Пад Бабруйскам таксі пратараніла маршрутку, пацярпелі двое

“Раздаўся моцны ўдар, потым усё завалакло дымам, больш нічога не памятаю” – расказала выданню “Камерцыйны кур’ер” адна з пасажырак маршруткі.. Дзяўчына з Бабруйска, Аліна, сядзела на другім шэрагу, адразу за кіроўцай маршруткі. Салон мікрааўтобуса быў поўны пасажыраў, людзі вярталіся ў сталіцу пасля выходных.

У выніку ДТЗ дзяўчына атрымала моцны ўдар калена. У яшчэ адной пасажыркі, паводле папярэдніх звестак, траўма твару.

Як паведамляе прэс-служба абласнога УУС, 49-гадовы вадзіцель таксі на машыне Renault, рухаючыся з боку вёскі Сычкова, пры павароце налева ў напрамку вёскі Калініна не саступіў дарогу аўтамабілю Mercedes, маршрутнаму таксі.

На месца здарэння аператыўна прыбыў падменны мікрааўтобус. Тых з пасажыраў, хто змог працягваць шлях, забралі ў сталіцу. Астатніх вярнулі ў Бабруйск па дамах родныя і знаёмыя.

Наступствы ДТЗ маглі быць больш сур’ёзнымі. У багажніку “Рэно” быў размешчаны балон прыроднага газу.

Фота: komkur.by, УУС