Беларускім майстрам настольнага тэнісу забаранілі ўдзельнічаць у еўрапейскіх камандных спаборніцтвах

Еўрапейскі саюз настольнага тэніса пастанавіў не запрашаць да ўдзелу ў еўрапейскіх клубных спаборніцтвах беларускіх спартоўцаў. Забарона тычыцца сезону 2022-2023 гадоў. Тое тычыцца і расійскіх тэнісістаў.

Рашэнне аргументавана неабходнасцю гарантаваць бяспеку ўдзельнікам і захаваць цэласнасць еўрапейскіх клубных спаборніцтваў, гаворыцца на сайце Саюзу.

У публікацыі адзначаецца, што паводле праведзенага апытання, большасць еўрапейскіх клубаў не хоча спаборнічаць у Беларусі і Расіі. А вялікая колькасць не жадае ўдзельнічаць у спаборніцтвах наступнага сезону разам з спартоўцамі гэтых краін.

фота з адкрытых крыніц

Вяртанне Беларусі на этапы кубка свету па біятлоне: «40 на 60»

Так ацэньвае шанцы ўдзелу нацыянальнай зборнай на сусветных спаборніцтвах біятланіст, прызёр алімпійскіх гульняў Антон Смольскі.

Ён кажа, што для спартоўца важна спаборнічаць і, калі не ўдасца трапіць на Кубкі свету, то застанецца Расія, паведамляе газета «СБ. Беларусь сегодня».

«Будзем рады спаборнічаць і на чэмпіянатах Расіі, – разважае біятланіст. – У працэнтных суадносінах, я думаю, верагоднасць 40 на 60, што нас дапусцяць да этапаў Кубка свету».

Старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі Алег Рыжанкоў лічыць, што шанцаў аказацца на рэйтынгавых сусветных спаборніцтвах мала і гэтае пытанне вырашыцца, на ягоны погляд, бліжэй да восені.

Міжнародны саюз біятланістаў адхіліў расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі ў сувязі з вайной ва Украіне, а таксама па рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту.

фота: sport-koda.org