзенага паліва склаў 210 літраў. Акрамя таго, падсудны прысвоіў яшчэ 10 літраў маторнага алею, які раздаў «у кошт разліку» за дапамогу з агародаў і рамонт аўтамабіляў.

Фінансавы ўрон для арганізацыі склаў амаль 580 рублёў.

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну, раскаяўся і кампенсаваў шкоду. Гэта, відаць, і змякчыла прысуд. Суд прызначыў яму адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хатнюю хімію». Акрамя таго, мужчына павінен выплаціць штраф у памеры 70 базавых велічынь – 2 940 рублёў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

За хабар інспектару ДАІ затрыманы гаспадар трактара

У вёсцы Старая Вадва Шклоўскага раёна 42-гадовы мясцовы жыхар на чужым трактары ў выніку ДТЗ пашкодзіў аўтамабіль і ўцёк – паведамляе прэс служба абласнога УУС. Але хабар даў не ён.

Супрацоўнікі раённага ДАІ аператыўна ўстанавілі ўцекача. Высветлілася, што вадзіцельскага пасведчання ён не мае, а аварыю ўчыніў, кіруючы трактарам, на якім яму дазволіў праехаць 64-гадовы аднавясковец – уладальнік транспартнага сродку.

Уладальнік трактара паспрабаваў па-свойму вырашыць сітуацыю. Нягледзячы на папярэджанне супрацоўніка ДАІ, ён пакінуў у службовым аўтамабілі ў якасці хабару 300 долараў.

У дачыненні да хабарадаўцы ўзбуджана крымінальная справа.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

На Магілёўшчыне падпіты трактарыст «баднуў» каток і ўцёк

Асведчанне паказала, што алтракаголю ў ягоным арганізме – 2,4 прамілі (2,1 – гэта прыкладна паўлітра гарэлкі)

Гэта гісторыя адбылася ў Слаўгарадскім раёне. Як піша мясцовая раёнка «Прысожскі край» работнік аграпрамысловага комплексу на трактары сутыкнуўся з дарожным катком і збег з месца здарэння. Быўшы затрыманым міліцыя выявіла, што парушальнік у стане алкагольнага ап’янення.

Яго аштрафавалі на 5 800 рублёў (200 базавых велічынь) і пазбавілі права кіраваць транспартным сродкам на 5 гадоў.

На апублікаваных фотаздымках бачна, што аварыя была сур’ёзнай. У трактара адвалілася кола і ён уткнуўся ў зямлю.

фота: slavgorod.by