Дзень у гісторыі. 9 лістапада. Скончылася васьмівекавое кіраванне сёгунаў. Падораны самы вялікі ў свеце алмаз “Кулінан”. Дэмантаж Берлінскай сцяны. Дзень памяці паэта Гіёма Апалінэра

Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысемітызмам.

Устаноўлены ў памяць Крыштальнай ночы з 9 на 10 лістапада 1938 года, калі ў выніку пагромаў у Германіі было спалена 267 сінагог, 815 габрэйскіх крам, 30 000 яўрэяў былі заключаны ў канцлагеры.  

wikimedia.org

1512 год. Францыск Скарына ў Падуі абараніў ступень доктара медыцынскіх навук.

Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, вучоны-медык. 

Перакладчык і выдавец кніг Бібліі беларускім ізводам царкоўнаславянскай мовы.

Найвыдатнейшы гістарычны дзеяч Беларусі. 

Яго імем названы вышэйшыя ўзнагароды краіны – медаль і ордэн, Гомельскі ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка. 

У розных краінах Францыску Скарыне пастаўлены помнікі, прысвечаны скульптурныя і жывапісныя творы.

wikimedia.org

1789 год. Нарадзіўся Марцін Антоні Паўловіч. 

Беларускі геолаг, асветнік. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, вывучаў геалогію ў Парыжы і Фрыбургу. 

Працаваў у Віленскай, Віцебскай гімназіях, Варшаўскім ліцэі, прафесарам і загадчыкам мінералагічнага кабінета Аляксандраўскага ўніверсітэта ў Варшаве. Склаў 12 калекцый мінералаў для ваяводскіх гімназій. 

Аўтар «Трактата аб уласцівасцях і зачатках базальтаў», артыкулаў у перыядычным друку. Выдаваў «Веснік фізічных, матэматычных і статыстычных ведаў».

1856 год. Нарадзіўся Уладзімір Стукаліч. 

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, юрыст. Заходнерусіст. Народнік.

Аўтар кніг «Беларусь і Літва», пра творчасць М. Нікіфароўскага і А. Сапунова. 

Даследаваў аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе». Член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выступаў за адкрыццё ў Віцебску ўніверсітэта. 

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў кансерватыўна-клерыкальнай грамадскай арганізацыі Беларускі народны саюз. 

Расстраляны чэксітамі ў Віцебску 18 кастрычніка 1918 года.

evitebsk.com

1867 год. У Японіі скончылася васьмівекавое кіраванне сёгунаў. 

Такугава Есінобу, 15-ы і апошні сёгун, сышоў у адстаўку, перадаўшы ўладу імператару.

За гэта яму было абяцана даць важную пасаду ў новым урадзе, але зроблена гэта не было. 

Да траўня 1868 гады ён спрабаваў змагацца за ўладу, але сілы былі няроўныя. 

Урадавыя войскі занялі Эдоскі замак, і Есінобу быў вымушаны капітуляваць.

Пасля гэтага стаў займацца паэзіяй, блукаў па наваколлях з фотаапаратам, і гэтыя фотаработы захаваліся ў розных музеях Японіі.

У 1898 годзе яму імператарам нададзены тытул князя, у  1902 годзе стаў членам палаты пэраў парламента. 

Есінобу перажыў усіх сваіх палітычных супернікаў і памёр 22 лістапада 1913 года на 76-годзе.

tunnel.ru

1907 год. Паўднёваафрыканская калонія Трансвааль падарыла на дзень нараджэння брытанскаму каралю Эдуарду VII дыямент “Кулінан”.

Кулінан – самы вялікі дыямент у свеце (вага 3 106,75 каратаў або 621,35 грама), памеры 100х65х50 мм. Быў знойдзены выпадкова 25 студзеня 1905 гады і з’яўляўся аскепкам вельмі буйнага крышталя. 

Названы ў гонар уладальніка рудніка Томаса Кулінана.

Кароль даручыў агранку дыямента галандскай фірме “IJ Asscher diamond company”. 

З яго вырабілі 9 буйных і 96 дробных найчыстай вады блакітна-белага колеру брыльянтаў, адну частку ў 69,5 карат пакінулі неапрацаванай.

1918 год. У Парыжы памёр Гіём Апалінэр (Кастравіцкі). 

Паэт, пісьменнік, крытык, графік. Аўтар тэрміну сюррэалізм.

Паходзіць з беларускага шляхецкага роду герба Вонж. Радавы маёнтак Кастравіцкіх пад Навагарудкам быў канфіскаваны за іх удзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. 

Удзельнік мастацкай суполкі “Манпарнас”, у якую ўваходзілі і яго сябры Пабла Пікаса, Андрэ Брэтон, Жан Както, Марк Шагал, Анры Русо і іншыя.

Пісаў вершы, нарысы пра сучасны жывапіс, рэдагаваў часопіс “Суарэ дэ Пары”, аўтар кніг і зборнікаў паэзіі. Большасць твораў апублікована пасмяротна. На беларускую мову творы Апалінера перакладала Э. Агняцвет.

Быў звязаны з фавістамі, кубістамі, праторваў сцежку сюррэалізму, адзін з майстроў мастацкай культуры авангардызму і адзін з роданачальнікаў экспрэсіўнай тыпаграфікі ХХ стагоддзя.

У верасні 1911 года паліцыя спрабавала яго абвінаваціць ва ўдзеле ў крадзяжы “Моны Лізы” з Луўру.

З пачаткам Імперыялістычнай вайны пайшоў добраахвотнікам у артылерыю, быў паранены ў скронь кавалкам снараду, памёр 9 лістапада 1918 года.

На фота – магіла Апалінера, Пер-Лашэз, wikimedia.org

1938 год. “Крыштальная ноч”, або “Ноч пабітых вітрын”. 

У ноч з 9 на 10 лістапада, пры падтрымцы нацысцкіх уладаў, у дзясятках гарадоў на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі былі арганізаваны яўрэйскія пагромы. Яны сталі першай масавай акцыяй фізічнага гвалту Трэцяга рэйха ў адносінах да яўрэяў. Нацысты забілі больш за 90 чалавек, 30 тысяч яўрэяў былі схоплены і адпраўлены ў канцлагеры.

У Берліне пагромшчыкі ў цывільным адзенні спалілі 9 з 12 сінагог, пры гэтым пажарныя, як адзначаецца, не прымалі ўдзелу ў тушэнні пажараў. Сотні сінагог на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі былі спалены дашчэнту, а тысячы вітрын крам, якія ўтрымліваліся яўрэямі, разбіты.

“Крыштальная ноч” стала першым буйным пагромам супраць яўрэяў, які правялі нацысты. Паводле ацэнак гісторыкаў, практычна поўная адсутнасць рэакцыі на пагром як унутры самой Германіі, так і ў іншых краінах Еўропы развязала фашыстам рукі і паслужыла стымулам да пачатку масавага знішчэння еўрапейскіх яўрэяў.

tunnel.ru

1953 год. Прапановы наконт Сталінскай ССР, Саюза Савецкіх Сталінскіх Рэспублік

Праз 8 месяцаў пасля смерці Іосіфа Сталіна з Агульнага аддзела ЦК КПСС на імя сакратара ЦК Мікіты Хрушчова паступіла чарговая зводка прапаноў савецкіх грамадзян па ўвекавечанні імя памерлага правадыра. 

Найбольш характэрнымі ў ёй былі прапановы перайменаваць Грузінскую ССР у Сталінскую ССР, СССР – у Саюз Савецкіх Сталінскіх Рэспублік, а горад Маскву – у горад Сталін.

kavkaz-uzel.eu

1962 год. Нарадзіўся Аляксей Мельнікаў. 

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук. Навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі.

Даследчык старажытна-славянскай літаратуры, пісьмовай спадчыны. Вывучаў беларускую агіяграфію, у тым ліку жыціі Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, сваёй працай значна паспрыяў першаму поўнаму выданню твораў Тураўскага.

Аўтар кніг «Путь непечален: исторические свидетельства о святости Белой Руси» (1992), «Кірыл, епіскап Тураўскі: жыццё, спадчына, светапогляд» (1997), «Преподобная Евфросиния Полоцкая» (1997). Укладальнік «Кнігі жыцій і хаджэнняў» (1994).

Пераклаў на беларускую мову ўсе вядомыя помнікі беларускай агіяграфіі Сярэднявечча, малітвы Кірылы Тураўскага і шэраг іншых яго твораў. Часткова пераклаў на беларускую мову Псалтыр і Новы Запавет.

Памёр  13 жніўня 1995 года.

1977 год. Нарадзіўся Дзмітрый Дашчынскі. 

Беларускі фрыстайліст. Двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў (1998, бронза, 2006, серабро). Заслужаны майстар спорта. 

Удзельнік чатырох  зімовых алімпіяд, уладальнік бронзавага медаля чэмпіяната свету сярод юніёраў (1994), сярэбранага медаля чэмпіяната свету (2001). Заняў 1-е месца на этапе Кубка свету па фрыстайлу ў Нарвегіі ў 2012 годзе. Лепшы спартсмен Беларусі 2006 года. 

1989 год. Пачаўся дэмантаж Берлінскай сцяны – самага вядомага сімвала “халоднай вайны”.

Збудаванне Берлінскай сцяны было пачата 13 жніўня 1961 года. Спачатку былі простыя драцяныя загароды, якія затым ператварыліся ў бетонную сцяну вышынёй да 5 метраў з працягнутым паверсе калючым дротам і з вартаўнічымі вышкамі. 

Даўжыня сцяны, якая падзяляла горад, была 45 км і яшчэ 120 км вакол Заходняга Берліна.

Сцяна павінна была скараціць колькасць перабежчыкаў з ГДР у Заходні Берлін, колькасць якіх расла з года ў год. 

Да пачатку ўзвядзення сцяны з ГДР на захад збеглі два мільёны чалавек. 

9 лістапада 1989 года, пасля падзення камуністычнага рэжыму ў ГДР, неадкладна пачалося разбурэнне сцяны радаснымі берлінцамі. Памежнікі, якія не атрымалі загадаў, спрабавалі спачатку адціснуць натоўп, выкарыстоўвалі вадамёты, але затым, саступаючы масаваму напору, вымушаны былі адкрыць мяжу. 

tunnel.ru

fishki.net

2014 год. Памёр Анатоль Маразевіч.  

Беларускі вучоны. Доктар тэхнічных навук, прафесар, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2007-2014). 

Заслужаны работнік адукацыі.

З’яўляўся старшынёй Савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Акадэміі кіравання, аўтарам (сааўтарам) больш 200 навуковых прац, у тым ліку 9 навучальных дапаможнікаў.

wikimedia.org