“Пацерпяць жыхары бліжэйшых населеных пунктаў” – прайшло абмеркаванне новага завода па Слаўгарадскай шашы

У Магілёўскім гарвыканкаме прайшло грамадскае абмеркаванне экалагічнага ўздзеяння новай вытворчасці пад Магілёвам. Тут запланаванае будаўніцтва прадпрыемства па вырабе базальтавага ўцяпляльніка. 

Па Слаўгарадскай шашы ў Магілёўскім раёне, каля вёскі Палетнікі і пасёлка Вейна запланаваная рэканструкцыя закансерваваных памяшканняў, якія раней планаваліся пад вытворчасць электрарухавікоў для ліфтаў. Мяркуецца, што прадпрыемства “Газасілікат Магілёў” будзе ствараць тут новую імпартазамяшчальную вытворчасць – завод “Базальтум” на кітайскім абсталяванні. Завод будзе выпускаць базальтавы ўцяпляльнік.

Грамадскія слуханні новага аб’екта сабралі вялікую колькасць заўваг спецыялістаў што наконт уздзеяння новай вытворчасці на навакольнае асяроддзе. Так, удзельнік абмеркаванняў Валерыя Яфрэмава выказала наступныя заўвагі:

  • Чаму неабходна вырубаць велізарную колькасць дрэў пад новую вытворчасць? Няўжо няма іншага, незанятага ўчастка?;
  • У Беларусі ўжо быў сумны вопыт па эксплуатацыі кітайскага абсталявання. Калі ў гэтым выпадку таксама будуць парушаныя нарматывы тэхналагічных працэсаў, то пацерпяць жыхары бліжэйшых населеных пунктаў;
  • Падчас падрыхтоўкі дакументацыі пра экалагічнае ўздзеянне ініцыятар будоўлі ў вялікай колькасці выпадкаў выкарыстоўваў няпоўныя, недастатковыя альбо недакладныя дадзеныя.

Адзначым таксама, што новая вытворчасць запланаваная ў непасрэднай блізкасці ад населеных пунктаў і жылой забудовы – у 60 метрах ад вёскі Палетнікі – у водаахоўнай зоне воднага аб’екта.

Па выніках пасяджэння, матэрыялы грамадскага абмеркавання было вырашана накіраваць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве збіраюцца пабудаваць яшчэ аднаго хімічнага гіганта – цяпер па вырабе смол

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў грамадскія слуханні па праекце будаўніцтва на пляцоўцы Свабоднай эканамічнай зоны новага хімічнага гіганта – завода па вырабе поліамідполіаміна-эпіхлоргідрынавых смол. Абмеркаванне стартавала 14 жніўня і будзе працягвацца да 19 верасня 2024 года.

Як вынікае з праектнай дакументацыі, ініцыятарам будаўніцтва выступае Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ультрахем”, зарэгістраванае ў Вяйнянскім сельсавеце. Плануецца, што завод будзе выпускаць па 20 тысяч тон поліамідполіаміна-эпіхлоргідрынавых смол у год.

Пры вытворчасці гэтых смол прадпрыемства будзе выкарыстоўваць наступную сыравіну:

  • адыпінавая кіслата;
  • дыэтылентрыямін;
  • эпіхлоргідрын;
  • саляная кіслата.

Усе гэтыя хімічныя рэчывы з’яўляюцца небяспечнымі – падкрэсліваюць спецыялісты навукова-вытворчай фірмы “Экалогія”, што падрыхтавала справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Праектным рашэннем прадугледжана арганізацыя 5 стацыянарных крыніц выкідаў адыходаў у атмасферу – 4 арганізаваных і 1 неарганізаванага. Валавыя выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра складуць 0,092844 т/год. Але – гэта ў выпадку, калі ўсе праектныя рашэнні будуць строга вытрыманыя.

Такім чынам, Магілёў, які і так уваходзіць у дзясятку самы забруджаных гарадоў Беларусі, будзе і надалей толькі ўмацоўваць сваё лідарства.

Фота: mogilev.media

Магілёўскім прадпрыемствам прапанавалі выпусціць крыптавалютныя токены

29 лютага для прадпрыемстваў, зарэгістраваных у Свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” была праведзеная відэаканферэнцыя, на якой рэзідэнтаў СЭЗ пазнаёмілі з магчымасцямі інвестыцыйнай кампаніі Finstore па выпуску і гандлі крыптавалютнымі актывамі. 

Continue reading “Магілёўскім прадпрыемствам прапанавалі выпусціць крыптавалютныя токены”

Тыповы магілёўскі пейзаж выхаднога дня, ад якога хочацца плакаць – фота

Чытачы mogilev.media падзяліліся сваімі сумнымі назіраннямі. Прадпрыемствы, размешчаныя на ўчастку Свабоднай эканамічнай зоны на паўднёвым усходзе Магілёва па выхадных днях вось так радуюць жыхароў навакольных паселішчаў.

У паветры стаіць моцны непрыемны пах. Падобныя выкіды рэдка назіраюцца ў працоўныя дні – заўважылі чытачы.

Дым падымаецца ледзь не з усіх труб Омск-карбона, з труб “Кранаспана” і “ВМГ індастры”.

Фота ад чытачоў mogilev.media

“Ольса” перанесла апошнюю вытворчасць з цэнтра Магілёва

Перанос прадпрыемства зроблены для будаўніцтва на яго месцы новага корпуса бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, што знаходзіцца побач.

У студзені 2023 года ААТ “Ольса” ажыццявіла перанос вытворчасці садовых арэляў з пляцоўкі па вуліцы Карла Маркса, 23 на асноўную вытворчую пляцоўку на ўскрайку горада, на вуліцу Грышына, 96 – паведамляе mogilev-region.  

Перанос вытворчасці захавае 221 рабочае месца. Цяпер усе вытворчыя і адміністрацыйныя будынкі ААТ “Ольса”, рэзідэнта СЭЗ “Магілёў”, размяшчаюцца на адной пляцоўцы па вуліцы Грышына, на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны.

ААТ “Ольса” – прадпрыемства даваеннай пары, створана ў 1932 годзе і вядомае ў магілёўцаў старэйшага пакалення як “ложкавы завод”. Раней выпускала металічныя хатнія ложкі, цяпер вырабляе кемпінгавую мэблю, мэблю ў наборах, арэлі, шэзлонгі, мэблю медыцынскага прызначэння, вулічныя трэнажоры, бытавыя дрэваапрацоўчыя станкі. Назва – ў гонар ракі, якая цячэ з Бярэзінскага раёна па тэрыторыі Клічаўскага і Кіраўскага.

Фота з адкрытых крыніц